Вы тут

Рэгіна Давідовіч: "Галоўны скарб вёскі - працавітыя жанчыны"


Як вядома, гэты год – юбілейны для Беларускага саюза жанчын. Намеснік старшыні БСЖ, старшыня аддзялення “Сяльчанка” Рэгіна Давідовіч расказала “Алесі”, як пачыналася гісторыя аднаго з самых уплывовых жаночых аб’яднанняў краіны, распавяла пра дасягненні “Сяльчанкі” і падзялілася планамі на будучыню.

“Мы– жанчыны, нам ёсць пра што сказаць”

– Напачатку 1990-х, калі Савецкі Саюз перастаў існаваць, спыніў сваю працу і Камітэт савецкіх жанчын. Наша беларускае аддзяленне засталося само па сабе. Мы, актывісткі, сабраліся абмеркаваць сітуацыю і вырашылі захаваць жаночую арганізацыю, дзейнічаць самастойна, бо разумелі: краіне патрэбна падтрымка жанчын. Ужо ў снежні 1991 года мы аб’явілі пра стварэнне Беларускага саюза жанчын. Пачалі ўзнікаць пярвічныя аб’яднанні на прадпрыемствах, у арганізацыях, навучальных установах. Прызнаюся, не заўсёды да нас ішлі ахвотна, гэта быў час крушэння грамадскіх ідэалаў, недаверу, расчаравання…

На той час я ўзначальвала Мінскае абласное аб’яднанне жанчын і была намеснікам старшыні БСЖ. Мы ініцыявалі шмат цікавых праектаў, прапанавалі грамадству многа карысных задумак. Азіраючыся назад, з гонарам кажу: усе яны здзейсніліся. Галоўнае – наш Беларускі саюз жанчын ужо 25 гадоў з’яўляецца апорай дзяржавы, актыўна падтрымлівае яе сацыяльную палітыку і садзейнічае захаванню сямейных каштоўнасцяў.

Дзень маці ў Беларусі зацвердзілі па прапанове Беларускага саюза жанчын (кастрычнік, 1996)

 

Разбураем стэрэатыпы

– Сама я нарадзілася ў вёсцы. Сям’я была вялікая, працы хапала ўсім і зімой, і летам, і вясной, і восенню – вядома ж, мелі і дамашнюю жывёлу, і агарод немаленькі. Мама давала кожнаму з дзяцей заданне, я, малеча, была адказнай за выпас гусей. Ужо з дзяцінства разумела: сялянскі хлеб несалодкі, пахне потам і патрабуе адмысловай працы, асабліва шчыраваць па гаспадарцы прыходзіцца жанчыне…

Вось таму па маёй ініцыятыве восем гадоў назад у ГА “БСЖ” з’явілася структурнае падраздзяленне “Сяльчанка”. Наша мэта – падтрымаць жанчын вёскі, каб яны адчувалі да сябе павагу і клопат дзяржавы, каб дапамагчы ім рэалізаваць сябе ў розных сферах дзейнасці. Сёння падраздзяленні “Сяльчанкі” ёсць амаль у кожным раёне. “Пярвічкі” Смаргонскага, Слаўгарадскага, Шчучынскага, Салігорскага раёнаў найбольш шматлікія і актыўныя, на іх рахунку нямала добрых спраў. Напрыклад, Таццяна Чэбатар са Слаў­гарада адкрыла сваю міні-пякарню, а для вясковых жанчын ладзіць вучэбныя семінары па розных рамёствах, запрашае на іх лепшых майстроў, арганізуе кірмашы па продажу мясцовай сувенірнай прадукцыі. Як вынік – дададковы заробак для сельскай жанчыны, дапамога ў раскрыцці яе ўменняў і талентаў.

А ў Смаргонскім раёне пастараліся разбурыць стэрэатып, што вясковая жанчына занятая толькі гаспадаркай і клопатамі па хаце. Колькі ўсяго цікавага вакол адбываецца! Напрамкаў у рабоце аддзялення “Сяльчанкі” тут шмат: агратурызм, жаночае прадпрымальніцтва, фермерства, кветкаводства, ландшафтны дызайн, цырульніцкае мастацтва і нават ... выраб галандскага сыру. Жанчыны з вёскі Залессе асвоілі старажытную тэхналогію пад кіраўніцтвам Янцье Бенінг, каардынатара праекта “МАТРА” МЗС Нідэрландаў. І вось ужо 5 гадоў Людміла Гружэўская вырабляе самастойна найсмачнейшыя сыры – раскупляюцца ў момант!

