Вы тут

Чаму ліхаманіць Эквадор?


Сёлетняя восень стала часам геапалітычных «тэктанічных зрухаў» для стратэгічнага макрарэгіёна Лацінскай Амерыкі.

Спачатку прэзідэнт Перу Марцін Віскара распусціў парламент і прызначыў датэрміновыя выбары. «Хай народ вырашае», — заявіў палітык. А ў пачатку кастрычніка настала гарачая пара для Эквадора.

Прэзідэнт гэтай краіны Ленін Марэна сваім распараджэннем адмяніў дзяржаўныя субсідыі на бензін, у выніку чаго цэны ўзраслі больш чым удвая. Аднак карэннае насельніцтва Эквадора — індзейцы — менш чым за два тыдні паказала «хто ў хаце гаспадар». І ўлады пайшлі на саступкі. Чаму ж ліхаманіць Эквадор?


Вялікая мабілізацыя

Літаральна адразу пасля абвяшчэння аб адмене дзяржаўных субсідый на паліва Эквадор накрыла хваля пратэстаў. Пачалося ўсё з таго, што работнікі транспарту па ўсёй тэрыторыі краіны абвясцілі бестэрміновую забастоўку. Маніфестанты пачалі перакрываць буйныя аўтамагістралі. Асаблівую актыўнасць у пратэстах праявіла індзейскае насельніцтва Эквадора (самае буйное племя — кечуа), дзеянні якога каардынуе Канфедэрацыя карэнных народнасцяў (Соnаіе), што абвясціла «Вялікую нацыянальную мабілізацыю» на свяшчэнных землях рэзервацый. Таксама ў пратэстах актыўна ўдзельнічалі прафсаюзы Аб'яднанага працоўнага фронту (FUT).

У некаторых гарадах мітынгі перараслі ў беспарадкі. Марэна абвясціў у краіне надзвычайнае становішча. Аднак тады цалкам адмяніць «паліўнае» рашэнне прэзідэнт Эквадора адмовіўся. «Час бяздзейнасці скончыўся», — заявіў ён на прэс-канферэнцыі. Тым часам з-за беспарадкаў у сталіцы Кіта прэзідэнт і ўрад перабраліся ў самы вялікі ў краіне горад Гуаякіль, які знаходзіцца на ціхаакіянскім узбярэжжы.

Ва ўсіх адукацыйных установах на нявызначаны тэрмін былі адменены заняткі. Адначасова з'явіліся паведамленні аб захопах нафтавых аб'ектаў. Дзяржаўная нафтавая кампанія Реtrоаmаzоnаs прыпыніла работу на пяці блоках, што прывяло да зніжэння сутачнай здабычы прыкладна на 30—40 працэнтаў ад сярэдняга ўзроўню ў 437 тысяч бараляў. З-за захопу некалькіх радовішчаў была прыпынена работа Трансэквадорскай нафтаправоднай сістэмы (SОTЕ). Па ацэнцы міністэрства энергетыкі і неаднаўляльных рэсурсаў краіны, аб'ёмы падачы нафты скараціліся да 30 працэнтаў ад звычайных паказчыкаў, а страты ад прыпынення работ на радовішчах вылічваліся дзясяткамі мільёнаў долараў. Реtrоесuаdоr абвясціла форс-мажор па сваіх кантрактных абавязацельствах да завяршэння беспарадкаў.

Адметна, што ўсяго за пару дзён да прыняцця рашэння адмяніць субсідыі на гаручае эквадорскае мінэнерга праінфармавала аб намерах краіны пачынаючы з 1 студзеня 2020 года выйсці з АПЕК. Такі крок быў абумоўлены планамі ўрада краіны па скарачэнні бюджэтных выдаткаў і павелічэнні даходаў. Доля Эквадора ў сусветнай здабычы нафты невялікая: па даных глабальнага агляду кампаніі ВР за 2016 год, яна складала ўсяго 0,7 працэнта (29,3 млн тон). Аднак гэтая дзяржава з'яўляецца адным з найстарэйшых членаў АПЕК (з 1973 года з перапынкам у 1992—2007 гадах), і яе рашэнне аб выхадзе з гэтай арганізацыі было б відавочным сігналам аб тым, што далёка не ўсіх яе ўдзельнікаў задавальняе пагадненне аб скарачэнні здабычы нафты з мэтай падтрымання адносна высокіх цэн на яе. У рамках гэтага пагаднення на Эквадор былі ўскладзены не самыя цяжкія абавязацельствы «прытрымліваць» 16 тысяч бараляў, аднак эканамічная сітуацыя ў краіне такая, што без павелічэння экспарту «чорнага золата» практычна не абысціся.

