Вы тут

Што робіць тата ў дэкрэце?


У нашай краіне ўсяго толькі 1% татаў карыстаюцца законным правам пайсці ў адпачынак па доглядзе дзіцяці. З іх ліку і бас-гітарыст гурта J:МОРС Валерый ДАСЮКЕВІЧ. Музыкант запрасіў нас дадому, дзе за кавай і ў перапынку паміж гульнёй з сынам падзяліўся сваім амаль трохгадовым досведам «вусатага няня».


«Мама ж у нас — дырэктар»

Пакуль тата заварваў каву, Макар паспеў пазнаёміць нас са сваім беласнежным катом Багзам, паказаць «БМВ» з пультам кіравання і драўляную чыгунку з цягнікамі...

— Макарчык, вазьмі трубачку, мама нешта хоча табе сказаць, — даносіцца з кухні голас таты і хлопчык тут жа забываецца на нас ды на свае цацкі.

— Чыё гэта было рашэнне — аформіць водпуск па доглядзе дзіцяці? — цікаўлюся ў Валерыя, пакуль Макар размаўляе па тэлефоне.

— Агульнае. Усе цудоўна разумелі, што Іра не зможа сядзець у дэкрэце. Мама ж у нас — дырэктар, праўда Макар? (падміргвае сыну). Знайсці ёй замену на тры гады не так проста. Калі сын нарадзіўся, яна на 30 дзён узяла адпачынак. А пасля я прыняў удар на сябе (смяецца). Я ж на завод не хаджу. Рэпетыцыі ды канцэрты ў мяне, як правіла, па вечарах, выхадных і святочных днях, калі мама дома. Мы з Ірай шмат ездзім па свеце і бачым, што за мяжой мужчыны прымаюць непасрэдны ўдзел у выхаванні дзяцей. А я чым горшы? У мяне сяброў шмат такіх жа. Такія ўжо таты, да мозгу касцей.

— Не было вам страшна заставацца з маленькім сам-насам?

— Не. Наадварот, было вельмі цікава. Столькі ўсяго новага для сябе адкрыў. Мы ж яго нарадзілі не ў 18 гадоў. Мне было 32. Таму я падышоў да бацькоўства свядома. Цудоўна разумеў, што будзе цяжкавата спачатку. Бяссонныя ночы, першыя зубкі, паліклінікі... Нам пашанцавала з бабуляй: Ірына мама вельмі дапамагае. І нянечка заўсёды на падхваце. У мяне ж дзень на дзень не прыходзіцца. Часам даводзіцца і пасярод тыдня на гастролі з'ехаць.

— Не ведаю, ці змагла б я даверыць сваё дзіця чужому чалавеку... А як вы выбіралі нянечку?

— Таня нам ужо як свая. Знайшлі яе па рэкамендацыі маіх сяброў. У яе ўласныя дзеці ўжо дарослыя — музыканты. Сама ж яна ўсё жыццё прысвяціла педагогіцы, працавала дырэктарам школы. Яны з Макарам неяк адразу знайшлі агульную мову.

— А жонка не пакутуе, што магла б больш часу з сынам праводзіць?

— Ёсць, канешне, крыху. Але яна «адрываецца» ў адпачынку, па выхадных. Па вечарах у мяне часта то трэніроўка (па тайскім боксе. — Аўт.), то рэпетыцыя. Дык яны ўдваіх тусуюцца, без мяне. І вельмі ў іх усё добра. Плюс мама заўсёды прыходзіць у абед, каб пабыць з Макарчыкам крыху.

«Я з квактухамі нават размаўляць доўга не магу»

— Некаторыя лічаць, што жанчына павінна сядзець дома ды варыць баршчы...

— О не! Я з квактухамі нават размаўляць доўга не магу. Не буду ж я з імі гаварыць пра боршч пастаянна. Са школы, з музычнага вучылішча мяне акалялі цікавыя, творчыя людзі. Квактух сярод іх не было. Ніводнай. І жонка ў мяне пастаянна развіваецца, ходзіць на розныя курсы, чытае запоем. Яна скончыла ліцэй БДУ, пасля мехмат БДУ, бізнес-школу ІПМ, абаранялася ў Польшчы.

