Вызначаны ТОП-10 вынікаў дзейнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2022 год.
Конкурс праводзіцца ў мэтах заахвочвання даследчыкаў і стымулявання творчай актыўнасці акадэмічных вучоных. Вынікі навуковай дзейнасці прадастаўляюцца на конкурс, калі яны адпавядаюць шэрагу крытэрыяў. Так, вынік мусіць быць апублікаваны ў выданні, якое мае высокі імпакт-фактар. Публікацыя павінна быць уключана ў міжнародныя базы даных. Атрыманая прынцыпова новая навуковая інфармацыя была ўпершыню апублікавана ў выглядзе кніжнага выдання (главы ў манаграфіі) і мае важнае значэнне для прагрэсу айчыннай і сусветнай навукі.
Сярод пераможцаў конкурсу за 2022 год — як персаналіі, так і аўтарскія калектывы.
Так, пераможцам конкурсу стаў загадчык цэнтра «Нанафатоніка» Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН кандыдат фізіка-матэматычных навук Дзяніс Навіцкі — за распрацоўку тэорыі ўзбуджэння рэзанансаў у асіметрычных актыўных фатонных структурах і яе прымяненне да розных тыпаў метаматэрыялаў.
Дырэктар ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў» Юрый Кернасоўскі начальнік сектара распрацоўкі сістэм — галоўны канструктар канструктарскага аддзела прадпрыемства Аляксей МАСПАНАЎ перамаглі з распрацоўкай сістэмы магнітна-зондавага кантролю дэфектнасці сталёвага пракату.
Загадчык лабараторыі Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, акадэмік, доктар хімічных навук, прафесар Уладзімір Хрыпач і галоўны навуковы супрацоўнік гэтага інстытута, член-карэспандэнт, доктар хімічных навук, дацэнт Уладзімір Жабінскі трапілі ў ТОП-10 з распрацоўкай высокаэфектыўных антытаксічных проціпухлінных прэпаратаў новага пакалення на аснове прыродных стэроідаў.
Загадчык лабараторыі Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Святлана Пашкевіч была адзначана за абгрунтаванне эфектыўнасці пазаклеткавых везікулаў мезенхімальных ствалавых клетак для аднаўлення нервовых тканак.
У ліку найлепшых таксама аўтарскі калектыў Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі з распрацоўкай прататыпа рухальнай устаноўкі для звышгукавых лятальных апаратаў. У ТОП-10 таксама ўвайшоў калектыў аўтараў Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі (за стварэнне высокаактыўнага генна-інжынернага штаму для атрымання вакцын новага пакалення з патэнцыяльна ўзмоцненай імунагеннасцю).
Найлепшымі таксама прызнаныя аўтарскі калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (за раскрыццё тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў розных жанрах кампазітарскай творчасці), вучоныя Інстытута меліярацыі (за распрацоўку комплексу найноўшых тэхналогій і тэхнічных сродкаў захавання і падтрымання працаздольнасці закрытых меліярацыйных сістэм).
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтае пытанне яшчэ ніколі не стаяла так востра.
Век жыві — век вучыся.
На што здольная абноўленая версія кабінета?
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.