Вы тут

У залежных ёсць права набіваць свае шышкі


Але сузалежныя перашкаджаюць ім у гэтым.


Так бывае, калі партнёр па шлюбе, дзіця, маці, сябра залежыць ад хімічных рэчываў, алкаголю, наркотыкаў або пакутуе ад гульнявой, харчовай, сексуальнай, рэлігійнай, любой залежнасці, а вы, у сваю чаргу, залежыце ад гэтага чалавека і, вядома, кідаецеся яго ратаваць. Робіце замест яго нейкія справы, выцягваеце з даўгоў, корміце, апранаеце. Гэта не цэніцца, больш за тое, вас пачынаюць абвінавачваць у тым, што з-за вас чалавек і трапіў у гэту залежнасць і не можа з яе выбрацца. Што вельмі важна, у нейкім сэнсе так і ёсць. Калі ў вашым жыцці існуюць стасункі, якія вас стамляюць, вымотваюць, з'яўляюцца крыніцай пастаяннага напружання і выхаду з іх не бачна, то, хутчэй за ўсё, вы трапілі ў шарэнгі сузалежных.

— У такія стасункі трапляюць людзі пэўнага складу — тыя, хто прывык апякаць, кантраляваць, непакоіцца пра іншых больш, чым пра сябе, — расказвае ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Ганна МІКУЛА. — Гэта людзі, якіх звыш меры апякалі ў дзяцінстве. Або, наадварот, іх кідалі, і яны такім чынам імкнуцца даць іншым тое, чаго самі ніколі не мелі. У выніку яны пакутуюць самі, не могуць пабудаваць дарослыя давяральныя стасункі і мімаволі не даюць стаць дарослымі свайму дзіцяці, мужу і г. д. Яны падтрымліваюць у тым, з кім знаходзяцца ў сузалежнасці, паводзіны ахвяры кожны раз, калі спрабуюць зрабіць ім добра. А як толькі спрабуюць адысці ў бок, то перажываюць велізарнае пачуццё віны за тое, што «кінулі», не дапамаглі, не збераглі... Але насамрэч ніякай іх віны ў гэтым няма. Чалавек павінен сам захацець пазбавіцца ад залежнасці, што магчыма толькі тады, калі з'явіцца паўнавартасная замена «сумніўнаму задавальненню».

У сузалежных ёсць патрэба пакутаваць. Карані яе, як правіла, у дзяцінстве: «дрэнная дзяўчынка — дрэнная жонка, мама», якая не заслугоўвае шчасця ў жыцці, якая абавязана клапаціцца пра іншых замест сябе. Самае лепшае, што можна зрабіць для блізкага чалавека — пачаць пражываць уласнае шчаслівае і паспяховае жыццё, быць моцнай асобай, не баяцца памыляцца і дзейнічаць, прызнаваць свае памылкі і выпраўляць іх, урэшце, атрымліваць радасць ад жыцця, нягледзячы ні на якія цяжкасці. Адэкватна ацэньвайце і паважайце выбар іншага чалавека, нават калі гэта «разбурэнне». Мець магчымасць рабіць свае памылкі, набіваць свае шышкі, каб не было каго пасля ў гэтым вінаваціць — важная частка сталення. Як бы вы ні любілі сваіх блізкіх, ад ахвярных паводзін не толькі не будзе карысці, але будзе адваротны эфект.

Неабходна фарміраваць зону любові да сябе, пачуццё ўласнай годнасці, шукаць крыніцы задавальнення не толькі ў клопаце пра іншых, але і аб сабе. Прыгадаць, што радавала ў дзяцінстве і юнацтве, аднавіць гэтыя заняткі, паспрабаваць штосьці новае. Гэта можа быць што заўгодна: танцы, літаратура, кулінарыя, дызайн... Не стаўце неверагодныя мэты, няхай гэта будзе пакуль прыемна праведзены час.

Нават пры разгерметызацыі салона самалёта кіслародную маску перш за ўсё трэба надзець на сябе і толькі пасля на дзіця. Калі вы ўмееце ў сваім жыцці рабіць выбар на карысць шчасця, то і ваш блізкі чалавек мае магчымасць у вас навучыцца. Спыніце яго ратаванне — і тады сапраўды атрымаеце шанц ратаваць і сваё жыццё, і яго. І не адкладвайце перамены на паслязаўтра, пачніце змены сёння. А калі нічога не атрымліваецца, прыходзьце да спецыяліста.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Разбуральнае ратаванне

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.