Вы тут

Сёння матчам за Суперкубак Беларусі адкрываецца новы футбольны год


На полі стадыёна футбольнага клуба «Мінск» сустрэнуцца чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ і ўладальнік Кубка жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ».


Нагадаем, у мінулым маі жодзінцы ва ўпартай барацьбе перайгралі барысаўчан і заваявалі Кубак краіны. Тады асноўны час матча скончыўся нулявой нічыёй, у авертайме забітых галоў таксама не было, а ў серыі пенальці галкіпер «чорна-белых» Валерый Фомічаў адбіў ажно тры ўдары — і ўпершыню ў гісторыі дапамог «белазаўцам» завалодаць трафеем.

Адзначым, што, акрамя футбола, на стадыёне ФК «Мінск» гасцям абяцаюць шоу ў выглядзе разнастайных забаў.

Хутка сезон стартуе і ў нацыянальнай зборнай. 25 сакавіка на стакгольмскім стадыёне «Frіеnds Аrеnа» беларусы сустрэнуцца са зборнай Швецыі ў рамках адборачнага матча да чэмпіянату свету — 2018.

У сакавіцкім рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола наша зборная займае 72-е месца, пазіцыя беларускай каманды за мінулы месяц не змянілася. Нагадаем, апошнюю гульню беларусы правялі ў Сафіі, саступіўшы камандзе Балгарыі 0:1 у адборачным матчы чэмпіянату свету.

Першая месца ў рэйтынгу займае зборная Аргенціны, на другім радку — Бразілія, замыкае тройку наймацнейшых зборная Германіі. Са зборных краін былога СССР вышэй за ўсіх знаходзіцца Украіна, у якой 31-е месца.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сезон на старце

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.