Вы тут

Як «Звязда» пісала гісторыю (1998—2007)


Вялікія страты і здабыткі нацыянальнай культуры, трагедыя на Нямізе і рэха «Норд-Осту», маштабныя будоўлі і гучныя перамогі беларусаў на міжнароднай арэне, дэнамінацыя «зайчыкаў» і чаканне агульнай з Расіяй валюты, залатыя дзянькі для астролагаў і падвядзенне вынікаў другога тысячагоддзя, прыход у Беларусь першых мабільных аператараў і знакавыя перайменаванні сталічных вуліц, поўнакаляровы друк і спробы выйсці за межы газетных аркушаў на шырокі прастор сеціва — перад'юбілейнае для «Звязды» дзесяцігоддзе выдалася стракатым і насычаным падзеямі самага рознага кшталту.


Жы­выя пры­зы «звяз­доў­скай» пад­піс­ной ла­та­рэі і іх но­выя гас­па­да­ры.

Каму жывых парасят?

Улічваючы вынікі праведзенага раней маштабнага анкетавання чытачоў, газета працягвала эксперыментаваць з фарматам А2/А3 і яшчэ больш разнастаіла ўласны змест. Так, у 1998-м пачала выходзіць новая рубрыка «Абарані сябе сам» — асновы бяспекі жыццядзейнасці ў сучасным свеце, якім праз некалькі гадоў мы пачнём вучыць не толькі дарослых, але і дзяцей у школах і садках. Рэдакцыя рэгулярна ладзіць выязныя прыёмныя і разам з прадстаўнікамі Федэрацыі прафсаюзаў, чыноўнікамі Міністэрства сацыяльнай абароны і Міністэрства аховы здароўя ездзіць па раённых цэнтрах ды вёсках, выслухоўваючы скаргі людзей і адсочваючы, што па іх зроблена.

У 1998-м «Звязда», адзіная сярод рэспубліканскіх газет, прасачыла з пачатку да канца гісторыю беларускіх верталётчыкаў, якія больш за тры гады працавалі ў заходнеафрыканскай краіне Сьера-Леонэ і пасля чарговага путчу на некалькі месяцаў трапілі ў палон да новых уладаў. Карэспандэнт «Звязды» Сяргей Расолька не толькі збіраў з розных крыніц усю інфармацыю пра становішча лётчыкаў і захады для іх вызвалення, але і асабіста сустрэў членаў экіпажа Васіля Кулькова і Івана Мартыновіча адразу пасля вяртання ў Беларусь.

Эканамічнае становішча ў канцы 90-х вымушала жадаць лепшага, і «Звязда» ўсё больш месца адводзіць пад рэкламу — як пад вялікія рэпартажы з прадпрыемстваў і гандлёвых устаноў, так і пад прыватныя і камерцыйныя аб'явы. А каб стымуляваць і ў той жа час падтрымаць сваіх падпісчыкаў, газета пачала разыгрываць сярод іх карысныя прызы — бытавую тэхніку, прамтавары, сельскагаспадарчыя прылады, а таксама... жывых парасят.

Яшчэ адна прыкмета часу — папулярнасць астрапрагнозаў і разнастайных гараскопаў. Іх «Звязда» спачатку перадрукоўвала з расійскіх крыніц — «Труд», «ІТАР-ТАСС» і г. д., а потым пачала рыхтаваць і ўласныя эксклюзіўныя матэрыялы з беларускімі астролагамі. Зрэшты, і пасля наступлення трэцяга тысячагоддзя запатрабаванасць у гараскопах ды прагнозах не зменшылася, хоць далёка не ўсе яны спраўдзіліся...

Наогул, у газеце канца 90-х — пачатку 2000-х хапае маштабных тэм і кірункаў. Сярод іх — утварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і перспектывы ўвядзення агульнай валюты (у рэчышчы інтэграцыі «Звязда» сумесна з «Народнай газетай» і расійскай «Парламенцкай газетай» пачала выдаваць тады спецыяльны дадатак «Саюзнае Веча»), падрыхтоўка і правядзенне ў 2001-м прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі (нагадаем, сярод паўтара дзясятка кандыдатаў «засвяціліся» не толькі лідары розных партый, але і кіраўнік тэатра гумару «Хрыстафор» Яўген Крыжаноўскі), міжнародная палітыка. Але адначасова «Звязда», застаючыся вернай сабе, працягвае гаварыць і на тэмы будзённыя, штодзённыя. Так, нашы журналісты пабывалі ў скуры рыначных гандляроў і чыгуначных фарцоўшчыкаў, шэрагі якіх у той час акупавалі пероны і электрычкі, праехаліся па папулярным «малочным» маршруце Орша — Смаленск, праверылі на сабе цеснату і крыўду грамадскага транспарту ў Гомелі і тлустасць малочных прадуктаў у сталічных і рэгіянальных крамах, пабывалі на здымачных пляцоўках «Беларусьфільма» і ў радзільнях — словам, імкнуліся адлюстроўваць жыццё ва ўсіх яго праявах.