Нафта і бананы

Узровень знешняга доўгу Эквадора адносна невялікі — каля 45 працэнтаў ВУП краіны, але з пачатку гэтага дзесяцігоддзя ён павялічыўся больш чым удвая. Падзенне сусветных цэн на нафту нанесла сур'ёзны ўдар па фінансавай стабільнасці краіны. У першым праекце бюджэта, які давялося зацвярджаць Леніну Марэна неўзабаве пасля яго абрання прэзідэнтам краіны ў 2017 годзе, быў закладзены дэфіцыт у $4,7 млрд пры аб'ёме расходаў у $36,8 млрд. Зрэшты, падобныя праблемы пераследавалі Эквадор і ў той момант, калі цэны на нафту былі на гістарычным максімуме. У 2011 годзе дэфіцыт бюджэту быў каля $4 млрд пры агульным яго аб'ёме каля $24 млрд, прычым на долю даходаў ад нафты прыходзілася больш за 40 працэнтаў.

Яшчэ адзін традыцыйны артыкул эквадорскага экспарту — бананы. Аднак на гэтым рынку Эквадор у апошнія гады адчувае актыўную канкурэнцыю з боку такіх краін, як Гватэмала і Калумбія, якія павялічваюць сваю прысутнасць у ЗША і Еўропе. У сувязі з гэтым эквадорскія бананы ўсе больш пераарыентуюцца на Паўднёва-Усходнюю Азію і Расію. Гэта акалічнасць шмат у чым і падштурхнула ўлады Эквадора да адмены субсідый на паліва. Сэканомленыя сродкі ў аб'ёме каля 1,4 мільярда долараў планавалася накіраваць на рэалізацыю «вялікага аграплана» — на стымуляванне сельскай гаспадаркі, перш за ўсё арыентаванай на экспарт.

Разумеючы, што хранічная дзірка ў казне вядзе эканоміку краіны ў тупік, улады Эквадора аб'явілі на наступны год планы па радыкальным скарачэнні бюджэтнага дэфіцыту — з $3,6 млрд да $1 млрд. Аднак неабходны для гэтага набор мер аказаўся зусім стандартным: скарачэнне выдаткаў, адмена льгот і субсідый, зразанне сацыяльных гарантый, узмацненне жорсткасці падатковай палітыкі і іншыя інструменты, рэкамендаваныя міжнароднымі фінансавымі інстытутамі для эканомік з падобнымі праблемамі. У сакавіку гэтага года ўрад Эквадора падпісаў пагадненне з Міжнародным валютным фондам аб атрыманні крэдыту ў памеры 4,2 мільярда долараў, а да гэтага Ленін Марэна заявіў аб планах атрымаць яшчэ $6 млрд ад іншых фінансавых інстытутаў.

Зусім не да смеху

Ленін Вальтэр Марэна Гарсес перамог на прэзідэнцкіх выбарах 2017 года дзякуючы пратэкцыі ранейшага прэзідэнта Рафаэля Карэа, пры якім ён на працягу дзесяці гадоў быў віцэ-прэзідэнтам. Марэна вядомы як адзіны лідар дзяржавы ў свеце, які перасоўваецца на інваліднай калясцы. Ён з'яўляецца аўтарам некалькіх кніг па смехатэрапіі і тэорыі гумару, заснавальнікам фонду для падтрымкі гумару як стылю жыцця ў краіне.

Карэа прытрымліваўся сацыялістычных поглядаў. Ён субсідзіраваў праз пераразмеркаванне нафтавых даходаў продаж насельніцтву паліва па нізкіх цэнах, выплачваў дапамогі па беднасці, былі бясплатнымі адукацыя і ахова здароўя. Аднак пасля прыходу да ўлады Марэна хутка адышоў ад палітыкі свайго колішняга шэфа. Ён узяў курс на ліберальныя рэформы, а таксама пачаў пераглядаць знешнепалітычныя сувязі Эквадора, скасаваў адносіны з ранейшымі саюзнікамі Кіта і сарыентаваў краіну на супрацоўніцтва з Вашынгтонам. Так, адным са знакавых крокаў новага кабінета міністраў стала выдача брытанскай паліцыі заснавальніка сайта WіkіLеаks Джуліяна Асанжа, які з 2012 года хаваўся на тэрыторыі пасольства Эквадора ў Лондане.

