Вы тут

Атрымаць лекі ў аптэцы можна з карткай пацыента


У апошні месяц лета сталічныя паліклінікі актыўна пачалі ўводзіць у выкарыстанне пластыкавыя карткі для медыцынскага абслугоўвання.


Знешне гэта звычайная пластыкавая картка накшталт банкаўскай або той, якой мы плацім за праезд. Дызайн зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя. Медыцынская картка змяшчае ўнікальны нумар, замацаваны ў медыцынскай інфармацыйнай сістэме за канкрэтным пацыентам. Для павышэння хуткасці ўвядзення гэтага нумару на картку нанесены штрых-код, які счытваецца сканерамі.

Атрымаць такую картку ўрэшце павінен кожны пацыент. І для гэтага яму трэба прад'явіць у паліклініцы пашпарт (для дзяцей, якія не маюць пашпарта, неабходна прад'явіць пасведчанне аб нараджэнні і пашпарт аднаго з бацькоў). Рэгістратар праводзіць зверку неабходных персанальных даных (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, адрас месца пражывання і інш.) са звесткамі, раней унесенымі ў электронную медыцынскую картку ў базе даных установы аховы здароўя. Абавязкова заносіцца асабісты нумар пацыента з пашпарта або пасведчання аб нараджэнні. Пасля завяршэння зверкі персанальных звестак рэгістратар з дапамогай спецыяльнай функцыі шляхам счытвання штрых-кода з карткі сканерам уводзіць унікальны нумар карткі ў электронную медкартку базы даных паліклінікі. Далей рэгістратар на спецыяльнай паласе карткі шарыкавай ручкай запісвае прозвішча і ініцыялы пацыента, а таксама заносіць прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас пражывання, асабісты нумар і нумар карткі ў бланк формы інфармаванай згоды пацыента аб выкарыстанні пластыкавай карткі медыцынскага абслугоўвання і перадачы абмежаванай персанальнай інфармацыі аб ім па каналах сувязі. Пацыенту перадаюцца картка і бланк для азнаямлення і падпісання. Пасля падпісання бланк уклейваецца ў амбулаторную картку.

Такім чынам, цяпер для атрымання лекавых сродкаў, выпісаных у выглядзе рэцэпта ў электроннай форме, пацыент будзе прад'яўляць картку ў аптэцы, дзе ўжо ёсць магчымасці выкарыстання інфармацыйнай сістэмы «Электронны рэцэпт».

— У нашай паліклініцы закуплена неабходная колькасць картак для выдачы нашым пацыентам, некаторыя — пераважна льготнай катэгорыі — ужо атрымалі магчымасць набыцця лекаў з іх дапамогай, — тлумачыць валеолаг 13-й гарадской паліклінікі г. Мінска Людміла СЛЫШКІНА. — Калі вы згубіце такую картку, то атрымаеце іншую з новым індывідуальным нумарам. Калі сваяк або нейкая іншая давераная асоба папросіць вас набыць лекі ў аптэцы замест сябе, то яна павінна пры гэтым перадаць вам сваю картку. Такая магчымасць дапускаецца.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: У аптэку — з карткай пацыента

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.