— Побач з такой жанчынай таксама нельга стаяць на месцы...

— Менавіта так. Таму мы і рухаемся разам: Іра штосьці даведалася новае, штосьці я, дзелімся сваімі набыткамі, цягнемся адно за адным. Для мяне самае важнае, што нам цікава разам. З квактухамі ж проста: імі можна камандаваць, прыгнятаць. З разумнай жанчынай такі нумар не пройдзе. Але некаторым мужчынам так прасцей: за кошт гэтых «хатніх» жанчын нешта з сябе ўяўляць, самарэалізоўвацца...

— А як вы пазнаёміліся?

— На юбілейным канцэрце Apple Tea. Ужо сем гадоў прайшло, як мы разам.

— Вас з'яднала любоў да музыкі?

— Не, хутчэй аднолькавыя погляды на жыццё. У размове я тады адразу зразумеў, што ў нас шмат агульнага. А яшчэ мы абое вельмі любім падарожнічаць.

— Як правіла, вандруеце ўдваіх?

— Не, цяпер учатырох. З 4 месяцаў паціху пачалі ўцягваць і Макара. Бабулю таксама бяром з сабой. І нам прасцей, і ёй таксама добра. Палову дня мы з Макарам гуляем. А пасля аддаём Ірынай маці, бяром матацыкл напракат і паехалі катацца. Макар жа яшчэ маленькі, яму трэба паспаць абавязкова днём. Калі ў мяне ёсць работа - выпускныя, карпаратывы навагоднія - зразумела, застаюся, а яны з'язджаюць. Так было і на апошні Новы год: Іра з Макарам і цешчай паляцелі ў Індыю першымі, а я адпрацаваў і далучыўся да іх праз тыдзень.

— У мяне ёсць знаёмы, які прынцыпова адпачывае адзін ці ў мужчынскай кампаніі. Расказваў, як аднойчы ўзяў з сабой жонку на байдаркі, дык яна ўжо праз дзень пачала даймаць размовамі накшталт «як мы будзем дом будаваць?»

— Іра вельмі шмат працуе, вырашае свае сур'ёзныя задачы ў бізнесе. Яна не можа прыйсці пасля работы і пераключыць адразу ж увагу. Гадзін да дзесяці толькі адыходзіць. Адзіны спосаб ёй «перазагрузіць» мозг, гэта паехаць у адпачынак на тыдзень-два. Таму ні пра якую работу, ні пра якія праблемы мы з ёй там не гаворым.

— Як у вашай сям'і размяркоўваюцца абавязкі?

— Я стараюся Іру па-максімуме разгрузіць. У магазін езджу, люблю гатаваць. У мяне такі талент, ад бацькі, напэўна. Жонцы гэта нецікава. Адразу, калі пачалі сустракацца, Іра сказала: «Слухай, я не люблю гатаваць». Для мяне гэта не праблема. Неяк, яшчэ да знаёмства з Ірай, мы ехалі са знаёмым у камандзіроўку. «Ой, я забыўся ўзяць ссабойку», — кажу я. — «А ты што, яе сам збіраеш?» — «Ну, так». «А што, твая дзяўчына не збірае?» — «Не». — «А навошта яна такая наогул патрэбная?» А сэнс жа не ў тым, каб каханая табе ссабойкі збірала і штаны мыла. Я заўсёды быў самастойны, самадастатковы ў гэтым плане. З 17 гадоў жыву адзін, усё раблю за сябе сам. Зараз, праўда, штосьці і Іра за мяне робіць. У прыватнасці, за мыццё бялізны яна адказвае.

— А хто ўкладвае Макара спаць?

— Па чарзе.

— Спяваеце калыханкі?

— Не, Макар вельмі любіць казкі на ноч слухаць. Самі іх прадумваем. Ёсць у нас казка пра Ам-няма, пра Дракона. Але самая любімая (пазірае на сына)... правільна, пра Макара.

«Сын забараняе мне іграць на гітары»

— Як звычайна бавіце час з сынам?

— Я яго ў басейн важу. Гэта мой самы прыемны абавязак.

— Шмат там татаў з дзецьмі?