Змрочныя даты

Нумар «Звязды» ад 1 чэрвеня 1999 года выйшаў чорны, у прамым і пераносным сэнсе. «Жудасная ява, пачуццё бязмежнай тужлівай, палохаючай нерэальнасці... З той хвіліны, як зайшліся сэрцы... Боль цісне, не адпускаючы...» Відавочна, газетчыкам, якія штодня працуюць са словам, вельмі цяжка даваліся гэтыя, — каб апісаць трагедыю нядзельнага майскага вечара, які за лічаныя хвіліны ператварыўся з масавага музычнага свята ў масавую гібель людзей у пераходзе на станцыі метро «Няміга». «У 20.15 пры раптоўным змяненні надвор'я (ліўневы дождж з градам, навальніца) удзельнікі мерапрыемства (да 2,5 тысяч чалавек, пераважна людзі маладога ўзросту) некіруемым натоўпам кінуліся ў бліжэйшыя ўкрыцці. Пры гэтым пераважная большасць людзей накіравалася ў падземны пераход станцыі метро «Няміга», — цытуе «Звязда» афіцыйную хроніку трагічнага здарэння, вынікам якога сталі дзясяткі траўмаваных і 53 загінулыя...

«Тая страшная лесвіца, што вядзе ў падземны пераход, услана кветкамі — ружамі, гваздзікамі, ландышамі... Гараць свечкі, плачуць людзі — і старыя, і маладыя», — сведчылі калегі, якія, як і сотні і тысячы беларусаў з усіх рэгіёнаў, смуткавалі па ахвярах трагедыі, як маглі, падтрымлівалі сваякоў загінулых і маліліся за тых, хто знаходзіўся ў гэтыя дні паміж жыццём і смерцю. «Даруйце ўсім нам, што не збераглі вас, не папярэдзілі гэту страшную, ужо сучасную няміжскую трагедыю. Даруйце, калі можаце...» — нават праз 18 гадоў пасля трагедыі нельга спакойна ўспрымаць газетныя радкі і жалобныя фотаздымкі Нямігі.

Безумоўна, мы спадзяваліся, што наступнае стагоддзе будзе спакайнейшае. Але новы час прынёс новыя выклікі і пагрозы. У верасні 2001-га беларусы разам з усім светам жахаліся серыі тэрактаў у ЗША, што выклікалі ўзмацненне рэжыму проціпаветранай абароны ў тым ліку ў нашай краіне. А ў лістападзе 2002-га нашы журналісты Уладзімір Андрыевіч і Анатоль Кляшчук выправіліся ў Маскву, каб паспрабаваць разабрацца ў прычынах і выніках трагедыі «Норд-Осту», — тады група ўзброеных баевікоў на працягу некалькіх дзён трымала ў заложніках звыш 900 гледачоў і акцёраў у Тэатральным цэнтры на Дуброўцы. Больш як 130 чалавек у выніку загінулі. Сярод заложнікаў аказаліся і сямёра нашых суайчыннікаў. «Усё, што адбывалася навокал, нагадвала дзікунскі сон, кашмар. Здавалася, дастаткова толькі моцна сябе ўшчыпнуць — і ўсё знікне. Або ўяўлялася, што раптам адчыняцца дзверы, у залу ўварвецца які-небудзь «крэпкі арэшак» і ўсіх вызваліць... Але замест Бруса Уіліса прыехала Ала Пугачова. Адна з чачэнак патрабавала, каб тую прывялі ў залу і расстралялі, але, на шчасце, Алу Барысаўну не прапусцілі», — расказвала пазней «Звяздзе» адна з беларусак-заложніц, якой пашанцавала вярнуцца дадому жывой і здаровай.

У 2002 го­дзе бе­ла­рус­кі ры­нак со­та­вай су­вя­зі ажы­віў­ся  з пры­хо­дам но­ва­га апе­ра­та­ра.  Чэр­гі ў пер­шыя яго офі­сы рас­цяг­ва­лі­ся на га­дзі­ны.

