Вы тут

Аксана Волкава: «Трэба проста добра рабіць сваю справу»


Імя беларускай опернай спявачкі Аксаны Волкавай на сусветным музычным небасхіле ўзышло не так даўно. Усяго чатыры-пяць гадоў таму. І за такі кароткі час сярод зорак першай велічыні яно заззяла ярка, прыцягальна, годна. Аксана Волкава, нягледзячы на сваю маладосць, многае паспела. Яна — лепшае мецца-сапрана беларускага опернага тэатра, запрошаная салістка Вялікага тэатра Расіі і Латвійскай нацыянальнай оперы. З вялікім поспехам спявала на знакамітых сцэнах Лондана, Мадрыда, Вашынгтона, Палерма, Ніцы...


Адной з вяршынь яе творчых дасягненняў з'яўляецца выступленне ў сусветна вядомай нью-ёркскай «Метраполітэн-опера». А гэтым летам Аксана Волкава дэбютавала на сцэне праслаўленага міланскага тэатра «Ла Скала». У оперы П'етра Масканьі «Сельскі гонар» наша спявачка выканала партыю Лолы.

— Кожны оперны спявак марыць выступіць у «Ла Скала». Мая мара збылася, і гэты вопыт быў незвычайным, — прызнаецца Аксана. — Вялікая сцэна, на якой спявалі Каллас, Каруза, Павароці. Адчуванні неперадавальныя!

Усяго ж на сённяшні дзень у рэпертуары Аксаны Волкавай больш за дваццаць партый у самых вядомых і папулярных операх свету. Такія, як Кармэн з аднайменнай оперы Ж. Бізэ, Амнерыс («Аіда» Дж. Вердзі), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Маддалена («Рыгалета» Дж. Вердзі), Любка («Сівая легенда» Д. Смольскага) і іншыя. За выдатныя творчыя дасягненні, высокае прафесійнае майстэрства і заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва спявачка ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, ёй прысвоена ганаровае званне Заслужанай артысткі Беларусі.

Выбар шляху

— Кажуць, у таленавітых дзяцей павінны быць і таленавітыя бацькі. Аксана, раскажыце, калі ласка, пра сваіх бацькоў.

— Бацька — ваенны, маёр унутранай службы. Шмат гадоў працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў. Зараз у адстаўцы. Але ён чалавек актыўны, знаходзіць сабе шмат розных заняткаў і дома, і на дачы. Мама — таленавіты настаўнік матэматыкі. На пенсіі, але яшчэ працуе. Я думаю, вучням маёй мамы пашанцавала. Усе яе выхаванцы не проста атрымалі добрыя веды, але і многага дабіліся ў жыцці.

— Ад каго ж тады голас, слых, музычны талент?

— У мяне бабуля па матчынай лініі спявала ў хоры. Была салісткаю. Я нават у нечым да яе падобная. Але і мама з татам маюць музыкальныя здольнасці. Тата добра спявае няблага пастаўленым барытонам.

— На ваш погляд, якія якасці вы ўзялі ад бацькоў?

— Ну, напэўна, вось гэтае імкненне нешта рабіць. Ісці наперад. І яшчэ, бадай, нейкую «савецкую» правільнасць ва ўсім. У мяне ніколі не было пытанняў адносна таго, што такое добра і што такое кепска. Унутры ўсё дакладна структуравана, і гэта дапамагае мне рухацца наперад па прамой, нікуды не збочваючы... Я не памятаю, каб перажывала нейкія праблемы пераходнага ўзросту, каб мяне «круціла», кідала з боку ў бок. Не было канфліктаў з бацькамі. І пасля, калі я паступіла вучыцца ў кансерваторыю, мела дакладны план: што павінна рабіць, для чаго, па якой дарозе ісці. Усё было ясна і зразумела. І ў гэтым, я лічу, заслуга маіх бацькоў. Хаця яны мне ніколі нічога не навязвалі.

— Вы, скончыўшы школу, яшчэ не мелі яснага ўяўлення, чым будзеце займацца?

