Вы тут

Лета для супрацоўнікаў міліцыі — час інтэнсіўнай працы


Сёлета зіма ніяк не хацела адыходзіць нават у маі, тым не менш доўгачаканае цяпло ўсё ж прыйшло, а з ім і так любімы многімі масавы адпачынак у зялёных зонах і каля вадаёмаў. І калі для большасці гэта падстава расслабіцца, то для супрацоўнікаў міліцыі, наадварот, — час інтэнсіўнай працы. Пра што варта памятаць, адпраўляючыся на прыроду, нагадаў начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік міліцыі Ігар Гатальскі.


Адпачынак «на цвярозую галаву»

На жаль, многія не могуць уявіць пасядзелкі з сябрамі ці роднымі без алкаголю. «Проста шашлыкі?» — і чарада недарэчных жартаў пра «грошы на вецер». А там, дзе з'яўляецца спіртное, адразу ж узнікаюць і іншыя праблемы. Па-першае, ужываць алкаголь у грамадскім месцы, да якіх, вядома ж, адносяцца і зоны адпачынку, і нават з'яўляцца там у п'яным выглядзе, забаронена законам. Розніцы, будзе гэта моцны алкаголь ці «ўсяго толькі піва», няма. Гэта правапарушэнне цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да васьмі базавых велічынь, за паўторны на працягу года выпадак — ад дзвюх да пятнаццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. У мінулым годзе па арт. 17.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення было складзена 930 пратаколаў, за распіванне спіртных напояў у грамадскіх месцах — 6 791. Па-другое, усім вядома, што людзей нападпітку занадта часта цягне «на подзвігі». А гэта ўжо бойкі, купанне ў неналежным месцы, нанясенне шкоды прыродзе і многія іншыя «забавы».

Увогуле ў мінулым годзе было зарэгістравана 50 злачынстваў у зонах адпачынку: больш за ўсё ў Мінску і Брэсцкай вобласці — 20 і 16 адпаведна — і ўсяго адно ў Магілёўскай вобласці. Па ўсёй краіне спынена 13 758 адміністрацыйных правапарушэнняў у месцах масавага адпачынку, амаль палова з іх на пляжах і прыбярэжных тэрыторыях вадаёмаў. Дарэчы, за купанне ў забароненых месцах (арт. 23.63 КаАП) былі аштрафаваныя на суму ад адной да трох базавых велічынь 495 чалавек. А вось для 148 грамадзян адпачынак на вадзе скончыўся трагедыяй.

Без шкоды прыродзе

Што датычыцца прыродаахоўнага заканадаўства, то часцей за ўсё нядбайныя адпачывальнікі трапляюцца на развядзенні вогнішчаў у забароненых месцах (арт. 15.58 КаАП) — папярэджанне або штраф да дванаццаці базавых велічынь. Размяшчаць іх можна на адлегласці не менш за дзесяць метраў ад будынкаў, дваццаць метраў ад лясных масіваў і трыццаць метраў ад стагоў сена і саломы. Мангал, барбекю, грыль або аналагічнае прыстасаванне павінны стаяць мінімум у чатырох метрах ад збудаванняў. У пажаранебяспечны сезон забараняецца разводзіць вогнішчы ў месцах з падсохлай травой, на ўчастках пашкоджанага лесу
і тарфяніках.

Яшчэ адна глабальная праблема масавага адпачынку — смецце. Забруджванне вод цягне за сабой папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь (арт.15.51 КаАП), лесу і іншай драўнінна-хмызняковай расліннасці — ад папярэджання да штрафу ў дваццаць базавых велічынь (арт.15.30 КаАП). А вось за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі (арт.15.63 КаАП) застацца толькі з папярэджаннем не атрымаецца: штраф складзе ад пяці да пяцідзесяці базавых велічынь. Усё гэта датычыцца фізічных асоб, калі за падобнай справай будзе «застуканы» індывідуальны прадпрымальнік або юрыдычная асоба, пакаранне будзе ў разы больш строгім.