Вецер перамен

У 1999-м беларусы зноў сталі мільянерамі — у абарачэнні з'явіліся купюры вартасцю ў 1 і 5 мільёнаў рублёў. А ў наступным годзе краіна рыхтавалася да выкрэслівання трох нулёў на новых грашах, якія па звычцы ўсе працягвалі называць «зайчыкамі», хоць жывёліны даўно саступілі месца на купюрах архітэктурным помнікам — Траецкаму прадмесцю, Вялікаму тэатру оперы і балета, Нацбанку і г. д. «У апошнія гады купюры выпускаюцца ўсё большым наміналам, а значнасць будынкаў, якія на іх адлюстраваныя, змяншаецца, — трапна заўважаў адзін з інтэрв'юераў «Звязды». — Гэтую праблему трэба было адразу прапрацаваць: а што будзе ў будучым, калі працягваецца інфляцыя?»

А ў недалёкай будучыні, якая для нас ужо стала мінулым, у кашальках беларусаў зашалясцелі новыя банкноты ўзору 2000 года, упрыгожаныя — памятаеце? — выявамі Брэсцкай крэпасці, Нацыянальнага мастацкага музея, спарткомплексу «Раўбічы», Нацыянальнай бібліятэкі, Летняга амфітэатра ў Віцебску, сталічнага Палаца спорту, гомельскага Палаца Румянцавых-Паскевічаў... Разлічвацца без лішніх нулёў стала прасцей, але былі і нараканні, напрыклад, на падабенства колеру розных купюр, з-за чаго пажылыя людзі нярэдка блыталі 50- і 500-рублёвыя банкноты. «Уважліва глядзіце не толькі на колер грошай, але і на лічбы на іх!» — нагадвала чытачам «Звязда».

Прыкладна ў гэты ж перыяд укаранілася звычка суайчыннікаў вымяраць заробкі і выдаткі ў доларах, прычым існавала два курсы свабодна канвертаванай валюты: афіцыйны, устаноўлены Нацбанкам, і «чорнарынкавы», па якім рэальна было гэту СКВ набыць. Так, паводле падлікаў «Звязды», у канцы 1999 года аднапакаёвыя кватэры ў Мінску каштавалі ад 7 да 10 тысяч долараў, двухпакаёвыя — 12—15 тысяч, але пры гэтым курс долара ў валютчыкаў дасягаў
900 тысяч недэнамінаваных рублёў, а сярэдні заробак беларусаў за год вырас з 33 да 46 долараў па рыначным наяўным курсе.

Яшчэ адна важная лічба, з якой краіна падышла да мяжы тысячагоддзя, — колькасць насельніцтва. Па гэтым паказчыку, як пісала «Звязда», Беларусь у 1999 годзе займала 5-е месца ў СНД і 15-е — сярод 34 краін Еўропы, а па нараджальнасці была ў Еўропе толькі 27-й.

Журналістам «Звязды» наогул ніколі не бракавала фантазіі — успомніць хоць бы ператварэнне нашага віцебскага карэспандэнта Аляксандра Пукшанскага ў... сонца рускай паэзіі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. У вобразе класіка каля «свайго» помніка летам 2003-га Аляксандр чытаў вершы ды віншаваў з вяселлем маладыя віцебскія пары і нават тралейбус «паважаць сябе прымусіў».

Да надыходу трэцяга тысячагоддзя «Звязда» рыхтавалася грунтоўна. Так, за тысячу дзён да знакавай даты ў газеты з'явіўся свой «хрэснік» — Алёшка, сын камандзіра батальёна затрымання Першамайскага РАУС Мінска, які акурат да Новага 2001 года атрымаў спецыяльныя рэдакцыйныя падарункі. А непасрэдна на мяжы тысячагоддзяў «Звязда» зладзіла шэраг эксклюзіўных праектаў, сярод якіх — адваротны адлік ХХІ стагоддзя, «Беларускі тузін стагоддзя», складзены з найбольш знакавых асоб, падзей, адметнасцяў нашай краіны (між іншым, вызначаных чытачамі!), а таксама супрацоўніцтва з міжнародным прадстаўніцтвам Кнігі рэкордаў Гінеса.

Але, бадай, самай відавочнай для чытачоў «абноўкай» стаў пераход газеты ў 2000-м на поўнакаляровы друк, які прынцыпова змяніў аблічча «Звязды». Ідучы ў нагу з часам, найбольш прасунутыя і тэхнічна забяспечаныя чытачы ўжо з вясны 2000 года маглі знаёміцца з электроннай версіяй любімага выдання ў інтэрнэце па спасылцы http://zvyazda.mіnsk.by. На жаль, найранейшая версія сайта не захавалася — на сёння ў інтэрнэт-архіве даступныя публікацыі пачынаючы са студзеня 2005 года.