— Не мела. Хаця я з дзяцінства любіла спяваць. І спявала ўсюды. Дома, падчас сямейных свят, у дзіцячым садку, перад традыцыйнай «ціхай гадзінай». Што тычыцца майго опернага голасу, то пра яго наяўнасць я даведалася намнога пазней. А тады, у дзіцячым і падлеткавым узросце, чула па тэлебачанні арыі з опер і імкнулася іх пераймаць. Суседзяў такое маё «спяванне» раздражняла, асабліва калі я яшчэ акампаніравала сабе на фартэпіяна. Відаць, з-за гэтай цікавасці да вакалу бацькі і вырашылі аддаць мяне ў школу з музычным ухілам. За што я ім сёння вельмі ўдзячная. Але я разумела, што паступіць у кансерваторыю адразу пасля школы, без музычнага вучылішча, нерэальна. І ўсё ж рызыкнула паспрабаваць. У ліку трох дзяўчынак з нашай школы схадзіла на кансультацыю ў кансерваторыю. Нас праслухалі, і мне сказалі, што я ім спадабалася.

Вось тут у мяне і з'явілася надзея. Праўда, пасля ўжо, калі прыйшла на экзамены і паглядзела, колькі аказалася жадаючых, мне стала не па сабе. Здаўшы экзамен па спевах, села ў зале паслухаць саперніц. Усе спявалі настолькі цудоўна! Я сядзела, слёзы каціліся па твары... Пасля, калі абвясцілі ацэнкі, аказалася, што мяне прынялі.

Ак­са­на Вол­ка­ва ў спек­так­лi «Кар­мэн» на пер­шым мо­ла­дзёж­ным фо­ру­ме  опер­на­га мас­тац­тва кра­iн СНД, Бал­тыi i Гру­зii, май 2012 го­да.

Прыступкі росту

— Наколькі я ведаю, ужо на трэцім курсе вас запрасілі ў оперны тэатр. Хто гэтаму садзейнічаў? Кажуць, што сам маэстра Анісімаў вас падтрымаў?

— Ніхто. Я сама даведалася, што сітуацыя ў тэатры з мецца-сапрана складаная — вядучая салістка паехала ў Францыю і засталася там жыць. А яшчэ адна спявачка збіралася ісці ў дэкрэтны адпачынак. І тады я свайго педагога Лідзію Іванаўну Галушкіну пачала прасіць: «Пойдзем у тэатр!» Яна: «Які тэатр? Ты на трэцім курсе». А пасля пагадзілася, пазваніла ў тэатр і папрасіла, каб мяне праслухалі. У прызначаны дзень я прыйшла на праслухоўванне. Камісія была строгая, сур'ёзная. Я спяваю адну арыю, другую. Просяць пачаць трэцюю. Праспявала і выйшла. Пачалося абмеркаванне. Доўга мы сядзелі ў калідоры, чакалі. Нарэшце адчыняюцца дзверы, члены камісіі выходзяць і пачынаюць віншаваць Лідзію Іванаўну. А мне кажуць: «У вас праз месяц спектакль «Яўгеній Анегін». Неадкладна пачынайце падрыхтоўку».

А што тычыцца Анісімава, то ўжо пасля мне расказалі, што на абмеркаванні галасы падзяліліся. І вось тут маэстра сказаў: «Я бачу ў гэтай дзяўчыне перспектыву...» І рашэнне было прынята на маю карысць.

— І адразу даверылі адну з галоўных партый у спектаклі «Яўгеній Анегін» — партыю Вольгі. Не выклікала гэта з боку калег зайздрасці, нядобразычлівасці? Творчыя калектывы, як правіла, складаныя.

— На шчасце, нічога падобнага я не адчула. Наадварот, калегі аказвалі дапамогу, падтрымку. А для чалавека, які робіць першыя крокі на прафесійнай сцэне, гэта вельмі важна. Ды і кіраўніцтва тэатра — дырэктар, кампазітар Сяргей Картэс, пасля мастацкі кіраўнік Маргарыта Ізворска-Елізар'ева, галоўны дырыжор Аляксандр Анісімаў — праявілі да мяне належную ўвагу і клопат. Магчыма таму, дэбютаваўшы ў спектаклі «Яўгеній Анегін» Чайкоўскага, у наступныя гады я выканала ў тэатры партыі Кармэн у аднайменнай оперы Бізэ, Амнерыс у оперы «Аіда» Вердзі, Марфы ў оперы «Хаваншчына» Мусаргскага, Марыны Мнішак у оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага, Любашы ў оперы «Царская нявеста» Рымскага-Корсакава, Паліны ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага і шэраг іншых.

