Вы тут

Звяздоўскі «дэсант» прызямліўся... на Зыслаў


У дні святкавання стагадовага юбілею калектыў «Звязды» наведаў мясціны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны выдавалася наша газета.

Гэта сёння на партызанскім востраве, што на Любаншчыне, парушаюць цішыню спевы птушак і стракаценне конікаў, зрэдку — гул аўтамабільных матораў і гоман людзей. У гады вайны тут былі іншыя гукі...


Гэтае прыгожае месца, з усіх бакоў акружанае балотам, дало прытулак многім партызанам. Тут размяшчаліся мінскія падпольныя абкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, Любанскі падпольны РК КП(б)Б, дзейнічаў партызанскі аэрадром, разам за «Звяздой» выдаваліся маладзёжная газета «Чырвоная змена» і любанская раёнка «Кліч Радзімы». Не выпадкова Зыслаў называлі другой Масквой.

Але перш чым трапіць на легендарны востраў, супрацоўнікі рэдакцыі наведалі Любанскі музей народнай славы. Тут нас сустракалі з хлебам і соллю, з песнямі. Вядома ж, не абышлося і без экскурсіі — край партызанскай і працоўнай славы, зямля Герояў і хлебаробаў, радзіма Шпілеўскага і Сыракомлі, эпіцэнтр народнага таленту і духоўнага багацця — Любаншчына беражліва захоўвае сваю гісторыю.

— З дзяцінства мы прасякнуты любанскім гераізмам, энтузіязмам, адносінамі да роднай зямлі, людзі з Палесся ведаюць цану хлеба, — гаворыць старшыня Любанскага раённага Савета дэпутатаў Віктар СТАТКЕВІЧ. — Мы і сёння вырошчваем хлеб на нашай зямлі, адваяванай у лясоў і балот.

Тое, што на Любаншчыну завітаюць звяздоўцы, наша шматгадовая чытачка Марыя Свірыдовіч даведалася з газеты. Каб сустрэцца з любімымі журналістамі, паспяшалася раніцай да музея.

— Усё жыццё выпісваю «Звязду», — прызналася Марыя Арцёмаўна. — Некалькі выданняў выпісвала, але «Звязда» — самая лепшая. Нават прыяцельку сагітавала пасябраваць з газетай. Там на ўсе пытанні ёсць адказы, журналісты пішуць на розныя тэмы. Яшчэ мой бацька «Звязду» выпісваў! Памятаю, як аднойчы адшукалі ў яго нумары газеты за 1940-я гады, якія сёння захоўваюцца ў нашым музеі.

Як падкрэсліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль КАТКАВЕЦ, са «Звяздой» Любаншчыну звязвае даўняе сяброўства. «І не толькі таму, што ў гады вайны тут размяшчалася падпольная рэдакцыя, — кажа ён. — На працягу свайго існавання «Звязда» асвятляла падзеі, якія адбываліся ў раёне, пісала пра людзей, якія праславілі свой край. І сёння газета — наш галоўны інфармацыйны партнёр».

Урэчча, Калінаўка, Сосны, Нежын, Камуна... — здаецца, няма такой вёскі на Любаншчыне, пра якую не ведае мясцовы краязнавец і гісторык Анатоль ВЯЛІЧКА. Пакуль ехалі ў вёску Дварэц, дзе выдавалася партызанская «Звязда», ён расказаў пра асаблівасці кожнага населенага пункта, які праязджалі; людзей, што праславілі сваю малую радзіму. Не забыўся, вядома, і пра тое, калі сюды прыехаў Янка Купала — менавіта гэтыя краявіды и праца людзей натхнілі песняра на яго знакамітую «Над ракой Арэсай». Дарэчы, упершыню паэма была надрукавана ў «Звяздзе».

У Дварцы, дзе ў студзені 1943 года быў адноўлены выпуск падпольнай «Звязды», нас чакалі мясцовыя жыхары. Павітацца з супрацоўнікамі «Звязды» выйшла і гаспадыня хаты, дзе вісіць шыльда, якая сведчыць аб подзвігу нашых папярэднікаў, Лідзія Бубіч. Прыйшоў на сустрэчу — дакладней, пад'ехаў — і сын былой гаспадыні, Марфы Мігун, якая дала свае пакоі для падпольнай тыпаграфіі. За гэта ўжо пасля вайны ў знак удзячнасці дзяржава пабудавала ёй новую хату. На гэтых сценах акурат перад Днём друку ў 1975 годзе і з'явілася мемарыяльная шыльда, якая сведчыць, што тут выдавалася партызанская «Звязда».

У Дварцы згадалі і тых, хто выдаваў падпольную «Звязду». Анатоль Вялічка расказаў пра той перыяд у вершах:

У Любанскім краі — вёска Дварэц.

У ляску, дзе Арэса-рака.

У гады ліхалецця прытулкам

Стала ты для газеты «Звязда».

Тут Барашкаў —

нястомны рэдактар,

Рэдагуе і правіць лісты.

Каб у тэрмін народу данесці

Весткі з фронту радзімай Масквы.

Так з Дварца, з хаты Марфы Мігун,

Слова праўды надзейна «страляла».

«Біце злыдняў-фашыстаў штодня», —

У краі родным «Звязда» заклікала.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Любанскі раён.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.