Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Мужчыны, пра якіх не марым

...Нельга сказаць, што Аленка (дачка майго знаёмага) расла дужа разумнай, але што баявой — дык гэта факт. Толькі адзін прыклад. Аднойчы, ужо падлеткам, яна паехала да сваякоў ва Украіну. Пагасціла там, купіла білет на зваротную дарогу. Цягнік яе адыходзіў не так важна, якога чысла, — важна, што ў нуль гадзін пятнаццаць хвілін.

Якраз у той дзень (а дакладней... вечар), дзяўчына прыехала на вакзал, падышла да цягніка, паказала свой білет.

— Дарагая мая, — усміхнулася ёй правадніца, — ты спазнілася амаль на цэлыя суткі. Твой цягнік даўно сышоў, а на гэты я пасадзіць цябе не магу.

— Што вы мне тыкаеце?! І як гэта не можаце?! — стала абурацца дзяўчына. — Вы ведаеце, хто я такая?! Тады слухайце: мой родны дзядзька — намеснік начальніка вашай чыгункі! Я вось зараз пазваню яму і раскажу, як вы звяртаецеся да пасажыраў, як у цягнік не пускаеце... Ён тут мігам парадак навядзе: ён усіх вас з работы пазвальняе! Вось паглядзіце!

Дзяўчына гаварыла пра гэта так гучна і трымалася пры гэтым настолькі ўпэўнена, што брыгадзір цягніка (чым чорт не жартуе, калі Бог спіць?) знайшоў такі месца! Прыехала Лена дадому, а потым яшчэ і смяялася, як лоўка яна ўсіх вакол пальца абвяла, абдурыла, бо ніякага дзядзькі (ва ўсякім разе ў кіраўніцтве чыгункі) у яе, вядома ж, не было.

Хітрая дзеўка, а ўжо крутая...

Такія, відаць, ніколі ў векавухах не сядзяць, хутка замуж выходзяць. Вось і Алена выскачыла...

Тады якраз вірлівыя былі часы: многія падаваліся ў бізнес. Але ж не ўсе заставаліся, не ўсім там шчасціла «падняцца», узбіцца на грошы. Муж Алены, напрыклад, у пралёце застаўся. І жонка не, каб зразумець ды падтрымаць яго... Яна якраз наадварот — узялася сварыцца, папракаць ды рабіць высновы. Апошняя прагучала так:

— Ты не мужчына і не гаспадар... Ты — цямця-лямця, няўдачнік, і я з такім жыць не буду. Я сабе крутога мужа знайду.

Што вы думаеце, і знайшла такі, сустрэла, як усім расказвала, «мужчыну сваёй мары»: прыгожага, галантнага... «Ён, — хвалілася, — на руках мяне носіць, булачкі ікрой намазвае (не кабачковай, вядома ж) і ў ложак падае».

Зажыла, карацей, жанчына, як у Бога за пазухай! Добра... А хацела яшчэ лепш. І, як здавалася, магла. Ва ўсякім разе муж неяк сказаў, што досыць ім жыць... як бамжы — у нейкай сціплай двухпакаёўцы. Трэба, маўляў, прадаць яе, а потым да тых грошай, што выручаць, ён дадасць сваіх і купіць шыкоўны асабняк. А пакуль можна пажыць на прыватнай...

Ну як было не паслухаць такога разумнага мужа (хай сабе і грамадзянскага)?!

Згадзілася Лена. Прадалі яны старое жытло. А вось у новае так і не ўехалі, бо той разумны муж... знік, разам з грашыма. Алене, праўда, сыночка пакінуў — нарадзіла праз пару месяцаў.

Харошае атрымалася дзіця, пацеха для дзеда з бабуляй, для маці, якая зразумела, здаецца, што на ўсякага крутога знойдзецца яшчэ круцейшы. І таму гэта гісторыя не толькі праўдзівая, але і вясёлая.

Мікалай Старых, г. Гомель


Хто пакрыўдзіў Матроса?

Апошнім часам ужо нікога не здзівіць нейкімі навуковымі адкрыццямі, нейкімі новымі таварамі, прадуктамі, прычым не толькі для людзей — для жывёл таксама.

...Гадоў колькі таму ў наш Тураў у госці да матулі прыязджала дачка з Расіі. З дзяцінства Рая любіла ўсё жывое, а таму і ў дарослым жыцці таксама трымала дома сабаку Элю і ката Матроса. Шкадавала іх — гэта па-першае, а па-другое, ехала да маці на сваёй машыне, дык чаму б, апроч іншага, не ўзяць з сабой гадаванцаў? (Пра ежу для іх гаспадыня таксама не забылася.)

Маці, вядома ж, узрадавалася — усім гасцям, без выключэння. Пасядзелі з дачкой, пагаварылі...

А той жа, прыехаўшы на малую радзіму, і па гарадку прайсціся хацелася, на знаёмыя мясціны паглядзець, з людзьмі павітацца. Ну і падалася жанчына з хаты. А ў хату якраз суседка зайшла, бо цікава ж пра госцю распытаць, падарункі паглядзець.

Гаспадыня давай расказваць, давай паказваць ды хваліцца, што тая прывезла. А заадно — чаем частаваць з адмысловым пячэннем. Упакоўка яркая, каляровая, пячэнінкі невялічкія.

