Вы тут

Распрацаваны новыя адукацыйныя праекты для павышэння падатковай адукаванасці


Пад эгідай Міністэрства па падатках і зборах выйшла дзве навучальныя кнігі — «Прафесія падатковы інспектар » і «Падман у канверце, або зборнік павучальных апавяданняў і малюнкаў». Гэтыя выданні падыходзяць для агульнага развіцця дзяцей, правядзення тэматычных урокаў у школе, а таксама будуць карысныя і для дарослых. Кнігі напісаны простай мовай, каб кожны чытач мог разабрацца ў працэсах работы падатковай сістэмы нашай краіны, а таксама ўсвядоміць важнасць выплаты падаткаў.


Фота: БелТА

Падчас прэс-канферэнцыі намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Мінску Вольга Тарасевіч і начальнік упраўлення інфармацыйна-растлумачальнай работы інспекцыі МПЗ па Мінску Тамара Свідзінская расказалі, як ствараліся кнігі, і якія важныя аспекты ў іх асвятляюцца.

«Мы з задавальненнем прадстаўляем увасабленне нашых ідэй, а таксама вынікі работы з падрастаючым пакаленнем. Вельмі доўга планавалася публікацыя гэтых кніг, мы хацелі максімальна напоўніць іх карыснай і цікавай інфармацыяй для мэтавай аўдыторыі», — адзначыла Вольга Тарасевіч.

У кнігу «Падман у канверце, або зборнік павучальных апавяданняў і малюнкаў» увайшлі лепшыя работы на тэму «Стоп зарплаце ў канвертах», прадстаўленыя на конкурсы малюнкаў, апавяданняў і відэаблогінгу «Юны падатковы інспектар», арганізаваныя ўстановай адукацыі «Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі», інспекцыяй МПЗ па Мінску.

«Напаўненне выдання „Падман у канверце“ — гэта вынік конкурсу, які быў абвешчаны сярод школьнікаў нашай сталіцы. Да нас паступіла велізарная колькасць заявак на ўдзел, і калі мы пачалі ўсё чытаць, то былі вельмі здзіўлены глыбінёй разумення праблемы зарплаты ў канвертах. Дзеці даволі сур’ёзна пагружаныя ў гэтую праблему. У сваіх апавяданнях яны нават выказвалі ідэі наконт таго, як пазбегнуць выплаты заробкаў па такой схеме і якія могуць быць у гэтага наступствы», — падкрэсліла Вольга Тарасевіч.

На думку работнікаў Міністэрства па падатках і зборах, зарплата ў канверце — горшае, што працадаўца можа прапанаваць свайму супрацоўніку:

— Наша мэта — расказаць пра наступствы і пра тое, чаму так рабіць не трэба. Напрыклад, калі работнік атрымлівае зарплату ў канверце, ён павінен разумець, што пазбаўляецца асноўных дзяржаўных гарантый, звязаных з сацыяльным страхаваннем і не толькі.

Тамара Свідзінская дадала, што кніга «Падман у канверце» будзе цікавая і выкладчыкам. Напрыклад, па гэтай кнізе можна праводзіць урокі па тэме падаткаабкладання. Акрамя таго, тут прадстаўлены QR-коды, па якіх можна паглядзець відэа, малюнкі і прачытаць апавяданні.

З клопатам пра будучыню

Кніга «Прафесія падатковы інспектар» распавядае аб падатках і пра саму прафесію падатковага інспектара. Чытачы даведаюцца, у чым заключаецца работа падатковага інспектара і чаму гэтая прафесія настолькі важная для грамадства, аб яе паходжанні, перавагах і складанасцях.

«Мы вельмі рады, што нам дазволілі далучыцца са сваёй ідэяй да серыі „Маленькі прафесар“ і выпусціць дадзеную кнігу. Адзначу, што прафесія падатковы інспектар не новая, але пры гэтым пастаянна ўдасканальваецца. У кнізе мы апісваем працэс з’яўлення прафесіі, тлумачым яе важнасць і актуальнасць, гаворым пра тонкасці работы падатковай службы. Пакуль што ў нас няма навучальных устаноў, якія б займаліся падрыхтоўкай падатковых інспектараў. Гэтую прафесію чалавек атрымлівае непасрэдна на месцы. Спадзяемся, што гэтая кніга зможа паўплываць на выбар будучай прафесіі юных чытачоў», — патлумачыла намесніца начальніка інспекцыі МПЗ Мінску.

Яна таксама звярнула ўвагу, што падатковы інспектар — статусная прафесія, якая нясе вялікую карысць грамадству. «На дадзены момант мы імкнемся працаваць максімальна дыстанцыйна, каб не адрываць людзей і суб’екты гаспадарання ад іх паўсядзённых задач. Так, цяпер асабісты кабінет плацельшчыка набірае вялікую папулярнасць, у ім адлюстроўваецца ўся неабходная інфармацыя, у прыватнасці гісторыя ўзаемадзеяння з падатковай інспекцыяй», — патлумачыла Вольга Тарасевіч.

У сваю чаргу, Тамара Свідзінская падкрэсліла, што кнігу забяспечылі не толькі інфарматыўным матэрыялам, але і заданнямі, аўтары выдання хацелі данесці простай мовай шматграннасць прафесіі падатковага інспектара.

«Гэтая прафесія вельмі цікавая. І яна не горшая, чым, напрыклад, следчы. Тут трэба валодаць пэўным узроўнем ведаў, разбірацца ва ўсіх сферах — ад гандлю да медыцыны. Падатковы інспектар вучыцца заўсёды, на працягу ўсяго жыцця. Пры гэтым, нават калі чалавек не абярэ гэтую прафесію, ён усё роўна рана ці позна сутыкнецца з тэмай падаткаабкладання. Гэтыя веды будуць карысныя маладому чалавеку на працягу ўсяго яго жыцця», — заявіла Тамара Свідзінская.

Паводле яе слоў, сёння падатковая інспекцыя — кліентаарыентаваная служба. «Цяпер робіцца ўсё для таго, каб плаціць падаткі было зручна і хутка. Напрыклад, у кніге ёсць гісторыя стварэння цэнтраў абслугоўвання плацельшчыкаў, яна напісана ў фармаце казкі — як было калісьці і як стала цяпер. Таксама ў кніге тлумачыцца, з чым даводзіцца сутыкацца падатковым інспектарам падчас праверкі», — расказала начальнік упраўлення інфармацыйна-растлумачальнай работы інспекцыі МПЗ.

У выданні ёсць інфармацыя і пра тое, як выкарыстоўваць электронныя сэрвісы, мабільны дадатак, сайт, як звярнуцца ў кантакт-цэнтр. «Мы спрабавалі данесці гэтую інфармацыю да маленькіх чытачоў у зразумелай форме. Сімвалічна, што гэтая кніга выйшла ў год якасці. Важна, каб людзі плацілі падаткі, а дзяржава за іх кошт забяспечвала якаснае жыццё сваіх грамадзян», — падкрэсліла Тамара Свідзінская.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.