Вы тут

Гэта зрабілі мы


Мы шмат робім, але часта гэтага не заўважаем ці не жадаем заўважаць. Бо, падаецца, толькі сябе пахваліш, дасі ўяўны «медалёк» за поспех, за маленькае дасягненне — і спынішся ў развіцці. Кожны, незалежна ад таго, дзе працуе, колькі дзяцей гадуе, колькі яму гадоў, прыкладае намаганні, якія ўвасабляюцца ў здабыткі не толькі ўласныя, але і ўсёй краіны. Мы вырашылі скласці свой спіс дасягненняў за 25 гадоў незалежнасці Беларусі. Спіс, вядома, далёка не поўны. Гэта ўсяго толькі некалькі кропель у акіяне. Але мы прапануем кожнаму згадаць свой уласны ўнёсак і ў думках далучыць да нашага спіса. А мы пачуем.


Парк высокіх тэхналогій

Гэта месца, дзе створана спрыяльнае асяроддзе для развіцця бізнесу ў галіне інфармацыйных тэхналогій у Беларусі, дзе падатковыя льготы спалучаюцца з наяўнасцю добра падрыхтаваных спецыялістаў для ІТ-галіны. Рэзідэнты ПВТ вызваляюцца ад усіх карпаратыўных падаткаў, уключаючы падатак на дабаўленую вартасць, прыбытак, а таксама мытных пошлін. Усе гэтыя меры накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Сёння рэзідэнтамі Парка з'яўляюцца паўтары сотні кампаній, сярод якіх шмат і сусветна вядомых.


Аграгарадкі

Яны з'явіліся пасля прыняцця «Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005—2010 гады» для таго, каб невялікія па памерах населеныя пункты сталі больш добраўпарадкаванымі, з лепей наладжанай інфраструктурай і магчымасцю забяспечыць больш высокія стандарты жыцця сваіх жыхароў. Усяго іх было створана амаль паўтары тысячы. За гады існавання ў іх адкрыты сотні новых гандлёвых аб'ектаў, дамоў культуры, дзясяткі ўстаноў адукацыі. Тысячы людзей атрымалі ў аграгарадках новае жыллё і працу. Дзяржпраграма і аграгарадкі ў прыватнасці дазволілі не толькі захаваць беларускую вёску, але і вывесці сельскую гаспадарку краіны на сусветны ўзровень.


БелАЗ

Ён уваходзіць у лік сямі вядучых сусветных канцэрнаў па вытворчасці кар'ернай тэхнікі і з'яўляецца найбуйнейшым сусветным вытворцам кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, якое ўжываецца ў горназдабыўной і будаўнічай галінах прамысловасці. «БелАЗ» з'яўляецца экспартаарыентаваным прадпрыемствам: у асноўным яго прадукцыя пастаўляецца на горназдабыўныя вытворчасці СНД. А ў 2013 годзе Беларускі аўтамабільны завод прадставіў самы вялікі ў свеце самазвал «БелАЗ-75710», грузападымальнасць якога складае 450 тон, агульная маса — 810 тон, максімальная хуткасць — 64 кіламетры ў гадзіну.


Транспланталогія

Гэта адна са сфер медыцыны, у якой наша краіна дасягнула значных поспехаў. Калісьці, у 2008 годзе, Алег Румо зрабіў першую ў Беларусі перасадку печані. З таго часу галіна пачала імкліва развівацца: быў арганізаваны Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак, а ў мінулым годзе ў краіне выканана рэкордная колькасць перасадак — 445. Цяпер беларусамі выконваюцца трансплантацыі самай рознай складанасці: нырак, лёгкіх, касцявога мозгу, печані, сэрца, а таксама ствалавых клетак і тканак.


Сацыяльная мадэль дзяржавы

Мы да гэтага прывыклі і часта не задумваемся, але ж тое, што ў нашай краіне існуе бясплатная медыцына і адукацыя — таксама дасягненне. Кожны малады беларус мае магчымасць атрымаць веды не толькі на ўзроўні школы, але і паступіўшы ў ВНУ на бюджэтнае месца. Незалежна ад сацыяльнага статусу і матэрыяльнага становішча кожны грамадзянін можа атрымаць медыцынскую дапамогу. Пенсіянерам выплачваюцца пенсіі (у Кітаі, напрыклад, не) і жанчынам аплачваецца дэкрэтны водпуск, аказваецца падтрымка неабароненым слаям насельніцтва: сіротам, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, малазабяспечаным. Такім чынам ажыццяўляецца адзін з прыярытэтаў дзяржавы — клопат пра чалавека і яго дабрабыт.


