Вы тут

ЗША прыпынiлi санкцыi ў дачыненнi да дзевяцi нашых прадпрыемстваў


Карныя меры ў дачыненнi да iх прыпынены на 6 месяцаў — да 30 красавiка 2017 года. Прэс-служба Мiнiстэрства замежных спраў нашай краiны ўчора абнародавала на сваiм сайце каментарый, у якiм гаворыцца, што МЗС вiтае такое рашэнне амерыканскага боку.


«Пры гэтым мы застаёмся перакананымi ў тым, што поўная адмена iснуючых санкцый ЗША самым спрыяльным чынам садзейнiчала б больш дынамiчнаму развiццю беларуска-амерыканскiх адносiн», — гаворыцца далей у каментарыi прэс-службы.

На гэтым тыднi ў нашай краiне знаходзiцца намеснiк памочнiка дзяржсакратара ЗША Брыджыт Брынк. Яна ўжо сустрэлася з прадстаўнiкамi некалькiх ведамстваў, у тым лiку з Уладзiмiрам Макеем, мiнiстрам замежных спраў. Як заявiла Брыджыт Брынк падчас сустрэчы з прадстаўнiкамi СМI, у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША разлiчваюць на далейшае паляпшэнне стасункаў з Беларуссю.

«Я i мае калегi спадзяёмся, што тое паляпшэнне адносiн, якое мела месца ў апошнiя 13—14 месяцаў, працягнецца. Ёсць шмат аспектаў у двухбаковых адносiнах, якiя маюць для нас вялiкую важнасць. Мы заўсёды будзем лiчыць галоўнымi з iх правы чалавека i дэмакратыю», — сказала намеснiк памочнiка дзяржсакратара ЗША. Па словах Брыджыт Брынк, ЗША разлiчваюць, што нармалiзацыя адносiн з Беларуссю адбудзецца. «Гэта тычыцца i пытання абмену пасламi. Але гэта паступовы працэс, — прызнала яна. — Бакi падзяляюць погляд пра неабходнасць нармалiзацыi i паляпшэння адносiн памiж краiнамi».

Гаворачы аб парламенцкай выбарчай кампанii ў нашай краiне, Брыджыт Брынк канстатавала, што ў ЗША вiтаюць мiрны характар правядзення выбараў, адзначаюць пэўны прагрэс. Разам з тым яна лiчыць важнай далейшую работу па рэалiзацыi рэкамендацый АБСЕ па ўдасканаленнi выбарчага працэсу.

Даведка «Звязды»

Санкцыi ЗША ў дачыненнi да прадпрыемстваў нашай краiны ўвёў у 2006 годзе колiшнi прэзiдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш, з таго часу яны дзейнічалі аж да канца мiнулага года. У санкцыйны спiс уваходзяць: «Беларускi нафтавы гандлёвы дом», канцэрн «Белнафтахiм», Belneftekhim USA Inc., «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хiмвалакно», «Лакафарба», «Нафтан» i «Полацк-Шкловалакно».

Надзея ЮШКЕВIЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З разлiкам на паляпшэнне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.