Усяго праз два гады і без таго не старая душой ветэранка яшчэ болей памаладзела, узяшы пад крыло маладзёжнае беларускамоўнае выданне «Чырвоная Змена» і частку яго каманды. «Кажуць, сёння маладосці ўласцівы здаровы індывідуалізм. Няхай сабе так. Але каб выпусціць — прыдумаць, напісаць, аформіць — першы нумар маладзёжнай укладкі ў «Звязду», некалькім «здаровым індывідуалістам» спатрэбілася сабрацца разам. У выніку атрымалася адноўленая «Чырвоная Змена», зробленая маладымі для маладых», — паведамляў першы нумар новай укладкі ад 23 красавіка 2002 года. Колькі юных аўтараў даслалі свае першыя спробы пяра на сумесна творчы конкурс «Звязды» і факультэта журналістыкі БДУ, колькі іх, дзякуючы супрацоўніцтву з рэдакцыяй, атрымлівалі пуцёўку ў прафесію, колькі маладых беларусаў за мінулыя 15 гадоў сталі героямі артыкулаў «ЧЗ», — цяжка нават падлічыць.

У 2005 го­дзе «Звяз­да» атры­ма­ла ў Мін­ску яшчэ ад­но мес­ца пра­піс­кі — на ад­най­мен­ным пра­спек­це.

Страты і здабыткі

У тое дзесяцігоддзе шмат узрушэнняў, як станоўчых, так і негатыўных, перажыла беларуская культура. Халоднай зімой 2002 года краіна ледзь не страціла адну са сваіх жамчужын — палац Радзівілаў у Нясвіжы. Наступствы страшэннага пажару ў яго сценах удалося выправіць толькі пасля шматгадовай рэстаўрацыі.

Адзін за адным пайшлі з жыцця вядомыя дзеячы мастацтва. У 2002-м аўтакатастрофа забрала ў беларусаў кінарэжысёра Міхаіла Пташука, а на пачатку 2003-га памёр, цяжка траўмаваны ў выніку аўтакатастрофы, легендарны музыкант, кіраўнік ансамбля «Песняры» Уладзімір Мулявін. Народны пісьменнік Беларусі, пісьменнік-франтавік Васіль Быкаў сумна-сімвалічна пайшоў з жыцця 22 чэрвеня 2003 года. А ў 2004-м не стала добрага сябра «Звязды», народнага пісьменніка і драматурга Івана Шамякіна. Зрэшты, апошні падарунак любімай газеце Іван Пятровіч усё ж паспеў зрабіць, накіраваўшы ў Мінгарвыканкам ад імя чытачоў розных пакаленняў зварот з прапановай прысвоіць адной з вуліц сталіцы імя «Звязды». «На мой погляд, «Звязда» з'яўляецца агульнанацыянальным выданнем. На працягу ўсёй гісторыі газета «ўзрошчвала», падтрымлівала, прадстаўляла свае старонкі беларускім пісьменнікам і паэтам, якіх зараз мы з гонарам называем класікамі нацыянальнай літаратуры... Увогуле, на працягу больш як паўвекавога супрацоўніцтва з газетай я пераканаўся ва ўзважанай, мудрай пазіцыі «Звязды», — адзначаў пісьменнік у звароце. Просьба не засталася незаўважанай: у сярэдзіне чэрвеня 2005 года сталічны праспект газеты «Известия» быў перайменаваны ў праспект газеты «Звязда»...

Але разам з тым у культурнай прасторы Беларусі, як сведчаць газетныя публікацыі больш чым дзесяцігадовай даўніны, жыццё віравала. Так, у маі 2001-га выйшла на экраны апошняя работа Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га» (здымалася пад рабочай назвай «Момант ісціны» паводле аднайменнай аповесці), а ўжо ў 2002 годзе быў запушчаны ў вытворчасць першы айчынны блокбастар «Анастасія Слуцкая», пра які журналісты «Звязды» не толькі пісалі, але нават паўдзельнічалі ў здымках. Таксама летам 2002-га пачаў вяшчанне наваствораны «Другі нацыянальны тэлеканал» АНТ, а ўвосень быў закладзены першы камень у падмурак новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. «Каго ні спытай — кожны ведае, што новы будынак будзе мець форму брыльянта (крышталя ведаў!)», — заўважала «Звязда», наведваючы яшчэ пустую будпляцоўку на скрыжаванні вуліц Скарыны і Філімонава.

А яшчэ «звяздоўцы» слухалі новы арган у адноўленым Мінскім архікафедральным касцёле, прысутнічалі на адкрыцці помніка літары «Ў» у Полацку, віншавалі нашых тэнісістаў з перамогай на турніры «Ралан Гарос» і зазіралі ў будучыню Парка высокіх тэхналогій, — словам, занатоўвалі ўжо найноўшую гісторыю на газетных палосах.

У 2007-м «Звязда» адзначыла 90-годдзе. Але крыху раней у нас здарыўся яшчэ адзін юбілей, выключна газетны: 17 снежня 2003 года выйшаў у друк 25-тысячны нумар «Звязды».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.