— Ты, — кажа, — паглядзі, якія тут фігуркі! Навучыліся штукаваць, выдумляць, каб не толькі жывату прыемна было, але і воку радасна... Не тое што некалі.

— І не кажы, — згаджаецца з ёй суседка, — у нашай краме такога зроду не было. Шкада толькі, што цвердаватае нейкае. Мабыць, даўно ляжыць?

— Наўрад ці. Гэта, мусіць, тэхналогія такая?

Пакуль бабулі адкрывалі ды разглядалі пячэнне, на стол пішчом стаў шчаміцца кот.

— Бач ты, якая распуста! — дзівілася з яго суседка.

— Ды не, як быццам, — не разумела гаспадыня, праганяючы ката. — Раніцай мы з дачкою снедалі, Матрос не замінаў, на стол ва ўсякім разе і не думаў лезці.

Лёгкая на ўспамін у хату вярнулася Рая і, вядома ж, адразу ўбачыла, што піць гарбату жанчыны сабраліся з... «Віскасам».

Колькі было смеху, не перадаць. Але ж добра ўсё, што добра канчаецца: нешта іншае жанчыны знайшлі да гарбаты, а «Віскас» застаўся Матросу.

Л. Гук, г. Тураў


З «дураком»? Ды з траяком!

Даўно гэта было — у тыя часы, калі самы файны бензін каштаваў дзевяць капеек за літр, а парожнюю паўлітровую бутэльку можна было здаць за дванаццаць.

Рабочых рук у калгасах тады не хапала (не тое, што цяпер — не кожнага і возьмуць...). А таму кіраўнікі гарадскіх прадпрыемстваў штодзень і асабіста паведамлялі ў райкам і райвыканкам колькасць сваіх падначаленых, адпраўленых на сельскагаспадарчы фронт, на чарговую бітву — то за сена, то за збожжа, то за лён....

Найперш пасылалі на іх так званых ітээраўцаў ды вартаўнікоў з прыбіральшчыцамі, іншымі словамі — людзей не вельмі патрэбных для выканання вытворчых планаў.

Такім чынам у нашай установе нават адмысловая брыгада сабралася. «Хлопцы» былі што трэба, з гаротнага пасляваеннага пакалення. Ведалі яны цану хлебу, не цураліся (нават скончыўшы інстытуты) звычайнай сялянскай працы: касілі, грузілі, ірвалі лён, падбіралі за капалкай бульбу, адным словам, выконвалі ўсе наказы партыі, урада і свайго непасрэднага начальства.

А там, у калгасе, было ўжо іншае. Наша сельгаскаманда часцей за ўсё трапляла ў брыгаду да немаладога і даволі строгага брыгадзіра. Працу ён арганізоўваў па-гаспадарску, не мітусіўся, калі здараліся нейкія паломкі тэхнікі, не ганяў нас з поля на поле. А самае прыемнае, што ў канцы кожнага працоўнага дня аднарогай «казой» абмяраў, напрыклад, скошаную сенажаць, «падбіваў бабкі» і пісаў ведамасць, згодна з якой мы атрымлівалі грошы: не сказаць, што вялікія — калі паўтара рубля, калі два, калі нават тры... Аднак і тады на дарозе яны не валяліся.

Не буду казаць, што нашу «каманду» брыгадзір той вельмі любіў, а што паважаў — факт, бо абедаць садзіўся менавіта з намі.

Пра гарачыя стравы тады, вядома ж, не марылі: з авосек (уявіце: нават пластыкавых пакетаў не было!) даставалі няхітрыя прыпасы накшталт хлеба-сала-агурка, за лічаныя хвіліны ўпляталі іх (бо напрацаваўшыся, да таго ж на свежым паветры), а затым пачыналася так званая культурная праграма, якой, дарэчы, вельмі чакаў брыгадзір: з кішэні даставалася калода картаў.

Гульня ў нас была адна і, вядома ж, не покер, а дурань — класічны, падкідны, на высадку. Гэта значыць, прайграў — уступі сваё месца іншаму.

Брыгадзір уступаць не любіў, а вось заставацца ў разумных...

Не пазнаць было чалавека: «дурняў» высаджваў з падколкамі, «пагоны» ім вешаў з рогатам, ажываў, крычаў, святкаваў... Прычым настолькі, што нават пасля гульні і пасля работы «каза» ў ягоных руках рабілася лягчэйшай, лічбы... большымі, з усімі адсюль наступствамі.

Сцяміўшы гэта, нашы хлопцы ўзялі за правіла, калі і выйграваць, то толькі спачатку — адну-дзве гульні, а потым пераводзіць удачу на бок брыгадзіра.

І яна пераходзіла — надоўга... Аж да той пары, пакуль у нашу спетую кампанію не трапіў навічок, пакуль ён, не ведаючы «правілаў» гульні, не сеў гуляць у карты, прычым добра гуляць, без дурняў, гэта значыць, не пакідаючы брыгадзіру ніводнага шанцу.

У што гэта вылілася?

Як і варта было чакаць, пасля работы кожны з нас атрымаў па... дзевяноста капеек.

Няцяжка ўявіць, якіх «кампліментаў» наслухаўся наш «разумнік». Ва ўсякім разе па дарозе дамоў ён ужо зразумеў, што лепш застацца «дураком» ды з траяком, чым разумным без рубля. Але на сельгасработы мы яго болей не бралі.

І. Сіманёнак, г. Паставы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.