Вы тут

Таццяна Троіна: «Перад намі стаяць сур'ёзныя задачы»


Лідар баскетбольнай зборнай — пра мэты ў Рыа, допінг весляроў і крыху пра сваё жыццё.

Наша жаночая баскетбольная зборная — адна з самых паспяховых камандаў краіны. Толькі яна прадставіць Беларусь на Алімпіядзе ў гульнявых відах спорту. На галоўных стартах чатырохгоддзя нашы дзяўчаты ўжо былі — 8 гадоў таму. Тады ў Пекін яны ехалі без звышзадач, тое, што трапілі на Гульні, было ўжо шчасцем. Цяпер, калі за плячыма некалькі чэмпіянатаў Еўропы і свету (а там былі і поспехі, і правалы), падапечныя Анатоля Буяльскага адправіліся ў Бразілію з вялікім жаданнем перамагаць, бо для многіх з іх гэта Алімпіяда можа стаць апошняй. Шэсць баскетбалістак са складу сёлетняй зборнай былі і ў абойме той, пекінскай, каманды.


Сярод іх Таццяна Троіна, без якой наша «дрымцім» ужо не наша. Яна своеасаблівы рухавік гэтай зборнай (калі трэба, завядзе), дасведчаны баец (не пахіснецца ў адказны момант) і проста пазітыўны і прыемны чалавек. Напярэдадні ад'езду зборнай у Рыа-дэ-Жанэйра мы сустрэліся з Таццянай, каб адчуць настрой нашых дзяўчат перад адказным стартам, абмеркаваць дзёрзкую гульню Троінай і даведацца пра змены ў яе асабістым жыцці.

— Таня, як прайшлі апошнія перад ад'ездам зборы?

— Мы сабраліся ў Раўбічах пасля невялікага двухтыднёвага адпачынку. Гэты збор праходзіў практычна ў поўным складзе, не хапала толькі Алены Леўчанкі і Ліндсэй Хардзінг. Прабылі там 10 дзён, усё прайшло добра, вялікую ўвагу ўдзялялі непасрэдна гульні, успаміналі старыя камбінацыі, кардынальна новага нічога не ўводзілася. Займаліся, вядома, і фізічнай формай, таму што два тыдні ўсё ж такі кожны адпачываў па-рознаму.

— Адчуванне перад Алімпійскімі гульнямі ў Пекіне і цяпер розныя?

— Прайшло ўжо 8 гадоў, згуляны тры чэмпіянаты Еўропы і чэмпіянат свету, набраны каласальны вопыт. Таму розніца ў адчуваннях вялікая. У 2008 годзе мы былі рады толькі таму факту, што трапілі на Гульні, цяпер таксама, вядома, рады, але гэтым ужо не абмяжоўваемся. Сёння перад намі стаяць сур'ёзныя задачы — выступіць добра і заняць не ніжэй за 5-е месца.

— Саперніцы па групе вядомыя ўжо даўно. Можаце нешта канкрэтнае сказаць пра гэтыя каманды?

— На такім турніры «лёгкіх» камандаў ужо няма. Усе яны засталіся за кваліфікацыйным раўндам, таму немагчыма сказаць, што ў кагосьці мы выйграем, а камусьці дакладна прайграем. Ды і наогул, загадваць — няўдзячная справа.

— Раней у Бразіліі былі?

— Не, але ляцець туды абсалютна не баюся. Я лічу, што ўся гэтая шуміха з нагоды розных пагроз і экзатычных захворванняў — пустая справа. Калі людзі ўзяліся праводзіць настолькі маштабны турнір, то рызыкаваць здароўем спартсменаў, перш за ўсё, сваіх, і людзей, якія прыязджаюць з усяго свету, я думаю, ніхто не будзе.

— Неяк прызнаваліся, што баіцеся лятаць на самалёце. Гэты страх застаўся?

— Раней такога за сабой не заўважала, а цяпер чым больш лятаю, тым больш пачынаю пра гэта думаць. Да таго ж паўплывалі апошнія негатыўныя падзеі ў свеце. Гэта нават страхам не назавеш, проста я часта думаю пра гэта.

— Вы ляціце ў Рыа першымі з беларусаў. Чым абумоўлены такі ранні ад'езд?

— Перш за ўсё акліматызацыяй. З моманту прылёту ў Рыа-дэ-Жанэйра да старту нашых гульняў пройдзе 10 дзён. Калі б у нас быў від спорту, дзе выступіць трэба было ўсяго толькі раз, то, можа, столькі часу б і не спатрэбілася, а так важна прыйсці ў сябе пасля пералёту, прывыкнуць да ўмоў надвор'я, да ўсяго. Як мінімум мы згуляем 5 матчаў за 10 дзён, сіл для гэтага трэба шмат.

— Ад таго, як вы выступіце на Алімпіядзе, будзе залежаць, ці працягнеце спартыўную кар'еру?

