Вы тут

Інтрыга перакладу


Як добра было б, калі б Джоана Роўлінг займела вялікую сімпатыю да нашай мовы і новая кніга пра Гары Потэра выйшла ў перакладзе на беларускую мову крыху раней, чым у перакладзе на рускую... Некалькі тысяч нашых суайчыннікаў адразу скіраваліся б у кнігарню па бестселер і без праблем узгадалі напаўзабыты школьны прадмет. Пераклад з англійскай мовы — выдатная магчымасць прывабіць да мовы беларускай: наведвальнікі ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ахвотна набывалі слоўнік «Наш дом / Our Home» і зацікаўлена разглядалі кнігу Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» ў перакладзе Веры Бурлак. Нават у нядаўняй апытанцы «ЛіМа» два рэспандэнты з дзесяці на пытанне пра апошнюю прачытаную беларускую кнігу згадалі «Віню Пыха» і «Гары Потэра». Натуральна, што тэма перакладаў стала адной з галоўных у дыялогу гасцей з Вялікабрытаніі і беларускіх пісьменнікаў, журналістаў ды кнігавыдаўцоў.

Translate or not translate

На сустрэчы ў брытанскім пасольстве, прымеркаванай да адкрыцця кніжнай выстаўкі, замежныя госці шчыра адказвалі на пытанні беларускіх журналістаў. Так, адзін з арганізатараў Еўразійскай творчай гільдыі Марат Ахмеджанаў расказаў, што брытанскія пісьменнікі і выдаўцы ідуць насустрач беларускім калегам у пытанні ўрэгулявання аўтарскіх правоў.

Уладальнікі аўтарскіх правоў могуць за сімвалічную суму і нават бясплатна перадаць правы на выданне кнігі на беларускай мове. Але ініцыятыва дакладна павінна сыходзіць ад беларускіх выдавецтваў. Адпаведна, фінансавай падтрымкі ад брытанскага боку ў гэтай справе чакаць не варта:

— Сярод брытанскіх выдаўцоў даўно пануе ўпэўненасць, што «ўсе нам павінны». Ніхто фінансава не падтрымлівае пераклады англійскай літаратуры на іншыя мовы, хаця, магчыма, гэта праява пэўнай англійскай фанабэрлівасці, — адзначыў Жак Тэстэр, заснавальнік выдавецтва Fitzcarraldo Editions (Лондан).

Што ж тычыцца перакладу твораў сучасных беларускіх аўтараў на англійскую мову, то ўсе ахвотныя могуць узяць удзел у конкурсе «Адкрытая Еўразія», які штогод ладзіцца Еўразійскай творчай гільдыяй. Перамога ў конкурсе гарантуе выданне твора на англійскай мове.

— Каб вас пераклалі на англійскую мову, патрэбна смеласць. Трэба ўдзельнічаць у фестывалях і конкурсах, рабіць сінопсісы і тэставыя пераклады, бо каб пра вас даведаліся, трэба для пачатку прадставіць сябе, — адзначыў Марат Ахмеджанаў.

Зрэшты, нават кнігі Святланы Алексіевіч былі перакладзеныя на англійскую мову толькі некалькі гадоў таму: брытанскія выдавецтвы лічылі рызыкоўным брацца за пераклад, бо гэта патрабавала надта вялікіх інвестыцый.

Дарэчы, Fitzcarraldo Editions першым сярод брытанскіх выдавецтваў выдала пераклад кнігі «Час сэканд-хэнд» на англійскую мову — яшчэ да ўзнагароджвання беларускай пісьменніцы Нобелеўскай прэміяй. Зразумела, што такая сітуацыя з перакладамі не дазваляе брытанцам шмат даведацца пра Беларусь праз мастацкую літаратуру. Пры гэтым пашырэнне цікавасці да перакладной літаратуры — адна з найбольш прыкметных тэндэнцый у сучасным англійскім кнігавыданні («разам з бумам фарбаванак для дарослых», — засмучана заўважыў Жак Тэстэр).

