Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей ШПАРЛО выказаў падзяку Алене СІНКЕВІЧ за праяўленую ёй неабыякавасць у сітуацыі, якая пагражала жыццю і здароўю людзей.
18 ліпеня ў Гродне на плошчы Савецкай распачаў работу школьны кірмаш, у якім удзельнічае і індывідуальны прадпрымальнік Алена Сінкевіч. У той дзень яна гандлявала школьнымі прыладамі, аднак прыйшлося паклапаціцца і пра іншае. У 16 гадзін 15 хвілін у цэнтр аператыўнага кіравання абласнога ўпраўлення МНС паступіў трывожны званок. Алена Сінкевіч паведаміла, што ёсць пагроза падзення ліставой бляхі з даху будынка гасцініцы «Нёман». Моцным ветрам ліст сарвала з мацавання і ён ляжаў на даху проста над уваходам у рэстаран.
— Як толькі ратавальнікі прыбылі на месца і нацягнулі стужку, ліст бляхі ўпаў з даху. Зразумела, якія наступствы маглі здарыцца, калі б Алена Сінкевіч не праявіла актыўную жыццёвую пазіцыю, — зазначыў Сяргей Шпарло. — Дзякуй ёй і ўсім грамадзянам, якія, стаўшы відавочцам сітуацыі, што пагражае жыццю і здароўю людзей, своечасова праінфармавалі службу ратавання. Прыемна, што такіх прыкладаў неабыякавасці становіцца ўсё больш. Дзякуючы ім, у прыватнасці, сёлета ўдалося ў пачатковай стадыі ліквідаваць шэраг узгаранняў сухой расліннасці, пазбегнуўшы буйных пажараў, якія маглі б закончыцца знішчэннем домаўладанняў і гаспадарчых пабудоў.
Нават тое ж пакрыццё даху ў выпадку прыроднага катаклізму становіцца сур'ёзнай пагрозай людзям. Як гэта здарылася нядаўна ў Гродне, калі ліст шыферу, што ўпаў з даху будынка, моцна траўміраваў жанчыну.
Сяргей Шпарло падарыў Алене Сінкевіч кнігу «Старонкі гісторыі пажарнай службы» і запрасіў яе на прафесійнае свята беларускіх ратавальнікаў, якое адзначаецца 25 ліпеня. У гэты дзень у парку імя Жана Эмануэля Жылібера і на плошчы Леніна для жыхароў і гасцей горада над Нёманам пройдуць выстава тэхнікі, гульні, конкурсы, канцэрт эстрадна-духавога аркестра МНС і юных вакалістаў. А маладыя ратавальнікі прысягнуць на вернасць Радзіме.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».