Клопат пра будучыню

Значная падтрымка ў незалежнай Беларусі аказваецца шматдзетным сем'ям. Для іх існуе шэраг падатковых і іншых ільгот, у тым ліку пры будаўніцтве жылля, выплачваецца сямейны капітал. Таксама шмат увагі надаецца ахове мацярынства: Беларусь адносіцца да ліку краін з самымі нізкімі паказчыкамі дзіцячай смяротнасці. Кожная будучая маці мае магчымасць бясплатна назірацца ў дактароў. Дзякуючы ўсім гэтым мерам у 2002 годзе ўдалося пераламаць тэндэнцыю натуральнага змяншэння насельніцтва.


Нацыянальная бібліятэка

Яе новы будынак адкрыты ў 2006 годзе. Цікава, што яго праект у форме алмаза (ромбакубаактаэдра) быў распрацаваны яшчэ ў 1980-1990-я, але ажыццёўлены ўжо ў 2000-я. Сёння будынак бібліятэкі мае вышыню 23 паверхі (амаль 74 метры) і змяшчае больш за 10 мільёнаў кніг. Сярод іх — каля 90 тысяч рэдкіх і старадрукаваных кніг і рукапісаў, самыя раннія з якіх датуюцца XІV-XV стагоддзямі. У тым ліку гэта і збор выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны — 10 выпускаў Бібліі, якія паклалі пачатак беларускага кнігадрукавання.


Палац Незалежнасці

Пабудаваны ў 2013 годзе. За гэты час паспеў прыняць у сваіх сценах «нармандскую чацвёрку», Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет, беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў... У Палацы Незалежнасці праходзяць найважнейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы, пачынаючы ад уручэння замежнымі пасламі даверчых грамат і заканчваючы нарадамі кіраўнікоў дзяржаў. У комплексе з плошчай Дзяржаўнага сцяга Палац закліканы падкрэсліваць непарушнасць беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці. Нядаўна, напярэдадні пятага Усебеларускага народнага сходу на плошчы Дзяржаўнага сцяга адкрылі адноўленую Рэспубліканскую дошку гонару.


Мір і Нясвіж

Абодва замкі (Нясвіжскі — разам з Фарным касцёлам) у гэтых гарадах унесены ў Сусветную спадчыну ЮНЕСКА. І ў абодвух з іх з дапамогай дзяржавы была праведзена рэстаўрацыя. Так, сёння абодва замкавыя комплексы — гэта аб'екты з добра развітой інфраструктурай. Калі ў Мірскім замку ладзяцца рыцарскія фэсты, выставы, тэатралізаваныя паказы, навуковыя канферэнцыі, то Нясвіжскі больш вядомы «класічнымі» мерапрыемствамі: фестывалем опернага і балетнага майстэрства і канцэртамі класічнай музыкі. Сёння абодва комплексы — адны з самых папулярных турыстычных аб'ектаў Беларусі, куды штогод прыязджаюць тысячы беларускіх і замежных наведвальнікаў.


Комплекс узбраення «Паланэз»

«Паланэз» — гэта комплекс узбраення, які ўключае шматзарадную пускавую ўстаноўку і рэактыўныя зарады, а таксама дапаможныя сродкі. Першы запуск гэтай рэактыўнай сістэмы залпавага агню адбыўся не так даўно — 16 чэрвеня. Комплекс распрацавалі беларускія навукоўцы сумесна з арганізацыямі абароннага сектара эканомікі і, па словах кіраўніка дзяржавы, ён «адпавядае найлепшым узорам высокадакладнай зброі» і пры гэтым з'яўляецца айчынным дасягненнем. Такім чынам РСЗА, з аднаго боку, адкрывае новы перспектыўны для краіны кірунак — ракетабудаванне, а з другога — з'яўляецца гарантам таго, што мірнае неба над галовамі беларусаў будзе, пры неабходнасці, чым абараніць.


Перамовы ў Мінску

За апошнія гады Беларусь набыла імідж краіны, якая безагаворачна прытрымліваецца палітыкі нейтралітэту, выступае за мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. Гэта надзвычай відавочна праявілася ў дачыненні да сітуацыі ва Украіне. У 2014 годзе ў «Прэзідэнт-гатэлі» быў падпісаны Мінскі пратакол, згодна з якім павінен быў адбыцца адвод цяжкага ўзбраення, мясцовыя выбары і вывад замежных узброеных фарміраванняў ва Украіне. Аднак бакі канфлікту (Расія і Украіна) пункты пратакола не выканалі. Таму ў 2015 годзе ў Палацы Незалежнасці прэзідэнты Германіі, Францыі, Украіны і Расіі — «нармандская чацвёрка» — падпісалі іншы дакумент — «Комплекс мер па выкананні мінскіх пагадненняў» (аб спыненні агню), пасля якога эскалацыя канфлікту пайшла на спад.


