Вы тут

Чым зацікавілі інвестараў студэнты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта?


Сваім патэнцыялам! У навучальнай установе ўжо стала традыцыяй два разы на год праводзіць так званыя інвест-уікэнды, калі студэнты, аспіранты, маладыя выкладчыкі прэзентуюць свае праекты.


— Інвест-уікэнд праходзіў шосты раз, — расказвае Мікалай КРУЧЫНСКІ, прарэктар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта па навуковай працы, куратар інвест-уікэнда. — Сутнасць яго ў тым, што нашы маладыя выкладчыкі, аспіранты, студэнты прадстаўляюць свае стартап-праекты. Такім чынам атрымліваецца трансфармацыя ўніверсітэцкіх ведаў у канкрэтны бізнес. На мерапрыемства запрашаюцца прадстаўнікі ўлад і бізнесмены. Яны ацэньваюць прадстаўленыя праекты. Ідзе ўзаемны абмен меркаваннямі, дадатковай інфармацыяй.

Падчас такіх кірмашоў ідэі часта знаходзяць сваіх рэалізатараў. Вось і цяпер адна з канцэпцый зацікавіла прадстаўнікоў універсітэта.

— У нас ва ўніверсітэце другі год існуе практыка: лепшыя праекты стартапаў і лепшыя праекты конкурсу навуковых работ студэнтаў пасільна фінансаваць у выгляде грантавай падтрымкі, — патлумачыў Мікалай Кручынскі. — Адзін з праектаў гэтага інвест-уікэнда — пад умоўнай назвай «Грын-кафэ» — атрымае фінансаванне. Ідэя была прысвечана распрацоўцы дызайна студэнцкага кафэ ва ўніверсітэце. Над ёй працавалі студэнты кафедры ландшафтнага праектавання біятэхнічнага факультэта.

Да іншых праектаў праявілі цікавасць бізнесмены, прадстаўнікі банкаў.

— Мне здаецца, гэта больш доўгатэрміновая перспектыва, — адзначае прарэктар універсітэта. — Праўда, існуе і ўскосны эфект ад інвест-уікэнда, калі бізнесмены, банкіры бачаць людзей, якія прадстаўляюць праект, таму пасля ўзрастае верагоднасць прытоку інвестыцый у чалавечы капітал. Удзельнікі ў большасці сваёй студэнты, і патэнцыйны работадаўца можа знайсці для сябе супрацоўнікаў.

На працягу гэтага мерапрыемства было прэзентавана шмат цікавых распрацовак. Самым паспяховым бізнес-праектам, па словах Мікалая Кручынскага, стала задума студэнта 5 курса біятэхналагічнага факультэта Віктара Ярмаша аб развядзенні афрыканскага кларыевага сама.

— Гэта прэзентавалася падчас мінулага інвест-уікенда, і мы гэты праект прафінансавалі, — расказаў суразмоўца. — Зараз былі прадстаўлены распрацоўкі па атрыманні патомства ад гэтага матачнага статка і па далейшай камерцыялізацыі ідэі. Гэты праект перспектыўны, бо ніша на рынку адпаведная ёсць.

У сацыяльнай сферы быў адзначаны праект студэнта банкаўскага факультэта Васіля Макарчука пад назвай «Хакатон». Гэта своеасаблівая музычная тусоўка, дзе музыканты могуць стварыць новую групу, прыдумаць новую мелодыю і, адным словам, рэалізаваць сябе на працягу 48 гадзін. У канчатковым выніку ўсе музыканты, якія ў гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаюць, даюць канцэрт, дзе прадстаўляюць кампазіцыі, створаныя за мінулыя двое сутак.

Цікава, што інвест-уікэнд Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта ўжо вядомы і за мяжой. У ім удзельнічалі каманды з Бранска, шэрагу ўкраінскіх гарадоў. Вось і цяпер студэнты з Роўна і Адэсы прадставілі свае ідэі. Адэская каманда прапанавала праект «Біякаміны», які перамог у намінацыях «Самы крэатыўны падыход да рашэння праблемы» і «Лепшая каманда праекта», а студэнтка з Роўна Кацярына Клімюк з распрацоўкай «Падрыхтоўка кіраўнічых кадраў і структурнае вымярэнне навучальнага працэсу» прызнана пераможцай у намінацыі «Самы сацыяльна значны праект».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Інвестары сабраліся ў Пінску

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.