Вы тут

Сэрца начамi аб радзiмай старонцы балiць...


Мiнск — горад для Максiма Багдановiча асаблiва значны. Тут паэт нарадзiўся ў настаўнiцкай кватэры бацькi на Траецкай гары, правёў першы год жыцця ды частку апошняга.


Восенню 1916 года, пасля заканчэння Яраслаўскага юрыдычнага лiцэя, Максiм выпраўляецца на радзiму, уладкоўваецца ў Губернскую харчовую камiсiю, прагна ўлiваецца ў бягучае культурнае жыццё, займаецца справамi бежанцаў, удзельнiчае ў маладзёжных гуртках. I, варта адзначыць, адраджэнца тут добра ведалi i з нецярпеннем чакалi. «У хуткiм часе ў Мiнск прыедзе Максiм Багдановiч», — пачулi мы голас Аркадзя Смолiча, якi ўвайшоў у сталоўку «Беларускай хаткi» з лiстом у руках... «Максiм Багдановiч пiша, што хоча пажыць у Мiнску, у сваiм родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову...» Нас ахапiла радасць i трывога. Радасць, што пазнаем нашага дарагога паэта, i трывога за яго здароўе... Было гэта ў палове верасня 1916 года. У «Беларускай хатцы» на Захараўскай вулiцы, № 18, у сталоўцы «Таварыства дапамогi ахвярам вайны», — пiсала Зоська Верас.

Ветлiва i зычлiва сустрэты, паэт пасялiўся на кватэры ў Змiтрака Бядулi, якi пакiнуў пасля пра гэты вiзiт шмат каштоўных успамiнаў. Прынамсi, пра мужнае змаганне Багдановiча з хваробай, яго аскетычны лад жыцця: «...Мае думкi перабiвае працяглы кашаль Максiма. Чуваць i на дварэ. Я куру ў запас на ўсю ноч. Калi я ўваходзiў у пакой, Максiм ужо не кашляў. Ён выцiраў хустачкай кроплi поту на iлбе. Яго пышная цёмна-каштанавая шавялюра зрабiлася вiльготнай. Рыжаватыя вусы бездапаможна апусцiлiся ўнiз. А карыя вочы сталi цёмныя, блiскучыя i празрыстыя. Перад iм на стале дзве шклянкi чаю. Адну Максiм «забракаваў» — з цукрам. Ад самага пачатку вайны ён цукар не ўжывае. «Калi мiльёны людзей гiнуць на франтах, калi сотнi тысяч бежанцаў — жанчын, старых, дзяцей — церпяць голад i холад на дарогах, у чыстым полi, я не магу дазволiць сабе раскошы». Так ён мне аднойчы сказаў. Ён мяшае ложачкай чай без цукру i п'е маленькiмi глыткамi...»

Як заўсёды, баючыся чагосьцi не паспець, у Мiнску Максiм Багдановiч намагаецца зрабiць як мага больш для людзей роднага краю. У снежнi 1916 года падае ад Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны хадайнiцтва перад мiнскiм губернатарам аб правядзеннi лекцыi «Беларускае адраджэнне», якое, на вялiкi жаль, адхiляюць. Разам з Аркадзем Смолiчам i Зоськай Верас працуе над чытанкай для беларускай школы, якая таксама не пабачыла свет... А вось адны з найбольш значных у творчай спадчыне паэта творы выйшлi з-пад пяра менавiта ў родным Мiнску.

Неяк Максiм Багдановiч прызнаўся Змiтраку Бядулю: «Задумаў твор на тэму бiблейскага мiфа. Тэму навеяла мне вайна, гiбель мiльёнаў i мой уласны лёс». Творам гэтым стала апошняя, невялiкая па аб'ёме, ды бясконца эмацыянальна насычаная паэма Багдановiча «Страцiм-лебедзь», многiмi крытыкамi названая запаветам творцы, яго галоўным словам да свету. Чытаецца твор нiбы былiнны рэчытатыў, гэта аповед пра моцнага духам, гордага птаха, якi не жадае пакiдаць астатнiх птушак, ратавацца адзiн:

I паселi тут на лебедзя

Птахi дробныя усёй стаяю.

