Вы тут

Кнізе Рыгора Барадуліна «Рунець, красаваць, налівацца!» спаўняецца 55


Кнізе паэзіі Рыгора Барадуліна «Рунець, красаваць, налівацца!» спаўняецца 55.

Паўстагоддзя — час не такі і малы. Для творчага шляху аднаго аўтара, ды і традыцыі нацыянальнай літаратуры ў цэлым. Сёння, калі маладыя паэты захапляюцца эксперыментамі, ствараюць новыя формы, ды і нават прыдумваюць словы-наватворы, бо для выказвання ўласных пачуццяў і думак ім падчас не хапае сродкаў мовы, кніга паэзіі, што пабачыла свет 55 гадоў таму, мусіла б падавацца пэўным анахранізмам. Яна магла б бясконца састарэць, стацца незразумелай сучасніку. Асабліва калі маецца на ўвазе другі па ліку зборнік паэта, які ў той час толькі станавіўся на крыло, пачынаў свой шлях у літаратуры.


Гэты томік паказвае чытачу: 55 гадоў таму 26-гадовы творца фактычна бачыў сваю дарогу ў паэзіі, разумеў, пра што з публікай варта гутарку весці.

Але, калі гаворка ідзе пра геніяльнага творцу, усе законы прасторы і часу не спрацоўваюць. Унікальны індывідуальны голас, які пачынае гучаць у маладосці, з вопытам, часам і ўзростам толькі мацнее, мужнее, а яго погляд, ідэі і спосабы іх выяўлення застаюцца такімі ж свежымі і шчырымі. Нават сёння, ведаючы, што імя Рыгора Барадуліна — у пантэоне народных паэтаў Беларусі, што яго паэзія — сапраўдны скарб для нашага народа, чытач атрымае бясконцае задавальненне ад знаёмства з той самай кніжачкай 1961 года. Нават назва зборніка — «Рунець, красаваць, налівацца!» (хоць першапачаткова ў яе ўкладаўся зусім іншы сэнс, прадыктаваны савецкай ідэалогіяй) набывае новы сімвалізм. Кніга і час яе напісання бачацца як пара творчага росквіту паэта, яшчэ маладога чалавека, але ўжо здатнага на многае.

Гэты томік паказвае чытачу: ужо тады, 55 гадоў таму, 26-гадовы творца фактычна бачыў сваю дарогу ў паэзіі, разумеў, пра што з публікай варта гутарку весці. Ёсць тут і шчымліва-трагічныя творы, што распавядаюць пра паўгалоднае пасляваеннае дзяцінства, і прысвячэнні маці, што пазней стануць візітоўкай Барадуліна, і хрэстаматыйны «У верасня — свой, асаблівы пах», і знакаміты твор, вядомы, бадай, кожнаму беларусу «Трэба дома бываць часцей...». Калі казаць пра апошні, то неверагодным падаецца адкрыццё, што напісаны ён быў крыху больш як паўстагоддзя таму маладым
26-гадовым паэтам. Ды відаць, геніі нават у маладым узросце здольныя адчуваць час, вызначаць яго рысы, быць выразнікамі думак усяго пакалення.

Не абышлося ў кнізе і без інтымнай лірыкі. Тут Барадулін — таксама майстар, шчыры, адкрыты і даверлівы. А як жа інакш пісаць пра каханне, як віншаваць каханую з Днём нараджэння? Толькі так, як гэта зрабіў паэт у вершы-прысвячэнні Валянціне М. «Поўнач 30-га чэрвеня»:

Чуеш...

Ліпень ступае,

Зямлёю сагрэты.

Дзень твайго нараджэння

Ён прынёс, веснавокая.

Нам далёка з табой

Да сярэдзіны лета,

Да начэй вераб'іных

Яшчэ гэтак далёка нам...

Гульня з мовай, яркія прыклады гукапісу (чаго варты хаця б гэты радок «Лёгка падае пухкі пух іх...»), незабыўныя метафары... Здаецца, ужо тады, на пачатку творчага шляху, Барадулін ведаў, якімі рысамі будзе вызначацца яго паэзія, чым запомніцца наступным пакаленням. І ўжо тады ў яго творчасці з'яўляецца сёння на-
дзвычай сімвалічны вобраз жорнаў. У вершы «Вятрак» сам Барадулін параўноўвае жорны з паўшар'ямі, а іх працу называе шаноўнай і значнай.

Помнік на магіле Рыгора Барадуліна ў Вушачах.

Паэта не стала ўвесну 2014 года... а мінулай восенню на яго магіле ва Ушачах, што знаходзіцца побач з месцам апошняга спачыну яго мамы Акуліны Андрэеўны, быў устаноўлены помнік: валун з высечаным на ім шасціканцовым крыжам і жорны. Шмат добраахвотнікаў дапамагала ў рабоце па ўстанаўленні помніка, а валун на могілкі даставіла на верталёце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Так жорны на магіле Паэта сталіся сімваламі павагі і прызнання цэлага народа. Хіба магло быць інакш?

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Чуеш... Ліпень ступае...»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.