— Я яшчэ не прымала ніякіх канкрэтных рашэнняў, сапраўды чакаю заканчэння гэтых Гульняў, каб потым ужо адштурхоўвацца ад іх. Ці прадоўжу я наогул гуляць у баскетбол, будзе залежаць, хутчэй, ад маіх унутраных адчуванняў, а не ад месца, якое зойме зборная Беларусі на Алімпіядзе. Я паспрабую ацаніць сваю будучыню цвярозым позіркам і зразумець, ці варта мне гуляць далей.

— Ваша клубная кар'ера была багатая на розныя замежныя краіны і на тытулы. Можаце вылучыць найбольш паспяховы перыяд?

— У плане дасягненняў у мяне выдаўся добры прамежак часу, калі я выступала за польскі «Лотас» (2003—2005 г.). Там я станавілася чэмпіёнкай Польшчы, двойчы ў нас былі сярэбраныя медалі Еўралігі. Нядрэнны сезон быў у Ізраілі, калі мой клуб выйграў мясцовы чэмпіянат. Падчас выступлення ў Расіі разам з клубам займала трэцяе месца ў Суперлізе А, але мне было не вельмі цікава і камфортна там у гульнявым плане.

— Усё жыццё гуляеце пад 13-м нумарам. Гэтая лічба значыць для вас нешта асаблівае?

— Пад гэтым нумарам выступала яшчэ ў дзіцячых зборных, потым прыйшла ў дарослую каманду, і так атрымалася, што мне далі яго зноў. Напэўна, браць нумар ніхто не хацеў, а ў мяне з гэтай лічбай ніякіх гісторый не звязана, забабонаў няма.

— Таццяна Троіна на паркеце і за яго межамі — гэта розныя людзі?

— Характар ёсць усюды, яго ў кішэню не засунеш. Прынцыповых адрозненняў, я думаю, няма. Упартасць, дзёрзкасць дапамагае мне вырашаць пэўныя задачы на пляцоўцы. У жыцці, напэўна, я таксама досыць няўступчывы чалавек.

— Можна прывесці вас у прыклад як спартсменку, якая змагла сумясціць спорт з замужжам?

— Напэўна, не, таму што я ўжо паспела развесціся. Але сказаць, што жанчына-спартсменка не можа сумяшчаць гэтыя рэчы, нельга. Усё тут індывідуальна. Я не магу сказаць, што мой шлюб распаўся з-за таго, што я гуляю ў баскетбол, так атрымалася з іншых прычын. Галоўнае, каб выбраннік разумеў і прымаў твой лад жыцця, і з гэтым у маёй сям'і ўсё было нармальна.

— Ужо думалі, чым бы хацелі заняцца пасля вялікага спорту?

— Канкрэтных думак няма, але я дакладна хацела б застацца ў спорце і займацца чымсьці, звязаным з баскетболам.

— Сёння ў беларускім баскетболе, на ваш погляд, ёсць праблемы?

— Я магу казаць пра гэта толькі з боку гульца. Дарэчы, вось таму я і хачу застацца ў спорце, каб разабрацца, ці ёсць праблемы. Глабальных, мне здаецца, няма. З тых часоў, як мы пачалі ўдзельнічаць на ўсіх топ-турнірах, сітуацыя палепшылася. Дзяржава пачала звяртаць на нас увагу, падтрымліваць і ісці насустрач. А раней даходзіла да таго, што і нумары мы на майкі самі сабе прышывалі, і форму ўручную мылі. Нейкія дробныя пытанні, магчыма, узнікаюць і цяпер, але яны настолькі неістотныя, што не варта нават і казаць.

— Як паставіліся да допінгавага скандалу, які закрануў нашу зборную веславання?

— Думаю, гэтая навіна ўдарыла па галаве не толькі саміх спартсменаў, але і ўсіх неабыякавых да спорту людзей. Вельмі непрыемна. Я сама асабіста знаёмая з некаторымі з нашых весляроў, ведаю іх не толькі як спартсменаў, але і як людзей. Яны вельмі адкрытыя, няхітрыя хлопцы, якія не пайшлі б на махінацыі, каб потым усё ўтойваць. Вядома, гэта велізарная страта, найперш для краіны, бо адхілены тыя людзі, якія рэальна прэтэндавалі на ўзнагароды і за якіх заўсёды хочацца хварэць.

Біяграфічная даведка

Таццяна Троіна нарадзілася ў Мінску 30 чэрвеня 1981 года. Баскетболам пачала займацца ў дзевяць гадоў. У секцыю яе прывялі бацькі (у мінулым таксама баскетбалісты). Выступала за юнацкую і маладзёжную зборную Беларусі, сёння з'яўляецца адной з самых вопытных баскетбалістак алімпійскай зборнай. Таццяна — бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы — 2007 і ўдзельніца Алімпіяды ў Пекіне. За сваю кар'еру выступала ў баскетбольных клубах ЗША, Латвіі, Ізраіля, Румыніі, Францыі, Расіі і Польшчы.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.