Лебедзь з сiлы выбiваецца,

Птушкi ажно ўсцяшаюцца.

Дзень ён плавае, другi-трэцi дзень,

На чацвёрты стаў прасiць-малiць:

«Вы ўзляцiце хоць на час якi,

Выбiваюся з астатнiх сiл.

Дайце вы грудзям, гэй, вальней уздыхнуць!

Дайце вы крылам, гэй, шырэй узмахнуць!»

Не паслухалi птахi лебедзя.

Так i загiнуў мужны Страцiм, таму «ад усiх цяпер патомкi ёсць, ды няма адных — Страцiмавых». Важна, што чытаючы твор Змiтраку Бядулю, Багдановiч выразна вымавiў «Максiмавых», што яшчэ раз падкрэслiвае паралель сюжэта твора з уласным горам паэта... Цiкава i тое, што Багдановiч за аснову паэмы бярэ не класiчны, а беларускi фальклорны варыянт бiблейскага мiфа, наўмысна наблiжаючы твор да нашай ментальнасцi, але i пераасэнсоўваючы яго. Падкрэслiваючы згаданы момант, Рыгор Бярозкiн пра галоўнага героя паэмы пiсаў наступнае: «Гэта — дабрыня моцнага, i калi Страцiм загiнуў, дык не таму, што быў «залiшне» добры, а таму, што яго мужнасць i iмкненне да свабоды не абудзiлi такiх самых пачуццяў у «птахаў дробных».

Напiсаны ў Мiнску i хрэстаматыйны сёння верш Багдановiча «Пагоня». У канцы 1916 года ён прагучаў у сценах «Беларускай хаткi» i атрымаў першыя ўражаныя водгукi. Сiмвал дзяржаўнасцi i аб'яднання народа, герб Вялiкага Княства Лiтоўскага, выступае ў творы як прадмет гераiчнага ўвасаблення велiчы беларусаў, iх духоўнай сiлы i надзеi на незалежную будучыню. Адно з галоўных месцаў у вершы, разам з вобразам Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi, займае вобраз Мацi-краiны. А асаблiва горкiм момантам паказваецца матыў дзяцей-здраднiкаў, што пакiнулi Бацькаўшчыну ў неймаверна значную для яе пару.

У час перамен, чаканняў, рашучых крокаў жыў i Максiм Багдановiч. I яго жаданне волi i шчасця для роднай краiны было не стрымаць, як тую славутую пагоню... Хай апошнi спачын ён знайшоў не ў Беларусi, аднак перад смерцю паспеў наталiцца яе красой ды гасцiннасцю, налюбавацца родным горадам i блiзкiмi па духу людзьмi.

Максiм Багдановiч

Пагоня

 

Толькi ў сэрцы трывожным пачую

За краiну радзiмую жах, —

Ўспомню Вострую Браму святую

I ваякаў на грозных канях.

 

Ў белай пене праносяцца конi, —

Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць...

Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi

Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.

 

У бязмерную даль вы ляцiце,

А за вамi, прад вамi — гады.

Вы за кiм у пагоню спяшыце?

Дзе шляхi вашы йдуць i куды?

 

Мо яны, Беларусь, паняслiся

За тваiмi дзяцьмi уздагон,

Што забылi цябе, адраклiся,

Прадалi i аддалi ў палон?

 

Бiйце ў сэрцы iх — бiйце мячамi,

Не давайце чужынцамi быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамi

Аб радзiмай старонцы балiць...

 

Мацi родная, Мацi-Краiна!

Не усцiшыцца гэтакi боль...

Ты прабач, Ты прымi свайго сына,

За Цябе яму ўмерцi дазволь!..

 

Ўсё лятуць i лятуць тыя конi,

Срэбнай збруяй далёка грымяць...

Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi

Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.

Юлiя АЛЕЙЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.