Вы тут

Выйшаў даведнік «Беларусь запрашае» на кітайскай і англійскай мовах


Мноства яркіх фотаздымкаў выдатных архітэктурных помнікаў, маляўнічых краявідаў і проста гарадскіх вуліц. Толькі самыя карысныя факты і сціслыя звесткі пра мінуўшчыну, эканоміку, культуру і знакавыя турыстычныя мясціны Беларусі. Падаецца, што выданне «Беларусь запрашае» (Belarus Welcomes) можна назваць візітоўкай нашай краіны, першай прыступкай да больш блізкага і цёплага сяброўства. Пра адметнасці гэтага праекта мы сёння гутарым з Сяргеем ПЕШЫНЫМ, дырэктарам выдавецтва «Беларусь» — менавіта тут пабачыла свет кніга.


— Сяргей Уладзіміравіч, ці можна сцвярджаць, што чалавек, які зусім нічога не ведае пра нашу краіну, пазнаёміўшыся з новай кнігай, мае ўсе шанцы зацікавіцца Беларуссю і прадоўжыць знаёмства ў будучыні? Магчыма, нават завітаць да нас у госці?

— Гэта сапраўды так. Пры складанні даведніка «Беларусь запрашае» мы — з аднаго боку — стараліся не загрувашчваць кнігу мноствам фактаў, імёнаў, тэндэнцый. Змясцілі тут толькі самую значную інфармацыю. Але ж з іншага — турыстычны даведнік і не павінен быць энцыклапедыяй. Ён мусіць перадусім зацікавіць, падштурхнуць да больш блізкага знаёмства. Думаецца, што менавіта гэтую задачу наша кніга выдатна выканае. Тут ёсць самае неабходнае: звесткі пра эканоміку, спорт і культуру, агульная інфармацыя пра краіну, расповеды пра абласныя цэнтры і адметнасці беларускай кухні. Словам, кніга — сапраўды першы крок да больш блізкага знаёмства з Беларуссю.

— Не магу не звярнуць увагу на яскравыя фотаздымкі, што ўпрыгожылі выданне.

— Іх аўтары — вядомыя беларускія фотамастакі Анатоль Дрыбас, Анатоль Кляшчук, Аляксандр Ласмінскі. Кніга надзвычай багата ілюстраваная, на яе старонках — больш як паўтары сотні выяў, пры гэтым аб'ём выдання — усяго 55 старонак. Пры ўкладанні даведніка мы кіраваліся вядомым прынцыпам: лепш аднойчы пабачыць... Пагадзіцеся, ніводны тэкст — апісанне, напрыклад, Нясвіжскага ці Мірскага замкаў — не заменіць іх выявы. Магчыма, менавіта прыгожы вобраз старажытнага палаца, велічнай царквы ці касцёла — а ў кнізе надзвычай многа фотаздымкаў беларускіх храмаў — і стане тым вырашальным пунктам прыцягнення ўвагі, зыходнай кропкай да вандроўкі.

— Натуральна, вялікая ўвага ў кнізе надаецца жыццю ў Мінску, сталічнай архітэктуры. Але ж акцэнт робіцца і на тым, што фактычна ў кожным рэгіёне краіны ёсць што паглядзець. Гэта быў прынцыповы момант?

— Так. Памятаючы пра тое, што знаёмства з Беларуссю часта пачынаецца менавіта з візіту ў сталіцу, мы імкнуліся паказаць, што цікавінкі ёсць і за кальцавой дарогай (смяецца). Я ўжо казаў пра Мір і Нясвіж, у даведніку згадваюцца таксама выдатныя помнікі архітэктуры ў Гродне, Віцебску, Магілёве, Брэсце, Гомелі. тут ёсць цікавыя музеі, працуюць выдатныя тэатры, вартыя ўвагі. Таксама не трэба забывацца пра нашы помнікі прыроды — нацыянальныя паркі і запаведнікі. Ды і беларускія краявіды, якія можна пабачыць проста едучы па дарозе на аўтамабілі, не могуць не захапіць, не ўразіць. На старонках кнігі мы імкнуліся паказаць, што Беларусь — краіна шматаблічная. Тут ёсць і старажытнасць, і сучасная архітэктура, і маляўнічыя пейзажы.

— Турыстам патрэбныя не толькі фота і захапляльныя тэксты, але і практычная інфармацыя. Кніга дапаможа, напрыклад, сарыентавацца, якую замежную валюту можна без цяжкасцяў абмяняць у Беларусі, як да нас патэлефанаваць, дзе набыць квіток для паездкі ў метро?

— Гэтыя звесткі таксама ёсць. У кнізе падаецца інфармацыя пра тое, як у нас абмяняць грошы, як патэлефанаваць ва ўсе абласныя цэнтры, дзе набыць квіткі на транспарт. Нават пішам пра тое, што напружанне ў разетках у Беларусі — 220 вольт.

— Узнікае лагічнае пытанне пра мэтавую аўдыторыю даведніка. Хто можа стаць яго чытачом?

— Кніга на кітайскай і англійскай мовах была прадстаўлена ў межах беларускай экспазіцыі падчас 5-й выстаўкі ЭКСПА «Кітай — Еўразія» ў горадзе Урумчы. Выданне там карысталася вялікай папулярнасцю, бо разам з нашай нацыянальнай экспазіцыяй распавядала пра Беларусь. Можна сцвярджаць, што першы тыраж даведніка ўжо знайшоў сваіх чытачоў менавіта ў Кітаі. А тое, што тэкст кнігі падаецца і на англійскай мове, робіць выданне больш універсальным і пашырае яго мэтавую аўдыторыю. Раней у «Беларусі» ўжо выходзілі падобныя даведнікі на рускай, англійскай, нямецкай і французскай мовах. Спадзяюся, што кніга пра нашу краіну на кітайскай мове стане новым крокам да знаёмства свету з утульнай і гасціннай Беларуссю.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: З Паднябеснай — у Сінявокую

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.