— Калі вы жадаеце павышаць пазіцыі беларускай літаратуры ў свеце, не так істотна, на якую мову яе перакладаць, — варта развіваць мастацкі пераклад, выкладаць яго ва ўніверсітэтах як профільную дысцыпліну, ставараць працоўныя месцы, падымаць стаўкі, а таксама актыўна працаваць з замежнымі літаратурнымі агентамі, — рэзюмавалі прадстаўнікі брытанскай дэлегацыі падчас сустрэчы ў пасольстве і пажадалі беларусам поспехаў на гэтым шляху.

Бестселеры па-беларуску

Айчынныя перакладчыкі ставяцца да справы прасцей за сваіх замежных калег і бяруцца за кнігі, якія ім падабаюцца, не надта разважаючы пра рызыкі і магчымы прыбытак. Дзякуючы гэтаму на кніжнай выстаўцы-кірмашы былі прэзентаваны тры англійскія бестселеры ў перакладзе на беларускую мову. Усе тры праекты ажыццявіліся дзякуючы платформе Talaka.by.

Кожная каманда мела сваю нагоду ўзяцца за справу.

— На беларускай мове існуе не так шмат сусветна вядомай літаратуры: дзеці захапляюцца кнігай «Вінаватыя зоркі», «Гары Потэрам», а на беларускай мове твораў такога кшталту вельмі мала. Разам са старэйшым сынам мы прачыталі ўсё, што магчыма, пра лісянят, зайчанят і іншых звяроў. А потым аказалася, што, каб знайсці цікавую беларускую кнігу на сучасную тэму, трэба прыкласці пэўныя намаганні. Калі ў сямейнай бібліятэцы ўжо скончыліся такія кнігі, мы вырашылі, што можна сабрацца грамадой, тым, хто зацікаўлены атрымаць якаснае цікавае выданне, і зрабіць кнігу супольна. У ХХІ стагоддзі гэта

магчыма, бо існуе краўдфандынг, самаарганізацыя грамадства, — распавёў Сяргей Лісічонак, каардынатар праекта па выданні кнігі Ніла Геймана «Караліна» па-беларуску.

Перакладчыца Дар’я Вашкевіч расказала пра ўласныя прыгоды:

— У 2012 годзе, навучаючыся прыгожаму пісьменству у Вялікабрытаніі, ва Унівэрсітэце Варвіка, я прачытала «Караліну» ў межах курса па дзіцячай літаратуры. Адолела за адзін вечар і адразу вырашыла перакласці. Калі пераклад быў зроблены, вырашыла падзяліцца гэтым цудоўным аўтарам з кім- небудзь. Хацелася зрабіць усё афіцыйна, таму распачалася гісторыя з атрыманнем права перакладу «Караліны» на беларускую мову, якая цягнулася два гады. (Ніл Гэйман — жывы класік брытанскага і амерыканскага фэнтэзі!) Тым часам мы дамовіліся пра выданне кнігі са спадаром Зміцерам Коласам, атрымалі выдатныя ілюстрацыі ад Алены Медзяковай і знайшлі на «Талацэ» звыш ста сарака чалавек, якія падтрымалі праект. У выніку зацікаўленыя чытачы могуць паставіць беларускую «Караліну» на палічку з замежнай літаратурай — побач з кнігамі «Хронікі Нарніі» і казкай «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса», якія былі таксама прэзентаваныя падчас кніжнай выстаўкі-кірмашу.

— «Хронікі Нарніі» былі перакладзеныя на 40 моў, большасць сучасных беларусаў ведаюць гэту дзівосную казку, і несправядліва, што знакаміты твор Клайва Льюіса дагэтуль не перакладзены на беларускую мову, — мяркуе перакладчык Андрэй Кім.

Яго каманда вырашыла выправіць гэтую хібу. «Хронікі Нарніі» складаюцца з сямі кніг, першая з іх — «Пляменнік чараўніка» — ужо выдадзена, другая — «Леў, вядзьмарка і гардэроб» — рыхтуецца да друку.

