Вы тут

З чым сутыкаецца арандатар на рыбаводным промысле


Гродзенец Сяргей Чарняк кожны год бярэ ў арэнду па возеры. Зараз іх ужо тры. Але паўсюдна навесці парадак не ўдаецца. Мясцовыя жыхары не задаволеныя платнай рыбалкай і часта парушаюць правілы.


Сяргей Чарняк сваім бізнесам задаволены.

Пачысцілі і прыбралі

Новы кірунак сваёй дзейнасці бізнесмен Сяргей Чарняк пачаў з даволі значнага па плошчы вадаёма каля вёскі Плавы, што ў Гродзенскім раёне. Аб'ект дастаўся не самы лепшы — вадаём быў задзейнічаны ў сістэме адтока са свінаводчага комплексу мясцовага СВК. У возеры збіралася вада, а ў сажалцы, якая знаходзілася побач, яна змешвалася з арганікай і паступала на палі...

Перш-наперш новы ўладальнік адрамантаваў вароты дамбы, каб не было аварыйных выкідаў. Потым спусціў вадаём і пачысціў. Тое ж адбылося з прыбярэжнай зонай, адкуль вывезлі каля дваццаці МАЗаў смецця. Зараз па ўсёй берагавой лініі ўстаноўлена каля сотні пафарбаваных у зялёны колер металічных ёмістасцяў для адходаў. Яны вывозяцца кожны тыдзень.

Для тых, хто толькі пачынае гэту справу, Сяргей раіць набыць неабходныя інструменты для навядзення парадку — пілу, касілку, грузавік. І ў першую чаргу добраўпарадкаваць тэрыторыю. Па магчымасці правесці электрычнасць.

Для таго, каб атрымаць аддачу, неабходна ўкласці каля 10 тыс. долараў. Палова гэтых сродкаў патрэбна, каб зарыбіць вадаём. Частка — на зону адпачынку.

Пакуль альтанка, потым — летні домік

Роўна год спатрэбіўся бізнесмену, каб навесці парадак. Зараз тут тры зоны для адпачынку, агароджаныя драўляным плотам. Ён зроблены з доўгіх дошак, але такім чынам, што на гэта не спатрэбілася ніводнага цвіка. У кожнай зоне стаіць альтанка, адведзена месца для вогнішча. Для мангалаў нарыхтаваны дровы.

Сяргей Чарняк кажа, што ў выхадныя тут бывае больш за сто чалавек. Пры гэтым кошт за адну зону адпачынку з альтанкай у суткі складае 15 рублёў, у выхадныя — 25. З кожным годам расце папулярнасць выездаў на прыроду, таму бізнесмен на другі год плануе паставіць чатыры каркасныя летнія домікі на палях, кожны на дзве сям'і. У стадыі распрацоўкі праект па будаўніцтве аграсядзібы, пад яе ў аграгарадку выдзелены ўчастак.

— Некаторыя ўстанаўліваюць завоблачную цану на такія паслугі, а гэта немэтазгодна, — лічыць Сяргей Чарняк, — лепш нарошчваць прыбытак за кошт аб'ёму. Вядома, трэба і ўкласці напачатку. Напрыклад, зона адпачынку мне абышлася ў тры тысячы долараў, але ўсё гэта акупляецца, бо сюды прыязджаюць ажно да глыбокай восені.

«Сумленная» рыбалка

Сяргей Чарняк сам заядлы рыбак, таму і правілы на сваім вадаёме ўстанавіў дэмакратычныя. Уваходны білет каштуе 3 рублі. Кошт рыбы вызначаецца па факце. Напрыклад, карась — 2 рублі за кілаграм, карп — 3,5 рубля. Гэта значна танней, чым у рознічным гандлі, кажа арандатар. Сродкі ідуць на тое, каб падтрымліваць належны стан прыбярэжнай зоны, вывозіць смецце.