Ваенная дактрына

Яе новая рэдакцыя днямі была разгледжана парламентарыямі. Менавіта гэтай дактрынай вызначаюцца ваенна-палітычныя асновы ваеннай бяспекі дзяржавы, яе стаўленне да ваенных канфліктаў і іх прадухілення, парадак ужывання ваеннай сілы для ўзброенай абароны нацыянальных інтарэсаў. Новы варыянт дактрыны ўлічыў змены ваенна-палітычнага становішча ў свеце, характар узброенай барацьбы, сучасныя тэндэнцыі развіцця дзяржавы. Цяпер у дакуменце прапісаны напрамкі развіцця абароннага сектара эканомікі і ўлічваюцца такія невядомыя раней з'явы, як гібрыдная вайна і каляровыя рэвалюцыі.


Крыж Еўфрасінні Полацкай

Выраблены для царквы Святога Спаса ў Полацку на заказ ігуменні Спаскага манастыра Еўфрасінні Полацкай — беларускай асветніцы — мясцовым майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. Ён задумваўся прападобнай як каўчэг для захавання хрысціянскіх рэліквій, зроблены з кіпарысавага дрэва, пакрытага золатам з каштоўнымі камянямі. Быў згублены падчас Вялікай Айчыннай вайны і да гэтага часу не знойдзены. У 1997 годзе брэсцкі ювелір-эмаліроўшчык Мікалай Кузьміч стварыў поўнапамерную копію крыжа, які лічыцца нацыянальным сімвалам Беларусі. Мітрапаліт Філарэт асвяціў яе, і цяпер копія захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.


Слуцкія паясы

Адна з айчынных рэліквій. Паясы вырабляліся па эксклюзіўнай тэхналогіі беларускімі майстрамі на мануфактуры Радзівілаў — слуцкай персіярні, і яшчэ тры-чатыры стагоддзі таму яны каштавалі як невялікае мястэчка. Сёння ў музеях Беларусі захоўваюцца ўзоры паясоў, але ў той жа час у мінулую пяцігодку працавала дзяржаўная праграма аднаўлення тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў. Дзякуючы ёй кожны ахвотны цяпер можа не толькі пабачыць, як выглядалі рэліквіі, але і набыць іх.


Помнік літары Ў

Знаходзіцца ў цэнтры горада Полацка. Ён з'яўляецца сімвалам унікальнасці не толькі беларускага алфавіту, але і мовы. Помнік усталяваны падчас 10-га святкавання Дня беларускага пісьменства, які, дарэчы, упершыню ў 1994-м быў праведзены менавіта ў Полацку. Традыцыйна для свята выбіраюць горад, які гістарычна з'яўляецца цэнтрам культуры, кнігадрукавання і асветы. За больш чым два дзесяцігоддзі імі сталі Шчучын, Тураў, Мір, Нясвіж, Быхаў, Барысаў, Заслаўе, Орша і інш.


«Мінск-Арэна»

Будынак шматфункцыянальнага спартыўна-забаўляльнага комплексу быў адкрыты ў 2010 годзе. У яго ўвайшлі канькабежны стадыён, веладром і непасрэдна арэна. Сёння комплекс прымае як выступленні «зорак» сусветнага маштабу, так і шматлікія спартыўныя спаборніцтвы. Але «Мінск-Арэна» — з'ява не адзінкавая. За гады незалежнасці былі збудаваны дзясяткі новых лядовых палацаў ва ўсіх абласных гарадах Беларусі, а таксама ў Бабруйску, Оршы, Маладзечна, Баранавічах, Салігорску, Пінску, Кобрыне, Жлобіне, Лідзе, Івацэвічах, Горках, Бярозе, Пружанах, Наваполацку.


Хакей

У 2014-м Беларусь прымала ў сваёй сталіцы чэмпіянат свету па хакеі з шайбай на дзвюх пляцоўках — «Мінск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне». У конкурсе за тое, каб праводзіць у сябе чэмпіянат, наша краіна спаборнічала з Венгрыяй, Латвіяй, Украінай і Чэхіяй — і перамагла. Чэмпіянат аказаўся і самым наведвальным за ўсю гісторыю, бо ў цэлым на матчы прыйшлі 651 846 гледачоў! У нашу краіну падчас гульняў завітала больш за 80 тысяч гасцей з 46 краін свету. Сімвалам чэмпіянату стаў зубр Волат у форме хакейнага гульца.


Раўбічы

У 1974 годзе быў збудаваны спартыўны комплекс «Раўбічы» для правядзення СССР міжнародных спаборніцтваў па біятлоне і сярод лыжнікаў. Пазней ён стаў стартавай пляцоўкай для будучых дасягненняў нашай краіны ў біятлоне і фрыстайле, развіцці адпаведных школ, якія ўвайшлі ў лік самых моцных у свеце. За 25 гадоў незалежнасці нашы спартсмены заваявалі 8 алімпійскіх медалёў у біятлоне і 6 — у фрыстайле. Гэта Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Антон Кушнір, Ала Цупер, Дзмітрый Дашчынскі. Калі біятланісты адточваюць майстэрства ў «Раўбічах», то для трэніровак фрыстайлістаў у любы сезон быў спецыяльна збудаваны вучэбна-трэніровачны цэнтр «Фрыстайл» у Мінску.


 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.