Вы тут

Як зрабіць акарыну сваімі рукамі


Майстар-клас ад крычаўскага мастака і майстра па кераміцы Міхаіла Гарбунова.


Свістулькі ў выглядзе маленькіх конікаў вядомы далёка за межамі Крычаўскага раёна. Але аднымі конікамі тутэйшыя ганчары не абмяжоўваюцца. Лепяць музычных коцікаў, птушак, бараноў і шмат чаго іншага. Ёсць нават свой варыянт акарыны. Калі зазірнуць у музейную краму, можна падабраць нешта па гусце. Але спецыяльна для чытачоў «Сямейнай газеты» дырэктар дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Міхаіл Гарбуноў, які 35 гадоў свайго жыцця прысвяціў кераміцы і мае ганаровы знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», з задавальненнем паказаў, як рабіць акарыну сваімі рукамі. Вядома, паўнавартасны музычны інструмент не атрымаецца, затое свістулька, калі пастарацца, парадуе вельмі мілагучнымі гукамі. Нічога складанага ў стварэнні яе няма, дастаткова творчага настрою і кавалачка гліны.

У былыя часы крычаўскія ганчары, па некаторых звестках, ездзілі па яе ў суседні Шумяцкі раён Смаленскай вобласці. Тутэйшая гліна для работы не прыдатная, бо яна з пяском. У школе выяўленчых мастацтваў, напрыклад, выкарыстоўваюць віцебскую гліну, якой дзеліцца цэментны завод. Але нам прасцей купіць зыходны матэрыял у краме.

Спатрэбіцца таксама дошка для работы (мы выкарыстоўвалі кавалачак драўняна-валакністай пліты, ад якой на вырабе застаецца рэльефная тэкстура, падобная на луску) і набор інструментаў, якія могуць з поспехам замяніць падручныя матэрыялы — алоўкі, ручкі, рознай формы стэкі, разцы, таўкачы. Ну што, гатовы? У чымсьці гэты працэс нагадвае завіханні на кухні.

1. Бяром кавалак гліны і раскатваем яго, як цеста.

2. З глінянай аладкі выразаем эліпс.

3. Робім з яго вялікі пельмень. Адбіваем на стыку круглай палачкай, каб было больш гладка і акуратна.

4. Вострымі прадметамі (падыдзе адвёртка, ручкі, алоўкі) упрыгожваем будучую акарыну рознымі ўзорамі і насечкамі на свой густ. Міхаіл Пракоф'евіч, напрыклад, назваў сваю нарыхтоўку птушкай.

5. Вельмі важны этап: бяром разец і выразаем адтуліну для фліп-муштука (прылада ў выглядзе свістка).

6. Свісток (па выглядзе яго не адрозніш ад віннага корка) лепім з пакінутага пасля абрэзкі кавалачка гліны і прыклейваем вадкім шлікерам да «птушкі-пельменя». Месца злучэння выраўноўваем з дапамогай круглай палачкі.

7. Цяпер вучым птушку спяваць. Робім адтуліну над муштуком з такім прыцэлам, каб прасунутая цераз муштук палачка была бачная праз гэта «акенца».

8. Верхні над муштуком бок — «акенца» — павінен выконваць ролю лабіума, прыплюснутага язычка. Ён падзяляе струмень паветра, якое паступае па муштуку. Калі ваша амаль што гатовая акарына загучала, значыць усё зроблена правільна. Калі не, трэба рэгуляваць (падціскаць) гэты язычок то ўніз, то ўверх, пакуль інструмент не загучыць.

9. Праколваем дзірачкі, каб гук «пераліваўся».

Акарына гатовая. Засталося толькі абпаліць яе ў печы і размаляваць, як вам падкажа фантазія.

Падрыхтавала Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.