Вы тут

Да 15 лістапада трэба заплаціць падатак на нерухомасць і зямлю


Уласнікі дамоў, кватэр і зямлі павінны да 15 лістапада разлічыцца з бюджэтам па маёмасных падатках.

Ужо традыцыйна кожную восень да сярэдзіны лістапада беларусы павінны заплаціць падатак на нерухомасць і зямельны падатак. Разам з падатковай службай мы паспрабуем разабрацца з тым, каму ў бліжэйшыя два тыдні неабходна будзе паспець заплаціць гэты збор.


Пра вас не забудуцца

Звычайна падатковая інспекцыя рассылае сваім кліентам адпаведныя паведамленні на аплату маёмасных падаткаў да 1 жніўня. Атрымліваюць людзі гэтыя апавяшчэнні заказнымі лістамі. Там прапісваюцца ўсе неабходныя банкаўскія рэквізіты і сума падатку. Чалавеку застаецца толькі не згубіць гэтую паперку і адшукаць грошы. Але калі па нейкіх прычынах ліст ад падатковай вы не атрымалі, гэта зусім не азначае, што ад аплаты вызваляецеся аўтаматычна, бо пра вас забыліся. Проста ў наступным годзе трэба будзе заплаціць такі падатак ужо за два гады. Паведамленне на аплату маёмаснага падатку можа дайсці да адрасата і пасля 15 лістапада. У гэтым выпадку ўласніку нерухомасці неабходна будзе разлічыцца з казной на працягу 30 дзён пасля атрымання адпаведнай паперы.

Падатковая льгота — толькі на адну кватэру

Паводле падатковага заканадаўства грамадзяне, у якіх ва ўласнасці адна кватэра, поўнасцю вызваляюцца ад аплаты падатку на нерухомасць у дачыненні да гэтай маёмасці. Захаваецца льгота і ў тым выпадку, калі ў сям'і дзве кватэры, але адна, напрыклад, аформлена на мужа, а другая — на жонку.

Зробім нашага патэнцыйнага падаткаплацельшчыка крыху багацейшым і ўявім, што ў яго ёсць не толькі кватэра, але і домік у вёсцы. За кватэру і ў гэтым выпадку падатку не будзе, а вось за домік у вёсцы (а таксама і за зямельны ўчастак, на якім ён размешчаны) прыйдзецца плаціць. Суму падатку падлічвае непасрэдна падатковы орган. Памер яе залежыць ад кадастравага кошту зямлі, канкрэтнага адрасата нерухомасці, размяшчэння ўчастка ў тым ці іншым жыллёвым масіве, ад якасці дарог, наяўнасці сацыяльнай інфраструктуры і гэтак далей. Атрымліваецца, што ў розных абласцях і раёнах маёмасны падатак будзе адрознівацца. Звычайна тут працуе такі алгарытм — абавязкова нерухомасць істотна даражэе ў тым выпадку, калі яна бліжэй да нейкага буйнага адміністрацыйнага цэнтра.

Не трэба будзе плаціць падатак за вясковы дом пенсіянерам па ўзросце, інвалідам І і ІІ груп, а таксама непрацаздольным грамадзянам, бо менавіта ім дзяржава прадастаўляе такую льготу. Аднак у тым выпадку, калі ў доме будуць зарэгістраваныя нейкія іншыя асобы — ужо працаздольныя грамадзяне, падатак давядзецца плаціць. І тут неабавязкова, каб у гэтай хаце нехта трэці сапраўды жыў. Для падатковай хопіць таго, што на гэтыя метры пенсіянеры «прапішуць» сына ці ўнука.

Гаспадарам катэджаў і некалькіх кватэр

Наступным варыянтам стануць больш заможныя ўладальнікі, якія жывуць у загарадным доме. У гэтым выпадку падатак прапануюць заплаціць усім, акрамя пенсіянераў і інвалідаў І і ІІ груп. Але і яны таксама страцяць гэтую льготу, калі зарэгіструюць у сваім доме працаздольнага грамадзяніна. Дарэчы, для налічэння падатку не будзе мець значэння, працуе гэты грамадзянін ці не і ці жыве ён у гэтым памяшканні? Сам факт яго рэгістрацыі — ужо падстава для налічэння падатку.

