Прыкладам могуць служыць цікавыя даныя адной англійскай кампаніі, якая валодае 14 тысячамі аўтамабіляў і здае іх у пракат розным установам у якасці службовага аўтапарка. Статыстыка паказвае, што частата аварый, у якія трапляюць гэтыя машыны, наўпрост звязана са службовым становішчам чалавека, які сядзіць за рулём.
У дырэктараў і старшага кіраўніцкага звяна кампаній-карыстальніц аўто аварыі адбываліся прыблізна кожныя 15 000 км, у кіраўнікоў аддзелаў продажу — кожныя 17 600 км, у асоб, якія непасрэдна займаліся продажам, — кожныя 20 000 км, у кіраўнікоў сярэдняга звяна, якія працуюць у асноўным у офісе, — кожныя 23 000. Пры гэтым кошт рамонту пасля аварыі, у якую трапіў дырэктар, амаль удвая большы за страты, атрыманыя супрацоўнікамі ніжэйшага рангу. Прадстаўнікі кампаніі, якая валодае машынамі, растлумачылі гэта душэўнай неўраўнаважанасцю, уласцівай кіраўнікам у большай ступені, чым падначаленым.
— З гэтым назіраннем можна пагадзіцца, — тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па памежнай псіхіятрыі Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Наталля БЕРАЗОЎСКАЯ. — Існуе нават паняцце «стрэсу кіраўніка», і абумоўлены гэты стрэс адказнасцю за вырашэнне разнастайных задач, кожная з якіх можа разглядацца як асобны стрэсагенны фактар.
Што гэта за задачы?
Урэгуляванне стасункаў з партнёрамі і канкурэнтамі, афіцыйнымі структурамі, падатковымі органамі.
Пастаноўка стратэгічных і тактычных мэт для арганізацыі, пошук аптымальных спосабаў іх дасягнення, улік магчымых рызык, хоць насамрэч у самім слове «рызыка» закладзена немагчымасць прадбачыць і спрагназаваць абсалютна ўсё.
Неабходнасць прымаць нестандартныя рашэнні, хутка засяроджвацца і пераключаць увагу.
Работа ў рэжыме чакання, няпэўнасці, дэфіцыту ці лішку інфармацыі.
Неабходнасць вырашэння стратэгічных задач, вынікі якіх часта адтэрмінаваныя (у псіхалогіі вядома, што атрыманне канкрэтнага выніку з'яўляецца важным фактарам задаволенасці работніка сваёй працай).
Стасункі з мноствам людзей, якіх неабходна рознымі спосабамі стымуляваць да эфектыўнай працы.
Неабходнасць прымаць непапулярныя меры (пакаранні, звальненні).
Усё гэта стварае празмернае нервова-псіхічнае напружанне (у перакладзе з англ. «стрэс» — напружанне), што прыводзіць да шэрагу непрыемных псіхалагічных і фізічных сімптомаў.
Арганізм чалавека — сістэма мудрая, здольная да самааднаўлення, але важна прыслухоўвацца да сябе, сваіх патрэб, распазнаваць сігналы аб дыскамфорце. У кожнага чалавека існуе свой любімы антыстрэсавы набор прыёмаў для цела і душы. Гэта можа быць:
— гарачы шакалад, пушысты плед, зручнае крэсла і любімая кніжка;
— добрае віно і палкі партнёр;
— кароткачасовы водпуск у цёплых краях у адзіноце ці ў прыемнай кампаніі;
— сон — столькі, колькі хочацца, і яшчэ крыху;
— заняткі спортам;
— лазня — з парылкай, венікам і скоканнем у сумёт;
— стасункі з прыродай: лес, поле, агарод, кошкі, сабакі, коні;
— людзі — якім вы патрэбны, якія вас цэняць, любяць, падтрымліваюць і весяляць.
А вось прыём моцнага алкаголю, кавы і розных лекавых прэпаратаў мае сур'ёзныя недахопы, бо спрыяе затрымцы працэсу натуральнай самарэгуляцыі эмацыянальных рэакцый, фарміраванню залежнасці, зніжэнню інтэлектуальных магчымасцяў, а таксама стварае дадатковыя праблемы (напрыклад, страта сацыяльнага кантролю, як у выпадку з алкаголем).
На жаль, не існуе чароўнай пілюлі ад стрэсу. Самае важнае — жаданне і гатоўнасць рабіць штосьці для сябе. Без уласнай актыўнай пазіцыі не абысціся. Псіхолаг або псіхатэрапеўт могуць толькі дапамагчы авалодаць некаторымі карыснымі навыкамі.
Святлана БАРЫСЕНКА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?