Вы тут

Гараскоп на 2017 год


Кітайскі новы 2017 год пачнецца 28 студзеня, а яго заступнікам будзе Вогненны Певень. Скончыцца год 15 лютага 2018-га.


Певень сімвалізуе світанне, маладосць, сілу, надзею, чысціню. Гэта герой і ахоўнік жыцця. Удалымі колерамі года лічацца залаты, жоўты, карычневы, а спрыяльнымі камянямі — аметыст і тапаз.

Лічыцца, што самым удалым год акажацца для Дракона. Яму можна марыць смела — многае спраўдзіцца. Певень добра ладзіць з Быком і Змяёй — усе яны адданыя, рашучыя, імкнуцца да вяршынь, любяць планаваць. Добры час і для Тыгра з Пацуком — год акажацца досыць плённым. А вось для Свінні, Казы (Авечкі), Малпы — гэта супярэчлівы час, перыяды поспеху будуць змяняцца перыядамі цяжкасцяў. Няпросты час і для Сабакі, Труса ды Каня — могуць быць праблемы ў стасунках, перашкоды ў справах, спатрэбіцца нямала смеласці і працавітасці.

Здаецца, штогод мы даведваемся аб тым, што і наступны год будзе ўдалым для сям'і. Час Пеўня не выключэнне. Кітайскія астролагі зноў прарочаць папаўненні ў сем'ях — нараджэнні дзяцей або жаніцьбу кагосьці са сваякоў. Адзінокім варта рыхтавацца да спатканняў і лёсавызначальных сустрэч. Канфлікты, калі і ўзнікнуць, то іх будзе даволі проста вырашыць: дастаткова паставіць сябе на месца іншага.

Цяжка назваць Пеўня непрыкметным, а таму актуальнымі будуць прыгажосць і здароўе (самы час адмовіцца ад шкодных звычак!) і, вядома, новыя ўборы. Мяркую, Пеўню спадабаліся б новыя лабутэны. Дый старыя няблага, калі раптам у вас ёсць.

Смела пачынайце новыя справы, падпісвайце новыя кантракты, але будзьце рэалістамі. Не будуйце паветраных замкаў, будзьце практычнымі. Большасць краін прадэманструе жорсткую палітыку. Ну, тут дастаткова прыгадаць паводзіны Пеўня на двары. Растапырыць прыгажун пер'е і падскокам наперад — вось яго стыхія. Праўда, адначасова гэтая птушка вучыць самакантролю, планаванню, дыпламатыі. На Усходзе кажуць, што гэта час, калі неабходна дасягнуць псіхалагічнай перавагі над праціўнікам, а сілу выкарыстоўваць у якасці крайняй меры.

А вось астролаг Ірына Махнач лічыць, што вельмі важную ролю налета будзе іграць... голас! Што, як, з якой сілай і каму мы будзем гаварыць. Наогул Певень — гэта абуджэнне ў першую чаргу нашай духоўнай прыроды. Дух павінен прачнуцца і прымусіць нас думаць сваёй галавой, нікому не давяраць. Певень — ён жа лідар! — цалкам самастойная адзінка, здольная павесці за сабой. Словам, няма калі плакацца і быць пасіўнымі. Сказалі: «Я змагу!» і — наперад!

Да канца студзеня ў нас яшчэ ёсць час задобрыць Пеўня, але спачатку трэба прыбраць за сабой у годзе мінулым, падцягнуць хвасты, як след прыбрацца і адсекчы мінулыя памылкі, крыўды, сумненні. А 28-га чысла адчыніць дзверы ў будучыню. На думку Ірыны Махнач, няправільна нічога не рабіць, а проста чакаць наступнага года: «Вось год Малпы быў дрэнным, можа, год Пеўня будзе лепшым за яго?» Важна разумець, што няма такога паняцця, як «дрэнны год». Важна, каб мы ўсвядомілі, што ўсё ўнутры нас. Певень няпростыя задачы нам падносіць, але вось у гэтым і цікавасць... Калі хочаце, каб у наступным годзе быў пазітыў, — настройцеся на дынаміку. Прызнавайцеся ў каханні, вымаўляйце гэтае слова, і няхай ваш голас будзе вельмі пераканальным».