— Апошнім часам так. Прычым майго ўзросту. Відаць, што яны прыходзяць туды не таму, што трэба, а таму, што гэта ім падабаецца. Мне, напрыклад, з Макарам у «жабніку» забаўна. Сам я там, вядома, не змагу нармальна паплаваць. Але вы б бачылі, як мы дурэем з ім, скачам, ныраем. Любім мы ездзіць разам і на рыбалку. Праўда, сынок, любіш ты рыбу лавіць, вудачкай сіняй? У мяне шмат розных, але ён чамусьці заўсёды просіць сінюю. Машынкі тыя ж на пульце кіравання, канструктары, верталёты... Кожны ж тата — гэта дарослае дзіця. У нас з Ірай заўсёды была дыскусія. Яна кажа, што не хоча, каб Макарчык вырастаў так хутка. А я, наадварот. Ну што мне з той лялечкі? Іра, бабуля і Насця (Ірына дачка ад першага шлюбу) расчульваюцца: «усі-пусі». А мне што з таго? Я люблю, каб сын хадзіў са мной некуды. Спрабую браць на работу. Але пакуль толькі ў студыю. Бо апошні раз, калі мы прывялі дзяцей на рэпетыцыю, закончылася тым, што яе давялося перапыніць. Яны ж не даюць нічога рабіць: па барабанах ляпаюць, шнуры выдзіраюць. Калі сын крыху падрос, Іра паспрабавала браць яго на мае канцэрты. Але Макару пакуль гэта не цікава. Гучна. Пабудзе пяць хвілін і кажа: "Мама, пайшлі гуляць, квас піць".

— Бачыце ў ім музыку?

— Пакуль не. Ён любіць пастукаць па барабанах ды пакрычаць, як і ўсе дзеці ў яго ўзросце. А вось спяваць не. І мне забараняе. На гітары іграць таксама. Штосьці яму не падабаецца. Я бяру гітару. А ён: «Тата, не. Не трэба». Вось пальчатку баксёрскую маю надзець — гэта яму больш даспадобы. Узрост такі, характар пачынае праяўляцца. Макар у нас вельмі камунікабельны. Вельмі хоча ў садзік. Вырашылі, што аддадзім у тры гады.

— Не баіцеся, што нечаму дрэннаму навучыцца ў іншых дзяцей?

— Нічога страшнага. Хлопец усё ж такі. Трэба ж імунітэт выпрацоўваць. У мяне ёсць сябар, які дачку вадзіў у прыватны дзіцячы сад. Там усе дзеці былі, як на падбор — выхаваныя, спакойныя. Калі пераехалі жыць у іншы канец горада, стала далёка вазіць, таму аддалі ў бліжэйшы сад. У першы ж дзень дзяўчынку давялі да істэрыкі. Але затое ёй пасля стала прасцей ісці ў школу. Лічу, што добра, калі ў садзіку ёсць хоць адзін забіяка, каб іншыя дзеці разумелі, як з гэтым жыць.

— Як, дарэчы, складваюцца адносіны з Ірынай дачкой?

— Я для яе сябар, «чувак», да якога яна добра ставіцца. Насця цяпер у такім узросце, калі хочацца тусіць, часта ездзіць на розныя канцэрты. Мне нешта паказвае, пытаецца, раіцца. Я ж «сяку» ў тэме (смяецца).

— Татам яна вас не называе?

— Не. У яе добрыя адносіны са сваім татам. Калі ён у яе пытаўся пра мяне, Насця сказала: «Гэта вельмі добры чувак». Ёй тады было гадоў 11. Цяпер жа яна ўжо вучыцца ў інстытуце.

«Нельга «баніць» дзіця»

— Як вы ставіце да адкрытага праяўлення эмоцый? Часта кажаце Макару, што вы яго любіце?

— У маёй сям'і эмоцый практычна не было. Мама яшчэ больш-менш. А вось бацька наогул сваіх пачуццяў ніяк не праяўляў. Я ж лічу, што калі хочацца, трэба, абавязкова праяўляць. Каб дзіця адчувала, што яго любяць. Калі Макару штосьці не падабаецца, ён жа ў сабе гэта не трымае. Нельга стрымлівацца, бо гэта пасля вылезе вельмі моцна бокам. Штосьці не падабаецца — скажы. Штосьці падабаецца — пакажы. Трэба ўсе свае адчуванні пражываць. Гэта вельмі важна. Я гэта ўжо ведаю, таму Макар расце ў іншым асяродку.

