Вы тут

У Савеце Міністраў ацанілі стан эканомікі краіны за чатыры месяцы


Пакуль колькасць зволеных перавышае колькасць прынятых на работу. Пра гэту асаблівасць сучаснага стану рынку працы паведаміў Андрэй КАБЯКОЎ, прэм'ер-міністр Беларусі, падчас пасяджэння прэзідыума Савета Міністраў, прысвечанага вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень — красавік гэтага года і пытанням забеспячэння росту заработнай платы, стварэнню новых працоўных месцаў і працаўладкаванню грамадзян.


«Станоўчая дынаміка росту эканомікі ў красавіку захавалася. Валавы ўнутраны прадукт дадаў яшчэ 0,2% і за чатыры месяцы склаў 100,5%. У прагнозных параметрах знаходзіцца і інфляцыя. Спажывецкія цэны за красавік выраслі на 0,7%, за чатыры месяцы — на 2,4%», — заявіў прэм'ер. Што да паказчыкаў па знешнім гандлі, прадукцыйнасці працы, замежных інвестыцыях, заработнай плаце, фінансавых, то дынаміка па ўсіх — станоўчая. За першы квартал з сямі найважнейшых параметраў развіцця выкананы шэсць. Экспарт вырас на 20,7%, станоўчае сальда склала $192 млн ці 1,6% ВУП. Таксама рост назіраецца ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Не выкананы паказчык па рэальных грашовых даходах насельніцтва — 97,8% да ўзроўню мінулага года, пры гэтым рэальная заработная плата ў параўнанні з першым кварталам мінулага года павялічылася на 1%. На думку Андрэя Кабякова, адставанне па даходах насельніцтва адбываецца з-за зніжэння ставак па дэпазітах, «што ў цэлым для эканомікі ацэньваецца станоўча».

Яшчэ адно з ключавых пытанняў работы ўрада — стварэнне новых працоўных месцаў. «Заданні па матрыцы ключавых паказчыкаў амаль усімі выконваюцца, толькі ў Мінскай вобласці невялікае недавыкананне. Але праблемы эфектыўнай занятасці не вырашаны. На рынку працы захоўваецца дысбаланс: за першыя чатыры месяцы гэтага года на 7600 чалавек зволена больш, чым узята на работу», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Толькі за мінулы год з эканомікі без уліку тых, хто выбыў па натуральных прычынах (выхад на пенсію ці смерць), выпала больш за 35 000 чалавек.

«Разам з тым сёння рынак працы паступова стабілізуецца, — адзначыла Ірына КАСЦЕВІЧ, міністр працы і сацыяльнай абароны. — Ёсць станоўчая дынаміка і ў стварэнні новых працоўных месцаў — больш за 15 000 за першы квартал. Пры гэтым амаль 56% — гэта працоўныя месцы на новых прадпрыемствах».

Андрэй Кабякоў даручыў кіраўнікам рэгіёнаў больш глыбока і дэталёва разабрацца з тым, што адбываецца на рынку працы, а міністру працы і сацыяльнай абароны ў сваім дакладзе даць ацэнку рэальнаму стану спраў у гэтай сферы.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Станоўчая дынаміка захоўваецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.