Некаторыя астролагі сцвярджаюць, што ў новым годзе давядзецца наводзіць парадак і самаўдасканальвацца. Строгі кантроль і ўлік, рэвізія і ацэнка, рэжым эканоміі — гэта актуальна. Пажадана, каб усё было зроблена якасна, па-мастацку, стыльна. Ва ўсякім выпадку такой будзе спроба, а што атрымаецца на практыцы... З аднаго боку, можа ўзмацніцца прэсінг, а з другога — некаторыя паслабленні і дывідэнды, дзякуючы гэтаму самаму ўзмацненню. Дзяржава будзе ініцыятарам істотнага рэфармавання ў самых розных галінах і галоўным суб'ектам, які прыме ўдзел у буйных эканамічных здзелках і дамоўленасцях. У актыўным стане будуць паняцці і сферы дзейнасці, звязаныя з электрычнасцю, інфармацыяй, сродкамі і суб'ектамі яе перадачы, а таксама дакументы, дагаворы, акцыі, сертыфікаты, рэклама, сродкі перасоўвання, урэшце і людзі, якія выконваюць функцыі пасярэдніка. Аднак трэба быць гатовымі і да таго, што з усім вышэйзгаданым будуць адбывацца і розныя непаразуменні: інфармацыя можа губляцца, камп'ютарныя сістэмы выходзіць са строю, паперы затрымлівацца і шматразова пераправярацца, на транспарце магчымыя нестыкоўкі і аварыі.

Кажуць, што ў года будзе энергія маладой жанчыны, а таму менавіта яны, найбольш яркія і прыкметныя, акажуцца асабліва ўплывовымі. А на бытавым узроўні гэта актывізуе тэму флірту, рамантыкі, вяселляў і нават разводаў. Так што калі вы замужам і даўно, для ўмацавання вашага саюза вам неабходна ператварацца ў прывабную даму, якая патыхае «духамі ды туманамі». Певень наогул настройвае на павышаную ўвагу да ўсяго прыгожага, да іміджу, стымулюе актыўныя стасункі, забавы і захапленні. Гэта ў першую чаргу павінны адчуць народжаныя ў гады Малпы, Пацука і Дракона — яны будуць асабліва прывабнымі для супрацьлеглага полу і запатрабаванымі ў соцыуме. Так што калі вы добры сем'янін, імкніцеся пазбягаць розных спакус.

Розная іншая інфармацыя пра наступны год, якая сустракаецца паўсюдна, пацвярджае сказанае раней. Птушка спрыяльна ставіцца да ўсіх, хто любіць працаваць, да перфекцыяністаў, якія жадаюць дабіцца ідэальнага завяршэння сваіх спраў. Словам, актыўнасць і яшчэ раз актыўнасць. Калі ў наступным годзе папрацаваць як след, то абавязкова будзе што ўспомніць і чым ганарыцца. Правільныя спадарожнікі і аднадумцы — у дапамогу.


Авен акажацца непрадказальным. Ён сутыкнецца з вялікай колькасцю прапаноў, і ад усіх будзе цяжка адмовіцца. Аднак, як мы помнім, Певень любіць рашучых. Таму смялей наперад, ёсць шанц схапіць гэту птушку ўдачы за хвост. Пры гэтым варта праявіць максімальную ўважлівасць і спрытнасць.


Цяльцу трэба падрыхтавацца да кардынальных змен у асабістым жыцці. Тыя, хто дагэтуль не знайшоў сваю другую палову, абавязкова сустрэнуць чалавека, які застанецца з ім надоўга. А сямейныя павінны ўважліва ставіцца да свайго любімага чалавека, бо тут і да разводу недалёка. У прафесійнай дзейнасці ўсё будзе складвацца найлепшым чынам, што і не дзіўна для такіх выдатных работнікаў, як вы. Калі ў вас ужо ёсць нейкая ідэя, і гэта не авантура, то цалкам магчыма рэалізаваць яе на працягу наступнага года.


