Вы тут

На што скардзяцца жыхары Мінскай вобласці?


Падчас прамой тэлефоннай лініі, якую правёў старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі, найбольш часта жыхары цэнтральнага рэгіёна звярталіся па пытаннях нездавальняючай работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Таксама былі нязгодныя з атрыманымі паведамленнямі з падатковай інспекцыі аб уплаце збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў.


У прыватнасці, Галіна Казіміраўна з вёскі Падбярэзь Валожынскага раёна паведаміла: «Мой муж працаваў, але трапіў пад скарачэнне. Ды ён не сядзіць склаўшы рукі. Мы маем гектар зямлі, вядзём падсобную гаспадарку — дзве каровы, свінні, коні, птушка...»

— Вы ў першую чаргу працавалі на сябе, на свой дабрабыт. Больш за тое, вы ў свой час не аформілі ўчастак. А цяпер трэба браць у сельсавеце паперы, што маеце зямлю, і афармляць яе, — растлумачыў Іван Ліпніцкі.

Людміла Васілеўна, інвалід ІІ групы, жыве ў аграгарадку Нарач Мядзельскага раёна. Яе сын атрымаў таксама аналагічнае паведамленне з падатковай інспекцыі. Маці сцвярджае, што ён хворы на сэрца і эпілепсію, таму кінуў работу, якая была звязана з частымі камандзіроўкамі.

— Пры такой хваробе нельга працаваць на вышыні, на механізмах і прыстасаваннях. Усё астатняе — не стварае небяспекі. Магу пасадзейнічаць вам у тым, каб сын прайшоў медыцынскае абследаванне. Патэлефануйце мне ў рабочы час, каб абмеркаваць пытанне. Што датычыцца збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў, то можаце звярнуцца ў камісію, якая створана пры райвыканкаме. Яна разгледзіць заяву і прыме адпаведнае рашэнне, — параіў жанчыне Іван Эдуардавіч.

Святлана Леанідаўна з вёскі Брусы Барысаўскага раёна жыве на вуліцы Андрэеўскай, што названа ў гонар яе дзеда, які меў 12 дзяцей. Сапраўды, прыемна жыць на вуліцы, якая носіць імя твайго продка. Але Святлана Леанідаўна сцвярджае, што не надта камфортна адчуваюць сябе тутэйшыя жыхары. Справа ў тым, што ў іх часта прападае вада. Свідравіна, якой ужо 50 гадоў і якая была першапачаткова прызначана для забеспячэння вадой жывёлагадоўчай фермы, часта выходзіць са строю. Было, што вяскоўцам падвозілі пітную ваду цыстэрнай. Як адзначыла заяўніца, патрэбна новая свідравіна, але праблема ў фінансаванні. Іван Эдуардавіч даручыў неадкладна разабрацца з сітуацыяй генеральнаму дырэктару прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці» Васілю Шашку і як мага хутчэй наладзіць водазабеспячэнне.

Марыя Георгіеўна з пасёлка Калодзішчы расказала, што 10 студзеня ёй затапілі кватэру — наверсе прарвала ацяпляльную батарэю. Ні гаспадароў, ні іх суседзяў дома не было. І гарачая вада залівала маёмасць амаль што пяць гадзін... Цяпер неабходна сабраць камісію з прадстаўнікоў адпаведных службаў — каб ацаніць памер страт. А тым часам жыць у кватэры практычна немагчыма: вільгаць, на сценах пайшла цвіль. Іван Ліпніцкі зноў патэлефанаваў старшыні Мінскага райсавета, каб той тэрмінова звязаўся з абласной ЖКГ. — Выедзем і ацэнім сітуацыю, пастараемся арганізаваць рабочую камісію, — запэўніў Іван Ліпніцкі.

За тры гадзіны старшыня аблсавета выслухаў больш за 20 чалавек. На многія звароты ён даў тлумачэнні адразу ж. На іншыя, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, людзі атрымаюць адказ на працягу месяца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «З сітуацыяй разабрацца неадкладна!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.