Вы тут

Дзе рыбы — Птушкі, і дзе птушкі — Людзі


Галіна ЗЫРАНАВА

нарадзілася 6 чэрвеня 1982 года ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна. Скончыла БДПУ імя Максіма Танка, працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Любіць жыццё і слова. Імкнецца перамераць рэкі замежных моў у шкарлупінцы грэцкага арэха. Яе Парыж — мора, прагне ўбачыць яго і жыць доўга-доўга ў творчай радасці. Самая важкая шкодная звычка — абдымаць незнаёмых людзей і называць іх Сонцамі.


Дзе рыбы — Птушкі, і дзе птушкі — Людзі

***

Мора маё, зноўку хваля за хваляй

Па камянях да ўзбярэжжа прастуеш.

Дзень учарашні рупліваю пралляй

З пылам самотным у пальцах нітуеш.

 

Сонца маё патапляеш у сіні,

Фарбамі белыя воблакі квеціш —

Пэўнасць у пошуме хваляў зноў гіне,

Солі ў вачах ужо больш, чым у свеце.

 

Мора маё! Абдымі мяне цёпла:

Я не прашу ні плыта, ні пярлінак —

Сіняй пяшчоты адненькую кроплю,

Сэрца відучага дотык адзіны...

 

***

Калі запытаюся раптам, чым пахне мора,

Скажы, калі ласка, што пахне яно язмінам.

Пра солі прагоркласць, заіленасць зыркіх зорак

Ты мне не кажы — не рабі надвячорак зімным.

 

Бо я нарадзілася кветкай з душою сонца,

Бо з кветкавым морам з’яднанае маё сэрца,

Бо песня язміну натканая на красёнцах,

Каб мёдам — не лёдам— напоўніць тваё вядзерца.

 

Каб ты зразумеў аднойчы: мора —не мара,

Каб я зразумела, што слёзы — не ёсць крыніца,

Каб мы прастаялі вечнасць тварам да твару,

А морам між намі усё не маглі наталіцца...

 

***

У далонях маіх — белы снег,

Кулькай саду, які па вясне

Не прыпыніцца, ані прысне,

Покуль лёд не праб’юць хрызантэмы.

Кветкі-зоркі запозненай тэмай

Расцвітуць на жывым палатне,

Нагадаўшы абноўленай мне

Мора снегу, разлітага крэмам

Па каржах акалелай зямлі,

Што да восені мякка вялі

Паўз лясы, дзе лісцём — матылі,

Закаханыя ў вольнае неба.

Хрызантэмы пад снегам — як мы,

У далонях заўчаснай зімы.

Шлях да лета кароткі, прамы,

Але ж... сонейка, сонейка трэба...

 

***

Намалюй мяне так, як умееш —

Белай птушкай між шэрых галін.

Можаш крэйдай, а хочаш — алеем.

Толькі ты мяне бачыш. Адзін.

Для астатніх я — рыска пейзажу,

Ліхтаровага кропка святла.

Толькі ты ўсім даводзіш адважна,

Што я птушка, ў якой два крыла.

Што мне неба бясконцасць — радзімай,

Хоць радзілася тут, на зямлі.

Намалюй мяне — іншым на дзіва,

Каб паверыць у лёт мой змаглі.

Намалюй мяне. Так, як умееш.

Цяжка птушцы без дужых галін.

Покуль памяць не засціць завея,

Намалюй. Як ты можаш адзін...

 

***

Ў палёце больш не выпускай маёй рукі,

Каб наша неба не звялося зноў да прыску,

Каб на пасрэднасці іржавыя цвікі

Не напароцца нам, як закружляем нізка .

Ў палёце больш не выпускай маёй рукі,

Каб не падаўся свет ізноў глухім і хіжым,

Каб не прыйшло на думку: «Людзі — мінакі,

Натоўп, ахвочы да хлусні і дробных зніжак».

Маёй рукі ў палёце больш не выпускай,

Хай неба неспасціжным морам будзе,

Дзе таямніцы і адкрыцці — цераз край,

Дзе рыбы — Птушкі і дзе птушкі — Людзі.

 

***

Мяне за плечы кратала зіма,

І восень падразала спешна крылы.

Ды Хтось сказаў: «Ты летам стань сама!»

Сказаў — і неўпрыкмет напоўніў сілай.

І павіліся парасткі цяпла,

І лісцечка зашапацела следам,

І зазырчэлі шнарыкі ад плат,

І босых думак рой сагрэўся пледам...

Нямала «і» такіх яшчэ было

У гэты дзень — на свяце саматы.

Я ведаю, як паўстае святло.

Як ведаю, што гэты Хтось — не ты...

 

***

Холадна.

У клетцы, апавітай даўкімі лілеямі,

Паміж паліцаў з перагорклымі алеямі,

Дзе з белых дошак вырастаюць камяні.

Мне холадна.

Пад столлю, дзе гірляндамі — агеньчыкі,

Дзе замест вокнаў лесвіцы з парэнчамі,

Якія сонца ўсё імкнуцца засланіць,

Як жа мне холадна...

Сагрэй мяне.

Як птушаня — далонямі,

Дасланымі па павуцінках словамі,

Старымі-новымі,

Сагрэй.

Не быць вясне.

Але як жыць староннімі?

Як галаву схіліць перад умовамі?

Як дыхаць? Словамі?

А ведаеш...

Ты толькі не старэй.

Душу пры ельніку на хвілю затрымай.

Так. Лепей не мяне — яе сагрэй.

Як птушаня — далонямі.

А я сама

Для вогнішча найлепшы бераг адшукаю

І крошкамі пазначу сцежку да вады.

«Прыходзь!» — дашлю табе на крылах чаек,

Ты адгукнешся — рэхам вогненнай хады.

Не будзе клетак больш, выгнання і адчаю,

Адной сярнічкі хопіць, пэўна, на гады...

...Мой новы дзень. Гарачы кубак чаю.

І так нясцерпна точаць сэрца халады.

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.