(Макар дастаў каробку і высыпаў усе пазлы на падлогу).

— Вось так мы любім рабіць (смяецца Валерый). Ну давай цяпер разам будзем збіраць...

— Якіх прынцапаў прытрымліваецеся ў выхаванні?

— Я — савецкае дзіця. Хто там глядзеў, што я адчуваю, чаго я хачу? «Не хадзі, не лезь» — вось гэта я чуў пастаянна. Памятаю, калі мне было 10 гадоў, захацеў пайсці на ушу. Сказаў пра гэта маме. «Ты што, не хадзі! Галаву адаб'юць там, не дай бог, зубы павыбіваюць». Я рос са страхам унутры, з кучай комплексаў... У нас такога няма і не будзе. Мы Макару нічога не забараняем. Не крычым на яго. Калі шчыра, у мяне па першым часе таксама вырывалася па інерцыі «нельга», але я сябе спыняў пастаянна. Што б Макар ні зрабіў, я заўсёды яго хвалю. Таму што калі ты яго хваліш, ён расце ўпэўненым, не зацюканым.

— Але ж неяк трэба стрымліваць, інакш дзіця будзе адчуваць уседазволенасць, што таксама не заўсёды добра...

— Трэба ставіцца да дзяцей, як да роўных, тлумачыць. Ён хоча, дапусцім, у красоўках пайсці ў лужыну. Трэба сказаць, чаму не варта гэтага рабіць. А то ж ён не разумее... Кажу: "Зараз мы вернемся дадому, абуем з табой гумавыя боты і пойдзем цэлую гадзіну па лужах хадзіць".

— У маці і таты пэўна, розны падыходы да выхавання. Як вы супакойваеце сына, калі ён плача?

— Іра кажа: «Хочаш плакаць, паплач. Яшчэ мацней». Ён: «Не, не буду». А я проста адцягваю ўвагу, пераключаю на нешта іншае, больш цікавае. Тое ж самае і з планшэтам. Як яму забараніць ім карыстацца? Нельга забараняць, трэба проста паказаць іншыя магчымасці. Вось споўніцца яму 5 гадоў, абавязкова аддам на бокс. Па-першае, ён будзе заняты. Па другое, у чалавека, які займаецца спортам, не важна якім, з дзяцінства выпрацоўваецца характар. Нешта баліць, не хачу, лянота, але трэба. У арміі са мной служыў чэмпіён рэспублікі па веславанні. Я зразумеў, што спорт даў яму, акрамя шырокіх плячэй, спакой і ўпэўненасць у сабе. Акрамя бокса, прапануем яму нейкія развіваючыя гурткі. Каб не было вольнага часу ў планшэт «тупіць» ды па падвалах лазіць.

— Знаёмы даў свой першы верш тату пачытаць, а ён пачаў смяяцца: «Ты Ясеніна лепш пачытай...»

— Нельга так казаць, ні ў якім разе — гэта сур'ёзная траўма. Мае бацькі не хацелі, каб я музыкай займаўся. Я сам пайшоў у музычную школу, адзін. Папрасіўся, каб мяне ўзялі. Тое ж было і з музычным вучылішчам. Здаў іспыт і паступіў. Мае бацькі — простыя людзі, хацелі, каб я быў майстрам-тэхнолагам, займаўся вытворчасцю каўбас, пячэння, макаронаў. Каб я заўсёды быў пры ежы. Казалі: «Валера, ну зачэм табе ўся гэтая музыка?» Я ж нікога не слухаў.

— Вы не слухалі, а нехта б мог паслухаць і пасля пашкадаваць...

— Усе мае школьныя сябры слухалі. Ну і цяпер... Я не ведаю, чым яны займаюцца. Таксама было і ў музычным вучылішчы. Большасць музыкай не займаюцца. Проста нехта палічыў, што ім трэба туды пайсці, і не важна, хацелася ім, ці не. Гэта адразу было бачна. Таму нельга ні ў якім разе так «баніць» дзіця.

