Вы тут

Стартаваў трэці этап праекта Movabox


Гэтым разам галоўным удзельнікам акцыі, якую ладзіць кампанія Velcom дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры, стаў паэт-авангардыст і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль.


Праект Movabox не толькі адкрывае новыя імёны і напрамкі сучаснай беларускай літаратуры, але і працягвае сам удасканальвацца. У пацвярджэнне гэтаму ў мультымедыйным фармаце была прадстаўлена новая версія сайта праекта, на якім ужо з сённяшняга дня будзе даступны тэст па творчасці Віктара Жыбуля. Праходжанне задання дае шанц удзельнікам атрымаць у якасці прыза спецыяльную скрыначку з наборам артэфактаў, якія адлюстроўваюць адметныя рысы творчасці паэта. А яго зборнік «Дзяцел і дупло» зусім хутка з'явіцца на паліцах буккросінгу, якія размясціліся ў кавярнях сталіцы і абласных гарадоў краіны.

Спецыяльным госцем мерапрыемства таксама стаў удзельнік папярэдняга этапу Movabox, аўтар кнігі «Дзеці Аліндаркі» — Альгерд Бахарэвіч, які сімвалічна перадаў «эстафету» Віктару Жыбулю.

Пашыраючы літаратурныя гарызонты чытачоў, арганізатары Movabox вырашылі звярнуцца гэтым разам да сучаснай беларускай паэзіі. Мабыць, таму стаць першым удзельнікам гэтага кірунку выпаў гонар паэту Віктару Жыбулю, чые неардынарныя і наватарскія вершы ламаюць усё стэрэатыпныя ўяўленні пра нашу літаратуру і разам з тым адлюстроўваюць рэальнасць праз прызму іроніі і гумару.

«Лепшыя ўзоры класічнай беларускай літаратуры прысвечаны пошукам адказаў на пытанні, якія прынята называць «вечнымі». У творчасці Віктара Жыбуля пытанні таксама прысутнічаюць — але зусім іншыя: нечаканыя, неадназначныя, часам проста забаўныя, а часам нават хуліганскія», — адзначыў кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту Velcom Зміцер Курловіч.

Як і ў папярэдніх этапах Movabox, любы жадаючы, які прайшоў тэст на сайце, можа стаць адным з 20 уладальнікаў унікальнай скрыначкі з рэчамі, звязанымі з кнігай пісьменніка. Але што ж захоўваецца ўнутры запаветных скрыначак? А там вы зможаце знайсці набор налепак з персанажамі тэста, значок «Ганаровы хуліган раёна», трафарэт са словам «Адхуліганена», фігурку чалавечка на кнопачцы, якая можа адлюстроўваць настрой свайго гаспадара, і нават абавязковы атрыбут «хулігана» — кулёк семак. А своеасаблівым дапаможнікам у гумарыстычным стаўленні да рэчаіснасці стане, вядома, сама кніга Віктара Жыбуля «Дзяцел і дупло».

«Жыццё, на мой погляд, такая рэч, да якой не заўсёды варта ставіцца занадта сур'ёзна. Кожнаму з нас патрэбны той маленькі гарэза, які ўвасабляе ўменне ўспрымаць нават «дарослую» рэчаіснасць з цікаўнасцю, непасрэднасцю, адкрытасцю. Таму мне так імпануе праект Movabox — у першую чаргу сваім імкненнем абнавіць успрыманне беларускай літаратуры, пазбавіцца ад існуючых у яе дачыненні штампаў і клішэ», — адзначыў Віктар Жыбуль.

Таццяна АЛБІТАВА

Загаловак у газеце: Пахуліганім?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.