На думку экспертаў, новы курс Кіта даўно выклікаў раздражненне ў грамадстве. «Марэна павярнуў палітыку краіны на 180 градусаў, што моцна ўдарыла па яе іміджы, перш за ўсё ў Лацінскай Амерыцы. Ён узяў курс на залежную знешнюю палітыку, што прыйшлося не даспадобы насельніцтву краіны, якое звыклася адчуваць сябе суверэнным, — растлумачыў RT загадчык кафедры міжнародных адносін і знешняй палітыкі Расіі МДІМА Барыс Мартынаў. — Марэна прытрымліваецца класічнай нэаліберальнай палітыкі, якая прадугледжвае ўсё аддаць на водкуп свабоднага рынку. Але гэтыя рэцэпты падыходзяць не для ўсіх — у некаторых краінах людзі гістарычна прывыклі да таго, што дзяржава нясе сацыяльную адказнасць».

Субсідыі на паліва былі ўведзены ў Эквадоры ў 1970-х гадах. Іх скасаванне з'яўляецца часткай пакета эканамічных мер, з дапамогай якіх улады мелі намер змагацца з крызісам у краіне. Варта адзначыць, што ў снежні мінулага года ў Эквадоры ўжо скарачалі паліўнае субсідзіраванне для насельніцтва: па ўказе Марэна тады цэны на бензін выраслі адразу на чвэрць — з $1,48 да $1,85 за галон (3,78 л). Пры гэтым для грамадскага транспарту і таксі дзяржаўныя субсідыі на гаручае тады захаваліся.

Пасля пратэстаў

Відавочна, што Марэна разлічваў правесці непапулярныя рэформы ў абмен на крэдыты МВФ. «Фонд заўсёды настойвае на такіх мерах па нармалізацыі эканомікі, якія не ўлічваюць інтарэсы насельніцтва. І на практыцы гэтыя рэформы заўсёды выклікаюць незадаволенасць. Хутчэй за ўсё, улады не чакалі, што павышэнне цэн на бензін выкліча такую хвалю пратэстаў, — заўважыў RT намеснік дырэктара Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Мікалай Калашнікаў. — Але насельніцтва Эквадора вызначаецца сацыяльнай рухомасцю і гатовае адстойваць свае правы». Спроба адмовіцца ад грамадскага дагавора з насельніцтвам відавочна правалілася, і эквадорцы адправіліся зрынаць Леніна Марэна, трымаючы ў руках не толькі ўласна дзяржаўную сімволіку, а і чырвоныя сцягі.

Улады Эквадора па выніках перагавораў з лідарамі руху карэнных народаў прынялі рашэнне скасаваць указ аб адмене субсідый на паліва, увядзенне якога справакавала масавыя акцыі пратэсту па ўсёй краіне. У абмен на гэта прадстаўнікі карэнных нацыянальнасцяў пагадзіліся спыніць страйкі і маніфестацыі. Сустрэча адбылася пры пасрэдніцтве мясцовага прадстаўніцтва ААН і Канферэнцыі эквадорскіх каталіцкіх біскупаў.

У пачатку перамоваў прэзідэнт Ленін Марэна прапанаваў сфарміраваць спецыяльную камісію па пераглядзе палажэнняў указа і паабяцаў прытрымлівацца яе рэкамендацый. Але прэзідэнт Канфедэрацыі карэнных народаў Эквадора Хайме Варгас заявіў, што гэта не адпавядае патрабаванням жыхароў краіны, якія выступаюць за поўную адмену ўказа, і заклікаў адправіць у адстаўку кіраўніка МУС і міністра абароны. Што праз пэўны час Марэна і зрабіў.

Эквадор вяртаецца да нармальнага жыцця пасля масавых акцый пратэсту, якія паралізавалі краіну амаль на два тыдні. У сталіцы Кіта ўжо не дзейнічае каменданцкая гадзіна, надзвычайны рэжым зняты. Падчас пратэстаў загінула восем чалавек і каля 1500 атрымала раненні. Падлічваюцца эканамічныя страты. Значна пацярпеў малы бізнес. Нафтавыя аб'екты аднавілі сваю работу, праўда, пакуль не на поўную магутнасць. Цэны на бензін вярнуліся да ўзроўню, які быў да крызісу. Аўтамабілісты спяшаюцца заправіць свае аўто.

Самыя жорсткія сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй адбываліся ў Кіта. Тысячы добраахвотнікаў выйшлі на вуліцы, каб давесці да ладу горад, які між іншым знаходзіцца ў Спісе Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Мяркуецца, што на аднаўленне цэнтра давядзецца выдаткаваць не менш чым паўмільёна долараў.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Ленін і індзейцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.

Эканоміка

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Сучасны аўтамабіль — гэта добрая крыніца агню.