Некаторыя арандатары бяруць па 15—16 рублёў за месца, куды ўваходзіць і кошт рыбы. Але ж ёсць нямала аматараў, якія прыязджаюць парыбачыць дзеля спартыўнага інтарэсу.

Увесь улоў яны адпускаюць (бывае, што вага рыбы даходзіць да 20 кг). Такім рыбакам, безумоўна, важна, каб кошт білета не залежаў ад улову.

Каб рыбакам было зручна лавіць, Сяргей Чарняк мяркуе пабудаваць некалькі пірсаў. Але і зараз падыход да вады добра вызначаны. Бераг пастаянна абкошваецца. Праз 40—50 м стаяць сметнікі. Для бізнесмена важна, каб яго возера не толькі карысталася папулярнасцю ў рыбакоў, але і было найлепшым у аколіцы па санітарным стане і добраўпарадкаванні.

У Абухаўскім сельскім Савеце, на тэрыторыі якога знаходзіцца вадаём, прыватным уладальнікам задаволены. Тут лічаць, што аб'ект набыў добрага гаспадара. Умовы рыбалкі таксама не выклікаюць нараканняў. Прыклад таму — чэмпіянаты па рыбнай лоўлі, у тым ліку абласныя, якія арганізуе рыбалоўны клуб. А такія мерапрыемствы праходзяць толькі на самых лепшых вадаёмах.

У Гро­дзен­скай воб­лас­ці 270 ры­ба­вод­ных ва­да­ёмаў ся­рэд­няй пло­шчай 11 га. З іх 160 — у арэн­дзе.

А жыхары — супраць

Нядаўна бізнесмен узяў у арэнду невялічкі вадаём каля вёскі Яскевічы, таксама ў Гродзенскім раёне, каб арганізаваць тут платную рыбалку. Як і ў першым выпадку, пачысціў ад смецця, адрамантаваў гідратэхнічнае збудаванне.

Возера знаходзіцца за кіламетраў 20 ад Гродна, як і першы арандаваны вадаём, але ў іншым баку. Кожны ранак і вечар Сяргей аб'язджае іх, каб сачыць за парадкам. Яго асабліва непакоіць, што на новым возеры вельмі часта здараюцца выпадкі браканьерства, хоць устаноўлены таблічкі з папярэджаннем, а дарога да вадаёма перакрыта шлагбаумам.

— Пакуль рыбалка тут забаронена, — тлумачыць Сяргей. — Мы нядаўна запусцілі сюды малькоў карпа. Я прасіў мясцовых жыхароў, каб яны пачакалі, пакуль рыба падрасце, і тады тут можна будзе на платнай аснове рыбачыць. Але яны не слухаюць. Складзена шмат адміністрацыйных пратаколаў, але амаль кожны дзень знаходзяцца парушальнікі. Участковы таксама ўсіх не можа ўпільнаваць.

Паколькі паразумення знайсці не ўдалося, гаспадар збіраецца пайсці на крайнія меры: восенню вадаём спусцяць, а рыбу перавязуць у іншае возера альбо рэалізуюць.

У далейшым тут плануецца вырошчваць белага амура і таўсталобіка, якія не клююць на вуду. А за лоўлю сеткай ці іншымі прыладамі прадугледжана не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць, заўважае Сяргей Чарняк. Ён збіраецца сачыць за гэтым асабліва пільна.

Дарэчы, апошнім часам здараецца нямала выпадкаў, калі арандатары адмаўляюцца ад арэнды вадаёма менавіта з-за агрэсіўных паводзін мясцовых жыхароў, паведамілі ў абласным камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні. У год колькасць такіх выпадкаў дасягае дзясятка.

Выгадная справа

Некаторыя арандатары не ведаюць, як правільна арганізаваць работу, таму і церпяць страты. Адмаўляцца ад свайго кірунку Сяргей не збіраецца. Па-першае, многа ўкладзена, а па-другое, справа гэта пры правільным падыходзе прыбытковая. Сёлета Сяргей плануе заняцца больш шырока рэалізацыяй рыбы. У Гродзенскім райвыканкаме бізнесмена падтрымалі і выдзелілі яму некалькі месцаў для продажу ў аграгарадках і горадзе Скідзелі. Для гэтых мэт закуплены ізатэрмічныя ёмістасці на 1 тону рыбы, кіслародныя балоны. Выязны гандаль пачнецца бліжэй да восені.