— І кожная з гэтых партый прыносіла вам новы поспех, ваша імя набывала папулярнасць, прызнанне. Мінскі глядач стаў хадзіць у тэатр «на Аксану Волкаву». І раптам нечакана — ва ўсякім разе, для публікі — вы апынаецеся ў Маскве. Як і чаму гэта адбылося?

— Не, для мяне гэта не было нечаканасцю. Разумееце, каб прафесійна расці, спявак абавязаны пастаянна вучыцца, удасканальваць майстэрства. Таму я заўсёды імкнулася і імкнуся ўдзельнічаць у конкурсах, кастынгах, праслухоўваннях. Гэта вельмі карысны занятак. Ён дае магчымасць параўнаць сябе з іншымі вядомымі спевакамі, многаму ў іх павучыцца. Дык вось, будучы аднойчы на конкурсе ў Пласіда Дамінга, я даведалася, што Вялікі тэатр у Маскве аб'явіў спецыяльную Маладзёжную оперную праграму для маладых таленавітых спевакоў з краін СНД. Я тут жа адправіла заяўку. На праслухоўванне з'явілася каля чатырохсот чалавек. А выбраць трэба было ўсяго дзесяць. Сярод шчасліўчыкаў аказалася і я.

— Пасля заканчэння Маладзёжнай праграмы вас запрасілі ў Вялікі тэатр Расіі?

— Не, на сцэне гэтага праслаўленага тэатра я дэбютавала яшчэ падчас вучобы, у партыі Отрака ў оперы Рымскага-Корсакава «Паданне пра нябачны горад Кіцеж і дзеву Феўронню». І пасля паспяховага дэбюту мяне залічылі ў штат. Я выканала там некалькі галоўных партый, у тым ліку Кармэн, Любашы, Вольгі, Фенены. Пазней была выключана са штатных работнікаў, але засталася запрошанай салісткай.

Побач з зоркамі

— Вы першая беларуская спявачка, якой выпаў гонар выступіць на сцэне сусветна вядомай «Метраполітэн-оперы». Гэта быў ваш першы прыезд у Нью-Ёрк?

— Другі. А першы раз я прыязджала сюды крыху раней — «страхаваць» Кармэн. Па праўдзе кажучы, напачатку ад гэтага запрашэння я хацела адмовіцца. Але мой педагог здзівіўся: «Ты што, звар'яцела? Хуценька збірайся і едзь, таму што другі раз могуць і не запрасіць». Я паехала і не пашкадавала. Са мною ад пачатку і да канца зрабілі ролю, вельмі плённа папрацавалі і педагог па вакалу, і выкладчык французскай мовы. А самае галоўнае — мяне паглядзелі, як кажуць, у справе: як я спяваю, як рэагую на заўвагі, якая я ў зносінах з калегамі. Для мяне ўсё гэта з'явілася вельмі цікавым і карысным. Таму, працуючы ў «Рыгалета», мне было ўжо трохі прасцей.

— Вашымі партнёрамі на сцэне былі оперныя зоркі першай велічыні: партыю Рыгалета выконваў серб Жэлька Лучыч, Герцага — паляк Пётр Бечала, Спарафучыле — славак Стэфан Кочан. А ў ролі Джыльды — прыма сусветнай оперы, нямецкая спявачка Дзіана Дамрау... Іх прысутнасць побач вас не бянтэжыла?

— Наадварот, неверагодна натхняла. Мне невыказна пашанцавала працаваць з гэтымі выдатнымі спевакамі і цудоўнымі людзьмі. Уся пастаноўка спектакля праходзіла ў вельмі таварыскай і прыемнай атмасферы, з жартамі, з перапынкамі на каву і гутаркі.

— А як вам працавалася ў дуэце з Ганнай Нятрэбкай? Не адчувалі яе зорнасці?

— Ганна — цудоўная жанчына, добрая, шчодрая, мудрая. Ні грама высакамернасці, ні намёку на зорнасць. Мы часта сустракаліся не толькі на рэпетыцыях, шмат аб чым гутарылі і, можна сказаць, пасябравалі. А што тычыцца яе вакальных, артыстычных даных, то гэта — найвышэйшы сусветны ўзровень. Нятрэбка ў партыі Таццяны была непараўнальнай. Яна вельмі выразная, тонка адчувае рускую музыку. Такога выканання я ніколі не чула.

Прыцягальнасць вяршынь

— Агульнавядомая ісціна: добра спяваюць многія, але ў яркія зоркі прабіваюцца адзінкі. Што для гэтага, на вашу думку, трэба?