— Усе сем кніг «Хронік Нарніі» напоўненыя алегорыямі на Біблію і Ісуса Хрыста, якога аўтар паказвае праз вобраз льва Аслана. Твор прасякнуты хрысціянскімі ідэямі, і для нас гэта асабліва істотна, — падкрэслівае перакладчыца першай кнігі Надзея Кім.

Размова з паэткай, даследчыцай і выкладчыцай Верай Бурлак рыхтуецца да публікацыі ў адным з найбліжэйшых нумароў «ЛіМа».

Літаратурны фастфуд?

Тэма перакладу стала адной з цэнтральных падчас дыскусіі брытанскіх аўтараў пра ролю літаратуры ў грамадстве. Разам з іншымі замежнымі гасцямі Беларусь наведалі пісьменнік Джо Данторн, чыя кніга «Субмарына» была перакладзеная на рускую мову і стала асновай мастацкага фільма, і публіцыст, літаратуразнаўца Эндру Дыксан, аўтар кнігі «Іншыя сусветы: вакол свету з Шэкспірам». Да размовы пра сучасную культурную сітуацыю далучыўся выдавец Жак Тэстэр, а беларускіх творцаў прадстаўляў вядомы пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Спадар Альгерд звярнуў увагу на тое, што ва Усходняй Еўропе паняцце стылю пакрысе адыходзіць на другі план: пісьменнікі хочуць быць перакладзенымі, і чым хутчэй, тым лепш, а для гэтага трэба пісаць не вельмі складана. Гэта назіранне знайшло падтрымку ў брытанскіх калег:

— Нам цікава чытаць замежнага аўтара, каб больш даведацца пра культуру іншай краіны. Аднак сучасныя пісьменнікі пачынаюць свядома пазбягаць культурных рэферэнцый, якія будуць незразумелыя англамоўнаму чытачу. Для літаратуры цэнтральнай Еўропы гэта праблема таксама актуальная. Аўтары вырабляюць своеасаблівы фастфуд, які мае ўсім спадабацца, але, з іншага боку, імкнуцца паказаць асаблівасці сваёй культуры праз агульназразумелую мову творчасці, — адзначыў Джо Данторн. Беларускія пісьменнікі і чытачы ведаюць пра брытанскую літаратуру нашмат больш, чым брытанскія аўтары — пра нас. Такая сітуацыя склалася ў тым ліку праз невялікую колькасць перакладаў беларускіх пісьменнікаў на англійскую мову, што, у сваю чаргу, тлумачыцца адсутнасцю гістарычных стасункаў паміж беларускімі выдавецтвамі і літаратурнымі агентамі ў Вялікабрытаніі. Тым не менш падчас дыскусіі пісьменнікі знайшлі нямала агульных тэм: «Працэс творчасці аднолькавы ў любой краіне, адрозніваецца толькі рэха ад тэксту», — адзначыў Альгерд Бахарэвіч, і ў беларускім грамадстве гэтае рэха, безумоўна, слабейшае.

Нягледзячы на тое, што літаратура сёння падзяляе ўплыў на грамадства з кіно, тэлебачаннем і друкаванымі СМІ, брытанскія пісьменнікі ўпэўненыя, што прыгожае пісьменства адыгрывае значную ролю ў сучасным грамадстве. Адной з галоўных мэтаў літаратуры яны лічаць агучванне новых ідэй, якія будуць абмяркоўвацца і спрыяць сацыяльнаму развіццю.

Мастацкі пераклад дапамагае абменьвацца думкамі паміж рознымі народамі і культурамі, вырашаць іншыя адмысловыя задачы. Абмеркаванне досведу брытанскіх і беларускіх перакладчыкаў і выдаўцоў — стымул для развіцця міжкультурнага супрацоўніцтва, а шматлікія мерапрыемствы з удзелам замежных гасцей сталі запамінальнымі падзеямі для студэнтаў беларускіх ВНУ і іншых зацікаўленых асоб. Дыялог працягваецца, у тым ліку на старонках нашай газеты.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.