Парламентарыі робяць істотны ўнёсак у развіццё дыпламатычных кантактаў нашай краіны, а таксама ў наладжванне дзелавых сувязяў паміж нашымі рэгіёнамі, прадпрыемствамі і замежнымі партнёрамі. Падчас сустрэчы намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Баляслава ПІРШТУКА з дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі Эквадора размова ішла як пра развіццё міжпарламенцкіх сувязяў, так і пра іншыя кірункі супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.
Сімвалічна, што візіт эквадорскіх дэлегатаў у Мінск адбываецца літаральна праз некалькі дзён пасля таго, як спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка вярнуўся з Кіта, дзе адбывалася інаўгурацыя прэзідэнта Эквадора Леніна Марэны.
— Гэта сведчыць пра вашу высокую мабільнасць і пра ваша жаданне эфектыўна супрацоўнічаць з нашай краінай, — адзначыў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.
— Ён звярнуў увагу, што падыходы да развіцця краіны ў Эквадора і Беларусі вельмі блізкія. Так, новы прэзідэнт Эквадора ў сваім выступленні падчас інаўгурацыі агучыў курс на сацыяльна арыентаваную эканоміку. Гэта прыкладна тое ж самае, што робім мы ў Беларусі на працягу 20 гадоў.
Апошнім часам беларуска-эквадорскія адносіны развіваюцца даволі імкліва. Пасля таго, як у 2012 годзе кіраўнік нашай краіны Аляксандр Лукашэнка наведаў Эквадор з афіцыйным візітам, дзяржавы абмяняліся пасольствамі, запрацавала Беларуска-эквадорская камісія па гандлі і эканамічным развіцці.
— У нас адбылася дастаткова вялікая колькасць узаемных візітаў, — канстатаваў віцэ-спікер ніжняй палаты. — Закладзена добрая, на маю думку, база ў нашых адносінах: як на ўзроўні лідараў краін, так і на ўзроўні парламентаў, урадаў.
Баляслаў Пірштук выказаў спадзяванні, што ў хуткім часе будуць ратыфікаваны гандлёва-эканамічныя пагадненні па выключэнні двайнога падаткаабкладання. Акрамя гэтага, у канцы мая Беларусь і Эквадор падпісалі пагадненне аб прызнанні дакументаў аб адукацыі і дыпломаў аб вышэйшай адукацыі.
Што да міжпарламенцкіх адносін, то заканадаўцы абедзвюх краін трымаюць добры кантакт. Так, Эквадор падтрымаў Беларусь, і цяпер мы маем статус назіральніка ў Лацінаамерыканскім парламенце. У той жа час і папрацаваць ёсць над чым:
— Вельмі разлічваю, што больш актыўна будуць працаваць нашы парламенцкія рабочыя групы. Спадзяюся, што мы зможам у нашы адносіны прыўносіць добрыя канкрэтныя кантакты і адпаведна добрыя мерапрыемствы. Тавараабарот, які мы маем паміж нашымі краінамі, дастаткова сціплы. У нас ёсць шмат таварных груп, якія б мы маглі пастаўляць вам, вы маглі б пастаўляць тавары пэўнага кірунку ў Рэспубліку Беларусь. Мы маглі б у разы павялічыць нашы лічбы, — упэўнены Баляслаў Пірштук.
Марыя БУЭНДЗІА, дэпутат Нацыянальнай асамблеі Эквадора, расказала, што інтарэс дэпутатаў Эквадора таксама скіраваны на ўмацаванне адносін з Беларуссю:
— Пасля выбараў у Нацыянальную асамблею была зноў сфарміравана група па супрацоўніцтве з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Нам бы вельмі хацелася, каб група беларускіх калег-дэпутатаў наведала Эквадор.
Бязвізавы рэжым у дапамогу
Падчас сустрэчы Баляслава Пірштука з намеснікам галоўнага ўпраўляючага Нямецкага саюза прамыслова-гандлёвых палат Фолькерам Траерам абмяркоўваліся ў першую чаргу пытанні дзелавога ўзаемадзеяння.
Віцэ-спікер ніжняй палаты падкрэсліў: адносіны Беларусі і Германіі падтрымліваюцца на дастаткова прыстойным узроўні.
— Мы вельмі шмат запазычваем у Германіі ў тым што тычыцца тэхналогій, падыходаў, — звярнуў увагу Баляслаў Пірштук. — Нам пашанцавала мець партнёра, які мае такія добрыя параметры ў эканоміцы: Германія — лепшая эканоміка Еўропы. Мы настроены на канструктыўную працу. У нас дастаткова шмат пытанняў: і вялікіх, і малых, якія нам неабходна пераадолець і вырашыць у найбліжэйшы час.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі Петэр Дэтмар станоўча ацаніў пяцідзённы бязвізавы рэжым, які ўвяла наша дзяржава для грамадзян 80 краін. Па яго словах, нямецкі бізнес зацікаўлены ў пашырэнні кантактаў з Беларуссю. Фолькер Траер звярнуў увагу, што кантакты паміж краінамі наладжаны добрыя, ёсць магчымасць своечасова інфармаваць партнёраў пра патэнцыял супрацоўніцтва.
Надзея ЮШКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?