Вы тут

Фактычна ўсе дарослыя беларусы маюць і карыес, і перыядантыт


16 млн зваротаў да стаматолага зафіксавана летась. Едуць да нас і з-за мяжы, фактычна з любога канца свету, аднак такую лічбу забяспечылі, галоўным чынам, мы самі. Больш за палову выпадкаў звязаны з тэрапеўтычнай дапамогай, частка прыпадае на артапедычнае і хірургічнае лячэнне, асобным радком — дзіцячыя паслугі.


Эпідэміялагічныя абследаванні папярэдніх гадоў паказваюць, што 30 працэнтаў 3-гадовых дзяцей ужо маюць карыес (і толькі ў 2 працэнтаў пашкоджаныя зубы вылечаныя), сярод 6-гадовых размова ідзе адпаведна пра 80 і 50 працэнтаў. Карыёзныя пашкоджанні і розныя праявы перыядантыту маюць фактычна усе дарослыя.   

Зараз адбываецца закупка за бюджэтныя грошы фторлаку, сілантаў і індыкатараў зубнога налёту для ацэнкі стаматалагічнага здароўя дзіцячага насельніцтва і правядзення прафілактыкі карыесу. Паводле слоў галоўнага ўрача Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі, галоўнага пазаштатнага стаматолага Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Андрэя МАЦВЕЕВА, калі дзецям да 1 года пакрываць зубы, якія толькі прарэзваюцца, лакам з фторам, то інтэнсіўнасць развіцця карыесу можа знізіцца да 3 гадоў дзесьці на 60 працэнтаў. Той жа эфект забяспечвае і запячатванне фісур. Калі з самага ранняга ўзросту выкарыстоўваць пасту з фторам, можна знізіць выпадкі карыесу ў 4 разы.

Ва ўсіх рэгіёнах праводзяцца зараз пілотныя праграмы кантралюемай чысткі. У дашкольных і школьных установах прадугледжаны куткі гігіены для штодзённай чысткі зубоў пад кантролем выхавацеля. Праводзяцца супрацоўнікамі паліклінік са згоды бацькоў і прафагляды. У сталіцы такой работай ахоплена ўжо значная колькасць садкоў. 

Непасрэдна ў лячэбных установах прафілактычнымі мерапрыемствамі займаюцца ўрачы гігіеністы-стаматолагі. Яны праводзяць размовы з пацыентамі, выконваюць некаторыя маніпуляцыі — знімаюць зубныя адкладанні, паліруюць, герметызуюць фісуры. У нас ужо з наступнага года  плануецца пачаць падрыхтоўку памочнікаў урача-стаматолага і перападрыхтаваць зубных фельчараў, у якіх і будуць менавіта такія абавязкі.

Што да інавацый кшталту вырошчвання зубоў, то пакуль гэта толькі на стадыі даследаванняў, а таму можна меркаваць, што ў бліжэйшыя гады такая тэхналогія прымяняцца не будзе. Тым часам усё больш актыўна выкарыстоўваюцца лазерныя тэхналогіі пры лячэнні слізістай ротавай поласці, фотасенсібілізатары — для барацьбы са шкоднай мікрафлорай. Распрацоўваюцца і ўкараняюцца новыя тэхналогіі дыягностыкі карыесу.

Спецыялісты нагадваюць, што разлічваць ў першую чаргу трэба не на супертэхналогіі, якія вырашаць усе праблемы, а на саміх сябе.

Колькасць урачоў-стаматолагаў адпавядае ў нас сярэдняй, рэкамендаванай Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. У стаматалагічнай службе працуе каля 12 тысяч чалавек, з якіх 5 тысяч — урачы. 3,5 тысячы з іх занятыя ў дзяржаўнай сістэме аховы здароўя, амаль усе маюць кваліфікацыйную катэгорыю. Што да спецыялістаў, якія працуюць у прыватных установах, то ўжо ў сярэдзіне мінулага года практычна ўсе ўрачы таксама мелі кваліфікацыйную катэгорыю не ніжэй за першую.

Для дзяржаўных устаноў аховы здароўя актыўна набываецца  стаматалагічнае абсталяванне айчыннай вытворчасці "Белдэнт". У апошнія гады актыўна выкарыстоўваюцца і беларускія стаматалагічныя матэрыялы для пламбіравання.

Ці трэба лячыць малочныя зубы?

Абавязкова! Адна з прычын карыесу — мікраарганізмы зубнога налёту. Чым больш дзірак у роце, тым больш мікраарганізмаў, і лёс зубоў, якія яшчэ толькі прарэзваюцца, прадвызначаны. Часовыя зубы маюць такую ж пабудову, як і пастаянныя, толькі меншыя па памеры, але там ёсць і карані, і нервы. Таму дзіця можа даведацца пра зубны боль, а з такім горкім вопытам яго пасля вельмі цяжка будзе адаптаваць да лячэння зубоў пастаянных. Нялечаныя зубы — гэта яшчэ і крыніца абвастрэння хранічных захворванняў, развіццё ўскладненняў. А калі працэс дойдзе да неабходнасці выдалення зуба, гэта парушыць жавальную функцыю, прыкус, бо іншыя зубы пачнуць змяшчацца.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.