— Я, напрыклад, не лічу, што ўжо прабілася ў зоркі, таму наўрад ці магу раздаваць парады. Я сама яшчэ і палавіны не зрабіла з таго, што магла б зрабіць.

— У вас усё наперадзе.

— Цяпер опера вельмі памаладзела. Ужо ў сорак гадоў ты павінен быць альбо зоркай, гэта значыць спявачкай высокага класа, альбо ты сваё становішча ўжо не зменіш.

Таму я лічу, што часу ў мяне засталося не шмат. Калі я за пяць гадоў не зраблю якасны рывок наперад, то рызыкую застацца ў другім эшалоне.

— Адчуваеце, што ёсць яшчэ нерэалізаваны патэнцыял? Дык што ж трэба, каб яго рэалізаваць?

— Патрэбна вялізная работа над сабой, каб быць гатовай да любой нечаканай прапановы. Раптам скажуць: ты павінна заўтра спяваць Кармэн у «Метраполітэн-опера». І трэба быць да гэтага падрыхтаванай, упэўненай, што ў цябе ідэальная французская мова, выдатная фізічная форма і ты зможаш вакальна і па-акцёрску выканаць гэту ролю.

Такім чынам, першы складнік — прафесіяналізм. Але гэтага мала. Павінна быць каманда менеджараў, якая будзе табой займацца. Тваю паступальную кар'еру павінны пралічваць прафесіяналы, менеджары, якія ў гэтай сферы докі. Я ні на міг не магу расслабіцца, вымушана ўвесь час трымаць сябе ў тонусе. Не магу сказаць, што я малайчына, калі спявала на прэстыжных сцэнах, і магу ўжо да пенсіі гэтым ганарыцца. Не. Ужо заўтра я павінна прадумаць свой будучы рэпертуар.

— Скажыце, а ад чаго залежыць якасць спеваў? Ад здароўя, надвор'я альбо яшчэ ад чаго-небудзь?

— Перш за ўсё — ад школы, пастаноўкі голасу. Мы ж у кансерваторыі вучымся не проста паветра выдзімаць. Майстэрства спевака ў тым і заключаецца, што нават у хваравітым стане ты ўсё роўна прагучыш. Мы здаровыя толькі летам і ў адпачынку. А так заўсёды нешта не ў парадку: то насаглотка, то насмарк, то горла баліць, то пераспяваў — навярэдзіў звязкі.

— А наогул — ці доўгі век опернай спявачкі?

— Усё залежыць ад таго, як ставішся да свайго голасу.

Можна і ў сорак пяць яго «забіць». А можна і ў пяцьдзясят быць у выдатнай форме.

Гэта залежыць ад многага — ад гігіены голасу спевака, яго інтэлекту, стану здароўя. Тут няма дробязяў. Але голас у кар'еры — гэта не ўсё. Ці, дакладней сказаць, толькі адзін са складнікаў. Усё заключаецца ў асобе спевака — у яго характары, яркай індывідуальнасці, артыстычнай энергіі, здаровых амбіцыях, у рэшце рэшт, у яго інтэлекце.

Чароўная сіла музыкі

— Аксана, скажыце, калі ласка, з зайздрасцю вам даводзілася сутыкацца?

— Магчыма, і даводзілася. Усюды ж ходзяць нейкія размовы, плёткі. Гэта ёсць. У любым асяроддзі. Але я не хачу гэтага чуць, праходжу міма. Перажываць, што нехта пра мяне не тое скажа альбо не так падумае, па-мойму, вялікая недарэчнасць. У мяне ёсць кола прафесійных зносін, якое засталося пасля Маладзёжнай праграмы. Свет вакальны дастаткова вузкі. Мы сустракаемся то на адной пастаноўцы, то на другой. І ў мяне з усімі добрыя адносіны. Калі хто да мяне з дабром, то я да яго — двойчы.

— Бываеце незадаволеныя сабою?

— Пастаянна. Я ніколі не бываю цалкам задаволеная. У мяне шмат запісаў маіх выступленняў, і калі я іх праслухоўваю, то заўсёды знаходжу заганы. І здаецца: дайце мне яшчэ адзін шанц — і я зраблю лепш. Але бывае, што гэты шанц даюць, а атрымоўваецца горш.

— А бывала, каб вы праспявалі так, як хацелі?