Добрая справа – вялікая слава

– Вясной 1998 года мы ўпершыню арганізавалі сустрэчу з жанчынамі-кіраўнікамі калгасаў і саўгасаў Мінскай вобласці. Кожнай з іх падарылі… трактар! Якраз пачыналася праца ў полі, а ў гаспадарках не хапала тэхнікі. І мы з Пятром Пётухам, старшынём Мінскага аблвыканкама, вырашылі, што трактар МТЗ – лепшы прэзент кіраўніку сельгасгаспадаркі. Жанчыны былі ў захапленні!

Вясковая жанчына і малы бізнес

– Для жанчын на вёсцы выбар месца працы невялікі: у калгасе, школе, магазіне. Таму “Сяльчанка” дапамагае развіваць у глыбінцы малы бізнес. Арганізуем навучальныя курсы, кансультацыі спецыялістаў, праводзім майстар-класы. Гэта дае свой плён. Добры прыклад – міні-прадпрыемствы на вёсцы. Такія, як атэлье, цырульня, майстэрні па рамонце адзення, аграсядзібы – усё гэта ствараюць нашы ініцыятыўныя жанчыны. Дзякуй мясцовым ўладам, якія не адмаўляюцца дапамагчы. Раённыя аддзелы сацыяльнай абароны разам з нашымі каляжанкамі бяруць пад увагу адзінокіх пажылых людзей, падтрымліваюць парадак у іх дамах і на падворках. На жаль, сёння вёска пусцее, моладзь з’язджае ў горад. Трэба ўзнімаць прэстыж жыцця на вёсцы, вось над гэтым “Сяльчанка” і працуе.

 У гэтым годзе ГА “БСЖ” разам з Рэспубліканскім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу ізноў зладзілі сяброўскую сустрэчу для жанчын-кіраўнікоў АПК. Штогод 14 кастрычніка мы адзначаем Дзень маці: варта не забываць, што гэтае свята з’явілася па ініцыятыве БСЖ! А 15 кастрычніка святкуем не меньш значнае свята – Сусветны дзень сельскіх жанчын.

Мы робім шмат для таго, каб нашы жанчыны маглі пашыраць свой кругагляд і вучыцца нечаму новаму. «Сяльчанка» ўдзельнічала ў рэалізацыі праекта МЗС Нідэрландаў «Сельскія жанчыны і развіццё вёскі». Нашы гаспадыні выязджалі за мяжу на вучэбную стажыроўку. Цяпер пераняты вопыт і новы досвед дэлегаткі скарыстоўваюць на практыцы на радзіме.

Мая сям’я – маё багацце

–У гэтым годзе мы з мужам адзначаем каралавае вяселле: жывём душа ў душу ўжо 35 гадоў. Ён заўсёды мяне падтрымлівае і дапамагае трапнай парадай. У нас ужо дарослая дачка, падрастаюць унук і ўнучка – тыя яшчэ гарэзы! Бавіць з імі час для мяне вялікае шчасце.

Калі выпадае вольная хвілінка – займаюся спортам: плаваю ў басейне, захапляюся скандынаўскай хадзьбой. Вельмі люблю вандраваць, як па Беларусі, так і за яе межамі. У верасні бяру адпачынак, паедзем з мужам у Барселону. А пакуль самы час вучыць іспанскую мову…

 

Рэгіна Андрэеўна ў ліпені адзначае юбілей! “Алеся” далучаецца да віншаванняў і жадае моцнага здароўя, радасці ў сэрцы і спакою ў душы! Хай раніцы будуць чыстымі і яснымі, дні – паспяховымі і плённымі, а вечары – цёплымі і ўтульнымі!

Хрысціна Хілько.

Фота Надзеі Бужан і з уласнага архіва.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.