Летась з неахайнымі грамадзянамі спрабавалі змагацца з дапамогай фотапастак. Аднак прадбачыць, дзе менавіта адпачывальнікам прыйдзе ў галаву выкінуць смецце, аказалася дастаткова складаным. Таму ў гэтым годзе фотарэгістратары будуць мабільнымі і галоўнай іх мэтай будзе фіксацыя нумароў аўтамабіляў, прыпаркаваных у неналежным месцы. Стаянка бліжэй чым за трыццаць метраў ад берагавой лініі недапушчальная: адказнасць — штраф памерам да дзесяці базавых велічынь. Гэтай вясной толькі на мінскіх вадаёмах было ўстаноўлена 500 дадатковых надаўбняў і 90 шлагбаумаў, каб прадухіліць несанкцыянаваную стаянку. Усяго ж у мінулым годзе за парушэнне Правілаў дарожнага руху ў месцах адпачынку да адказнасці было прыцягнута 6 058 грамадзян.

У шлеме і з уключанымі фарамі

Цёплая пара звычайна адзначаная не толькі выездамі за горад, але і пачаткам доўгачаканага сезона для матацыклістаў. Гэты від транспарту ніколі не лічыўся бяспечным: толькі сёлета па віне матацыклістаў ужо адбылося дзесяць аварый, у якіх загінула два чалавекі і дзесяць атрымалі раненні. Таму Дзяржаўтаінспекцыя ўдзяляе асаблівую ўвагу прапагандзе бяспекі дарожнага руху пры эксплуатацыі матацыклаў і мапедаў, папярэджання ДТЗ з іх удзелам і фарміравання ўзаемна ветлівых адносін паміж удзельнікамі дарожнага руху.

Кіраваць матацыклам неабходна ў моташлеме, ён павінен абавязкова быць і на пасажыру; для прыцягнення ўвагі іншых удзельнікаў дарожнага руху рэкамендуецца рухацца з пастаянна ўключаным блізкім святлом фар; абавязковыя своечасовая рэгістрацыя транспартных сродкаў і праходжанне імі тэхагляду; пры руху на двухколавым транспартным сродку заўсёды трэба ацэньваць дарожную сітуацыю і выконваць усе дзеянні, неабходныя для гарантавання бяспекі, не перавышаць устаноўленую хуткасць і пазбягаць неабачліва рызыкоўнага выезду на паласу сустрэчнага руху. Менавіта ў такіх сітуацыях здараюцца самыя цяжкія па сваіх наступствах сутыкненні.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, вадзіцелю за кіраванне матацыклам, мапедам альбо перавозку на ім пасажыраў без моташлемаў ці ў незашпіленых моташлемах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да адной базавай велічыні, пры паўторным парушэнні прадугледжаны штраф ад дзвюх да пяці базавых велічынь.

Штраф за несвоечасовую рэгістрацыю або перарэгістрацыю транспартнага сродку — ад адной да трох базавых велічынь; кіраванне ТС асобай, якая не мае права кіравання, — ад пяці да дваццаці базавых велічынь; за кіраванне транспартным сродкам з загадзя схаваным, падробленым ці іншым чынам змененым рэгістрацыйным знакам — ад дзесяці да дваццаці базавых велічынь.

Інфармаваны — значыць узброены

На працягу ўсяго летняга сезона супрацоўнікі міліцыі будуць ажыццяўляць ахову грамадскага парадку і нагляд за дарожным рухам ва ўсіх месцах масавага адпачынку, вызначаных рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў,
а таксама ў іншых месцах з масавым знаходжаннем грамадзян. Устаноўленых зон адпачынку каля 550 па краіне, больш за 80% з іх размешчаныя паблізу рэк і вадаёмаў. Пільная ўвага традыцыйна будзе ўдзяляецца і стыхійна ўзніклым, не абсталяваным месцам масавага адпачынку каля вадаёмаў, якія патрабуюць асаблівага кантролю з боку міліцыі.

Сярод асноўных задач супрацоўнікаў МУС, якія дзяжураць у месцах летняга адпачынку, — абследаванне іх на прадмет бяспечнасці. Так, у мінулым годзе было ўнесена 349 прадстаўленняў аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню правапарушэнняў, у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы накіравана 200 інфармацый аб выяўленых парушэннях правіл аховы жыцця людзей на водах, а таксама ў спецыяльна прызначаных месцах размешчана больш за 4,6 тысячы інфармацыйных матэрыялаў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля Клешчука

Загаловак у газеце: «Гарачая» пара для правапарушэнняў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.