Блізняты будуць дзейнічаць рашуча, іх нішто не стрымае. Можна мяняць работу, перапыняць стасункі з некаторымі асобамі або проста ад'язджаць куды-небудзь далей ад дому. Што б вы ні зрабілі, усё на карысць. Адзінае: павінен быць дакладны, добра распрацаваны план. Ніякіх авантур, іначай трапіце ў няёмкае становішча.


Раку будзе цяжкавата. Рызыкуеце стаць ахвярай дэпрэсіі, але вы павінны змагацца з такімі пачуццямі, каб не прычыніць шкоды вашаму арганізму. Пазбягайце канфліктных сітуацый, больш адпачывайце, шукайце прыемнасці для душы — хадзіце на выставы, у тэатры, музеі. Дарэчы, вам можа трапіцца чалавек, які дапаможа пераадолець сумны настрой.


Льва ўдача будзе суправаджаць паўсюль. Галоўнае, не заблытацца ў магчымасцях і адрозніць сапраўдную добрую ідэю ад той, якой трэба пазбегнуць. Свабодныя асобы адшукаюць свайго надзейнага дастойнага партнёра. Цалкам можа быць, што складзецца досыць трывалы саюз.


Дзева павінна адчуць магутны прыліў сіл і энергіі. Гэта будзе год змены жыццёвых пазіцый, прыярытэтаў. Вам захочацца правесці работу над памылкамі: спачатку выявіць іх, а пасля выправіць, каб стаць лепш. Змена паводзін палепшыць і вашы прафесійныя якасці. У асабістым жыцці ўсё можа быць вельмі і вельмі эмацыянальна, а таму ёсць імавернасць, што нейкія даўнія стасункі завершацца.


Шалям будзе няпроста. Уласцівая ім нерашучасць стане прычынай многіх праблем. І блізкія не падтрымаюць. Так што вазьміце волю ў кулак і гераічна ідзіце наперад, не баючыся ўдараў лёсу. Пры гэтым не выключаны выдатныя перспектывы кар'ернага росту і добрай аплаты. Праўда, для гэтага давядзецца паварушыцца.


Скарпіён рэалізуе задуманае, знойдзе другую палавінку і нават у максімальна сціслы тэрмін абмяняецца пярсцёнкамі. Наступны год акажацца ўдалым і для тых, хто планаваў змяніць месца жыхарства — гэта можа быць не толькі іншы горад, але і краіна.


Стралец адчуе жаданне змяніць жыццё. Навучыцца радавацца драбязе, простым рэчам. Кіруючая пасада прынясе і маральнае задавальненне, і матэрыяльныя выгады. Магчыма, давядзецца адмовіцца ад нейкіх далёкіх падарожжаў: яны не прынясуць чаканага выніку.


Казярог правядзе год у спробах устанавіць баланс паміж асабістым жыццём і работай. Дасягнуць гармоніі будзе няпроста, бо спачатку трэба пераасэнсаваць некаторыя каштоўнасці, вызначыць новыя мэты, рэалізаваць даўнія ідэі. Год акажацца складаным, але і станоўчаму там месца знойдзецца. Чакаюцца новыя адкрыцці, давядзецца перажыць нейкія новыя эмоцыі.


Вадалей таксама пераасэнсуе каштоўнасці, інакш расставіць прыярытэты. Давярайце інтуіцыі, якая не павінна падвесці. Неабходна ўважліва фільтраваць усё, што вам навязваюць іншыя: высокая імавернасць, што яны памыляюцца. А памылкі могуць вам дорага каштаваць.


Рыбы павінны праявіць усю сваю энергічнасць і харызматычнасць. Будзе гэта — вырашацца і любыя пытанні. Асабліва тыя, што даўно вісяць у паветры. Вельмі важнай акажацца змена жыццёвых прыярытэтаў. Падобныя паводзіны спадабаюцца гаспадару года, ён адорыць вас якімі-небудзь падарункамі.


 

Загаловак у газеце: Пеўню насустрач

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.