— Так, бывала. Праўда, іншы раз унутранае адчуванне падманвала: пасля, пры праглядзе запісу, усё ж знаходзіла некаторыя заганы. Таму пасля кожнага спектакля ўважліва аналізую сваё выступленне, думаю, як у наступны раз зрабіць лепш. Няма мяжы дасканаласці.

Ды­ры­жор Хо­бард Эрл, Ак­са­на Вол­ка­ва i вi­я­лан­чэ­лiст­ка Да­лi Гу­цы­ры­е­ва на свя­точ­ным кан­цэр­це  «Му­зы­ка на ўсе ча­сы» ў су­пра­ва­джэн­нi ар­кест­ра Вя­лi­ка­га тэ­ат­ра опе­ры i ба­ле­та, каст­рыч­нiк 2016 го­да.

Пра час і пра сябе

— Некалькі асабістых пытанняў. Якая вы па характары — моцная, слабая?

— Я не ведаю. У нейкія моманты — моцная, а ў нейкія — слабая. Я — розная. Я — звычайная жанчына, якой часам патрэбна дапамога, маральная падтрымка. Але я ніколі не іду супраць сябе, не глытаю моўчкі крыўду. Аднойчы зразумела: калі праглыну, то крыўда будзе ўва мне жыць, тлець, і я ўвесь час буду думаць, чаму я так зрабіла, чаму нічога не адказала? Таму спрабую, вучуся рэагаваць адэкватна. У той жа час, калі мне, скажам, нахамяць у чарзе — я не звяртаю ніякай увагі.

— Ці ёсць у вас якія-небудзь захапленні, акрамя музыкі? Напрыклад, ці знаходзіце час на чытанне кніг?

—Так, знаходжу. Цяпер гэта вельмі зручна: бярэш айпад, загружаеш туды кнігі і ў дарозе чытаеш. Якім кнігам аддаю перавагу? Люблю раманы — каб цікавы сюжэт, з завязкаю і развязкаю. Але гэта для дарогі. А дома стараюся чытаць літаратуру пазнавальную, у прыватнасці, на тэмы здароўя.

— Што для сучаснай жанчыны павінна быць на першым месцы — кар'ера, сям'я, забавы?

— Сям'я, канешне. Але калі мяне цалкам акунуць у сям'ю, забраўшы ўсё астатняе, то я не ведаю, каму ад гэтага будзе дрэнна. Па-мойму, усім.

— У чым жа ўсё-такі заключаецца шчасце?

— Шчасце — гэта вельмі крохкае, непастаяннае паняцце. Нельга ў шчасці знаходзіцца ўвесь час. Гэта, напэўна, калі ў цябе ў нейкі момант усё добра, на ўсіх франтах. І ў рабоце ўдача, і дома наступіла поўнае ўзаемаразуменне, і калі ўсе здаровыя.

— Ну, калі мы ўжо завялі амаль філасофскую размову, скажыце тады, Аксана, у чым, на ваш погляд, сэнс жыцця?

— Не хварэць. Не памерці маладым. А яшчэ, напэўна, у тым, каб жыць і мець асалоду ад шчасця. І жыць гэтым не заўтра, не калі-небудзь, а сёння. Ёсць магчымасць атрымаць задавальненне — не саромейся, атрымлівай. Ёсць нагода сабрацца з сябрамі — не адкладвай на пасля, збірайся. Атрымлівай радасць ад магчымасці з'ездзіць на прыроду, даць канцэрт. Ды хіба мала чаго цудоўнага ёсць у нашым жыцці!

— Атрымліваць задавальненне ад жыцця — несумненна, добра. Але мне здаецца, гэтага малавата. Мы прыходзім у гэты свет з пэўнай місіяй. Вось вам Бог даў талент спявачкі, і яго належыць у поўнай меры рэалізаваць.

— Ну, можа быць... Але не магу ж я пастаянна думаць, якая ў мяне місія. Я магу толькі жыць і быць шчаслівай. І калі я буду шчаслівай, то і мае блізкія, усе, хто вакол мяне, будуць таксама шчаслівыя. Я хачу сказаць, што трэба проста добра рабіць сваю справу і не думаць пра нейкія місіі. Пра тое, які я след пакіну. Мяне гэты след мала хвалюе. Мне важна, што я раблю — тут і зараз.

Гутарку вёў Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Фотаздымкі БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.