— Калі дзіця лезе з аднымі і тымі ж пытаннямі, многія адштурхоўваюць "адстань". Любоў і ўвага — гэта тоесныя паняцці?

— Так. Таму мы ніколі не кажам "ай, адвянь". Цяжка часам. Хочаш проста паляжаць. А ён цягне за руку. "Можна, я паляжу?" — "Не, тата, нельга. Давай гуляць". І гуляю нават праз не магу, спачатку не так актыўна, але нешта з ім раблю. А пасля і не прыкмячаеш, як захапляешся.

— Як вы лічыце, калі жанчына выхоўвае сына адна, з'яўляецца пагроза, што гэта будзе чарговы распешчаны «мамчын сынок»?

— Многія рэчы здольны даць толькі тата. Ніхто ніколі яго не заменіць. Плюс у хлопчыкаў, якіх тата альбо недалюбіў, альбо быў жорсткім, альбо наогул яго не было, вельмі шмат комплексаў. За спінай дзіцяці, перакананы, павінны стаяць продкі па мужчынскай лініі — бацька, дзед, прадзед, якіх ты паважаеш. Ты павінен адчуваць, што ты не адзін. Вельмі дрэнна, калі гэтыя сувязі разарваныя.

— Усе, хто супраць, каб бацька сядзеў у дэкрэце, аргументуюць сваё меркаванне тым, што да трох гадоў дзіцяці абавязкова патрэбна мама, а не тата?

— Маці канешне патрэбна, бо ў іх сувязь асобая, нават на фізіялагічным узроўні. Менавіта таму ў жыцці Макарчыка Іры не менш, чым мяне. Гэта ж не тое, што я сеў у дэкрэце і сяджу. Я ж паспяваю і грошы зарабляць. Часам а трэцяй гадзіне ночы пасля карпаратыву вяртаўся. А Іра сыходзіць на работу ў 9 раніцы. 3-4 гадзіны паспаў і «гуляй тата». Павінны быць і мама, і тата, на аднолькавых ролях. Я не разумею, як дзяўчаты нараджаюць і пасля гадуюць дзіця ў адзіноце. Гэта ж можна звар'яцець. Я бачу такіх адзінокіх матуль (прычым, у многіх з іх ёсць муж, але ён ці выпівае, ці ігнаруе і не дапамагае). «Гора-тата» не разумее (ці не хоча разумець), што адбываецца. А гэтую няшчасную маці адразу бачна. У яе такі погляд — ніякі, яна перастае сачыць за сабой, бо няма калі гэтым займацца. Вось табе і сядзіць маці ў дэкрэце да трох гадоў. І які сэнс? Каб была маці, трэба, каб быў і тата.

— Апошнім часам вельмі папулярныя парныя роды. А вы Макара нараджалі разам?

— Іра прапаноўвала: "Пайшлі". Але я сказаў "не". Лічу, што туды лезці мужчыну не трэба. Для мяне ўсё мацярынскае, прыроднае — табу. Я сказаў, што буду побач — пад дзвярыма, пад ганкам пастаю, але туды не пайду...

— Як жонка адрэагавала? Не пакрыўдзілася?

— Не, пасмяялася. Галоўнае проста патлумачыць. Я ўвёў сабе за звычку, калі ёсць праблема, трэба гаварыць. Нельга маўчаць. Ты пакрыўдзіўся, штосьці недачуў, не так зразумеў... Дык сядзьце і пагаварыце. Гэта працуе на 150 працэнтаў. Людзі разыходзяцца менавіта таму, што маўчаць. Крыўдачку затаіў, ходзіць дуецца, жонка не разумее... Калі вы адэкватныя людзі, усё вырашальна.

P.S. З мамай Макара нам усё ж такі таксама пашцасціла пазнаёміцца. У 13.08 з ліфта, які мы выклікалі, выйшла Ірына (пазналі па фотаздымках, што бачылі на сценах кватэры). Яна вельмі спяшалася на абед, каб пабыць крыху з сынам.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

dryla@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Тата ў дэкрэце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.