Зараз Сяргей арандуе тры вадаёмы ў Гродзенскім раёне агульнай плошчай 25 га. Ён не супраць павялічыць сваю водную гаспадарку.

— У мяне і брата падрастаюць дзеці, будзе і для іх справа, — разважае Сяргей.

Сам ён родам з вёскі і ўсяго дабіўся менавіта працай. Зараз у яго ёсць яшчэ і фруктовы бізнес, таксама ён займаецца перавозкамі. Падключыцца ж да «воднай» тэмы прапанавалі мясцовыя ўлады. Агульны працэнт прыватных вадаёмаў невялікі, а парадак наводзіць трэба.

— Я максімаліст, — робіць вывад бізнесмен, — калі пачынаю справу, абавязкова павінен бачыць вынік. Раблю для гэтага ўсё магчымае і разам з гэтым адчуваю падтрымку ад райвыканкама і яго старшыні Яна Васілеўскага. Тут шукаюць гаспадароў, здольных добраўпарадкаваць вадаёмы. А такіх азёраў і сажалак яшчэ даволі многа...


Ігар Сарокін, намеснік старшыні камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага аблвыканкама:

— Зараз мы павінны правесці інвентарызацыю вадаёмаў — іх у нас больш за 100, распрацаваць комплексную схему водных угоддзяў, каб перадаць іх арандатарам. Трэба па максімуме прыцягваць сюды прыватны бізнес.

У значнай ступені гэты працэс стрымлівае негатыўнае стаўленне мясцовых жыхароў, якія вымушаны рыбачыць «па-новаму», за грошы. Гэта падабаецца далёка не ўсім. Але трэба разумець, што сапраўдны гаспадар зробіць усё магчымае, каб рыбы ў возеры ці вадаёме стала больш. І ўвогуле будзе наведзены парадак. Пакуль не вельмі запатрабаваныя вадаёмы, якія знаходзяцца ўдалечыні ад горада. Тыя, што паблізу, у асноўным маюць арандатараў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by



Рыбачыць цяпер можна бясплатна

У Віцебскай і Гомельскай абласцях з арэнды выключаны 38 кіламетраў рэк. З 17 жніўня ў фонд запасу рыбалоўных угоддзяў пяройдзе ўчастак Дняпра.

Рыбалоўнымі ўгоддзямі фонду запасу сталі ўчасткі некаторых вадацёкаў, якія раней знаходзіліся ў падпарадкаванні арандатараў. Цяпер грамадзяне могуць рыбачыць там бясплатна, паведамілі ў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

У Браслаўскім раёне з арэнды выключаны 10 кіламетраў ракі Заходняя Дзвіна (у межах раёна), у Пастаўскім раёне — 5 кіламетраў ракі Страча (ад вытоку з возера Малыя Швакшты да моста каля вёскі Дуброўшчына), у Лоеўскім раёне — участак Дняпра працягласцю 10 кіламетраў (ад вёскі Каменка, лесасклада — уніз па цячэнні да вёскі Шчытцы).

З 17 жніўня ў фонд запасу рыбалоўных угоддзяў пяройдзе 13-кіламетровы ўчастак Дняпра ў Рэчыцкім раёне (ад газаправода, размешчанага за 500 метраў уверх па цячэнні ад населенага пункта Унорыца і ўніз па цячэнні да чыгуначнага моста).

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №247 ад 11.07.2017 вадацёкі ў арэнду выдавацца больш не будуць. З дзеючых дагавораў арэнды рэк арганізацыя платнага аматарскага рыбалоўства будзе выключана.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Увага: прыватны вадаём!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.