Вы тут

Цырымонія адкрыцця выстаўкі "ТІБО-2017" адбылася ў Мінску


Без лічбавых тэхналогій зараз немагчыма ўявіць ніводную сферу жыцця. Напрыклад, яшчэ не так даўно высакахуткасны мабільны інтэрнэт або падарожжа ў віртуальную рэальнасць здавалася нечым з разраду фантастыкі, а ўжо сёння адпаведныя прылады робяцца ў прамысловых маштабах. Цікавыя распрацоўкі ў сферы электронікі дэманструюцца на гэтым тыдні на выстаўцы «ТІБО-2017».


Першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі зачытаў падчас урачыстай цырымоніі прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі гасцям і ўдзельнікам XXІV Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО-2017».

— Мерапрыемства ў апошнія гады вельмі маштабнае. Безумоўна, пляцоўка «ТІБО» ў Беларусі карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і ў адпаведных кампаній, і ў нашых калег па ЕАЭС, — падкрэсліў Васіль Мацюшэўскі.

— Сёлета ў выстаўцы ўдзельнічаюць больш за сто кампаній з 17 краін свету, — зазначыў міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў. — Мы імкнуліся прывезці сюды самыя прасунутыя рашэнні ў галіне тэлекамунікацый.

Прыкметная чарга сабралася каля стэнда Міністэрства культуры. З дапамогай шлема віртуальнай рэальнасці кожны ахвотны мог павандраваць па Крэўскім або Гальшанскім замку. І гэта пры тым, што апошні раз зайсці ў сапраўдныя замкі (да таго, як яны ператварыліся ў руіны) можна было больш за сто гадоў таму — яшчэ да Першай сусветнай.

— Мы карысталіся архіўнымі дакументамі, з дапамогай якіх высветлілі, як выглядалі гэтыя будынкі ў XVІ—XVІІІ стагоддзях, — расказвае прадстаўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Свірыдовіч. — Шлем працуе ў камплекце са смартфонам і спецыяльнымі акулярамі. Плануем выкарыстоўваць нашу распрацоўку ў адукацыйных мэтах. Адна справа разглядаць ілюстрацыі ў падручніку і зусім іншая — пахадзіць па самім замку, хай нават і віртуальнай копіі. Плануем стварыць панарамы яшчэ некалькіх замкаў Беларусі.

Каля самага ўваходу ўжо па традыцыі быў усталяваны стэнд Мінгарвыканкама. Сярод іншага, на ім бацькам дэманстравалі, як працуе электронная картка школьніка.

— Ад верасня 2013 года мы паступова ўкараняем яе ў сталічнай сістэме адукацыі, — гаворыць Наталля Сакалова, начальнік цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. — Спярша яе на ўзбраенне ўзялі 15 школ, і за гэты час далучыліся яшчэ 66. Развіваем праект па двух кірунках. Наша прылада працуе як звычайная плацежная картка, якая прывязваецца да рахунку бацькі, які можа паставіць ліміт расходу грошай. Яна ж служыць пропускам у школу, дазваляе аўтаматызаваць працу бібліятэкі, заплаціць за харчаванне, замяняе даведку аб навучанні, якая дае права на бясплатны праезд. Дзякуючы карткам дзейнічае і анлайн-сэрвіс «Электронны дзённік». Яго выкарыстоўваюць 38 школ Мінска. Пастаўленую адзнаку школьніку яго бацькі могуць адразу пабачыць, бо на тэлефон прыйдзе адпаведнае паведамленне. Вось так навучальны працэс становіцца адкрытым.

Сваю апошнюю распрацоўку прадэманстраваў і холдынг «Гарызонт». Гэта 65-цалёвая сэнсарная сістэма H-BOARD з 4К-разрозненнем. Велізарная «разумная» дошка можа выкарыстоўвацца ў адукацыйных установах ці падчас правядзення прэзентацый. Але разам з тым яна можа працаваць і ў рэжыме звычайнага тэлевізара або планшэта. Кіруецца гаджэт дзвюма аперацыйнымі сістэмамі.

Айчынныя арганізацыі прапаноўвалі і не менш цікавыя прылады для дома.

— Наша сістэма хатняга відэаназірання працуе пры дапамозе wі-fі, — кажа прадстаўнік адной з кампаній Уладзіслаў. — Мантаж яе вельмі просты і не патрабуе значных капіталаўкладанняў. З дапамогай праграмы для смартфона можна ў любы момант паглядзець, што адбываецца ў полі зроку камеры, або запісаць відэа ў архіў. Ці зрабіць фотапастку — скажам, нехта адчыніў дзверы, а на ваш тэлефон тут жа прыйдзе адпаведнае паведамленне і здымак наведніка. Камеры працуюць у HD-якасці.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Зроблена з розумам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.