Яшчэ адзін цікавы варыянт для падатковай, калі ў чалавека ва ўласнасці ёсць дзве кватэры (ці больш). І ў такім выпадку льгота па аплаце падатку па-ранейшаму будзе прадастаўляцца на адну кватэру. А вось за другую (і наступныя) трэба заплаціць поўнасцю. Звычайна сума маёмаснага падатку складае 0,1% ад ацэначнай або рыначнай вартасці нерухомасці за год. Праўда, цяпер стаўку падатку зрабілі на ўзроўні 0,2% ад ацэначнага або рыначнага кошту нерухомасці за год менавіта для тых, «хто мае на праве ўласнасці два і больш жылых памяшканняў у шматкватэрных і (або) блакіраваных жылых дамах».

З якой менавіта з гэтых дзвюх (і больш) кватэр неабходна будзе аплачваць падатак на нерухомасць, уласнік жылля вырашае самастойна. Для гэтага яму неабходна звярнуцца ў падатковы орган па месцы афіцыйнага жыхарства (рэгістрацыі) і напісаць заяву, у якой трэба паказаць усе ўласныя кватэры, а таксама асобна тое жылое памяшканне, у дачыненні да якога падатковым органам будзе прадастаўлена льгота па аплаце падатку. Калі вы гэтага не зробіце, то падатковая інспекцыя аўтаматычна прадаставіць ільготу для той кватэры, якая была набыта раней за астатнія.

У прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) удакладнілі, што гэтае правіла будзе працаваць незалежна ад таго, размешчаны гэтыя кватэры ў адным горадзе ці ў розных населеных пунктах.

І яшчэ пра пенсіянераў і іншых ільготнікаў. Усе такія ўласнікі некалькіх кватэр будуць павінны плаціць маёмасны падатак. Выключэнне  тут — толькі для шматдзетных сем'яў (якія маюць трох і больш непаўналетніх дзяцей), калі апошнім належаць кватэры, што размешчаны ў шматкватэрных жылых дамах. Ад маёмаснага падатка вызваляюцца ўсе (!) кватэры шматдзетнай сям'і. Аднак гэтая льгота ў шматдзетных адразу страчваецца, як толькі старэйшыя дзеткі ў сям'і падрастаюць і мяняецца яе статус.

Самастойная ацэнка

Спецыялісты МПЗ звяртаюць ўвагу на тое, што паказаныя стаўкі падатку на нерухомасць, як правіла, не з'яўляюцца канчатковымі, бо мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права іх павялічваць або памяншаць да 2,5 раза. Так, падатак на нерухомасць аплачваецца з яе ацэначнай вартасці, якая вызначаецца без удзелу грамадзяніна. У той жа час, калі ўласнік прадставіць у падатковую інспекцыю заключэнне аб ацэнцы, дзе вызначаны рыначны кошт нерухомасці, то падатак будзе вылічацца з сумы, паказанай у такім заключэнні.

І з даўгабудам — без варыянтаў

Падатак на нерухомасць давядзецца плаціць нават у тым выпадку, калі дом не дабудаваны. Дамы, якія маюць падмурак, сцены, дах або будаўніцтва якіх завершана, але яны афіцыйна не зарэгістраваныя, таксама падлягаюць абкладанню падаткам на нерухомасць. Больш за тое, гэтае правіла дзейнічае незалежна ад таго, ці ёсць у гаспадара ва ўласнасці нейкія іншыя аб'екты нерухомасці.

Увогуле падатак на нерухомасць вылічваецца за перыяд з 1 студзеня за год альбо з 1 чысла месяца, наступнага за месяцам, у якім паўстала права ўласнасці на нерухомасць; была адкрыта спадчына; набыта (атрымана, пабудавана) нерухомасць, не завершаная будаўніцтвам.

Пры адчужэнні нерухомасці падатак на маёмасць аплачваецца да канца месяца, у якім было спынена права ўласнасці на яе. Калі нерухомасць знаходзіцца ў агульнай долевай уласнасці некалькіх грамадзян, то падатак на нерухомасць налічаецца кожнаму з іх прапарцыянальна іх долі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Гэты збор не кусаецца

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.