Вы тут

Сучасным школьнікам — аб «недзіцячым» дзяцінстве ахвяр фашызму


Кожны з іх прайшоў свой цяжкі шлях: праз канцэнтрацыйныя лагеры, знясільваючую працу, зверскія медыцынскія эксперыменты, блакаду яшчэ тады, калі адзіным клопатам павінна было быць, якую выбраць цукерку і як атрымаць новую цацку. Але жыццё распарадзілася інакш, і з любімых малышоў яны ў адзін момант ператварыліся ў «рабскую сілу» і «біялагічны матэрыял». Успаміны і праз 70 гадоў не даюць ім спакою, аднак гэтыя мужныя людзі знайшлі ў сабе сілы сабрацца і расказаць сваю, асабістую праўду.


Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму» дзейнічае з 1992 года, а ў 2004 годзе з яго ўдзельнікаў быў арганізаваны творчы калектыў «Лёсы». Так паступова вызначыўся аптымальны фармат сустрэч, які знаходзіць найбольшы водгук у душах слухачоў: асабістыя гісторыі, якія расказваюць героі, чаргуюцца з публіцыстычнымі развагамі, вершамі, ваеннымі і народнымі песнямі.

У гэты раз у зале старшакласнікі з розных раёнаў сталіцы. Праца са школьнікамі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці для арганізацыі. Шчырасць дапамагае зразумець адно аднаго, нягледзячы на розніцу ў некалькі пакаленняў. Спачатку — страшныя лічбы, якія не маюць патрэбы ў каментарыях. Адна з іх жудасная нават з пункту гледжання нагоды для параўнання: на кожнага забітага нямецкага малога — 15 закатаваных савецкіх дзяцей.

Далей — заклік звярнуць увагу на крохкасць свету і не паддавацца на правакацыі новых фашыстаў, якія спрабуюць дзейнічаць у іншым абліччы.

Самая цяжкая частка — асабістыя гісторыі. Пажылыя жанчыны ўстаюць са сваіх месцаў і прадстаўляюцца, як тады, — Іра, Жэня, Аня...

«Мой тата быў ваенным, таму адправілі ў лагер для сем'яў вайскоўцаў. Дарослых адразу пагналі на работу ў Германію, а 170 самых здаровых дзяцей пакінулі для забора крыві для нямецкіх салдат. 530 дзён за калючым дротам — выжыла толькі 15 чалавек. Астатніх скідалі ў адну яму, выкапаную бомбай. Бацька загінуў, маці ад гора звар'яцела».

«У пяцігадовым узросце вывезлі на работу ў Германію. Спецыяльна адбіралі дзяцей са светлымі вачыма і валасамі. На руцэ і назе ў мяне засталіся шнары: не ўтрымала пілу, калі працавала ўдваіх з братам. У лагеры знаходзіліся 18 месяцаў».

«Я — вязень фінскага канцлагера. Усе рускія, якія жылі на тэрыторыі Фінляндыі, падлягалі поўнаму знішчэнню праз холад, голад і непасільную працу. Жыццё мне выратавала лялька. Спачатку яна выконвала ролю маёй старэйшай сястры, якая быццам бы ляжала ў ложку, хоць на самай справе тая адпраўлялася за калючы дрот, каб здабыць хоць што-небудзь з'есці. Калі я цяжка хварэла, мама абмяняла ляльку ў мясцовых жыхароў на лыжку масла, адно яйка і абаранак, які зрэдку дазваляла мне ўкусіць. За гэта яна была пакарана 25 ударамі бізуном».

Нягледзячы на тое, што гэтыя гісторыі жанчыны расказваюць ужо далёка не першы раз, на вачах большасці з іх блішчаць слёзы, галасы дрыжаць.

Падлеткі выходзяць з залы глыбока ўзрушанымі: «Адна справа, калі ты глядзіш фільм ці чытаеш кнігу, а зусім іншая — калі сваю гісторыю асабіста расказваюць людзі, якія праз усё гэта прайшлі. І яны зусім не зламаныя жыццём, хацелася б быць такімі ж бадзёрымі і моцнымі ў іх узросце!

Толькі за апошнія два гады ўдзельнікі калектыву правялі больш за 80 сустрэч. Пасля выступлення — зноў у дарогу, на гэты раз у працяглую паездку за мяжу. Дарэчы, у гэтым годзе калектыў вылучаны на атрыманне прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Дар'я КАСКО

kаskо@zіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Незагойныя раны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.