Вы тут

Арганізацыя выбараў трымаецца на жанчынах


Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі, на якой былі падведзены вынікі першага этапу выбарчай кампаніі ў парламент, заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА.


«Выбары наогул на жаночых плячах у асноўным трымаюцца. Вось убачыце, ва ўчастковых камісіях будзе 75% жанчын, не менш», — лічыць кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што яна член толькі аднаго грамадскага аб'яднання — Беларускага саюза жанчын, які ў ходзе першага этапу кампаніі актыўна вылучаў прадстаўнікоў у акруговыя і тэрытарыяльныя выбаркамы. У акруговыя камісіі БСЖ вылучыў 117 чалавек, 95 з якіх увайшлі ў склад выбаркамаў гэтага ўзроўню. Прытым большасць (57,3%) членаў акруговых выбаркамаў менавіта жанчыны.

На думку старшыні камісіі, сёння пытанне гендарнага складніка — практычнае, якім цікавіцца кожная міжнародная дэлегацыя, што прыязджае ў нашу краіну. Часцей за ўсё запытваюць пра тое, ці плануецца павялічваць колькасць жанчын у парламенце. Але паўплываць на гэты працэс наўпрост нельга, лічыць яна. Так, у Беларусі створаны роўныя ўмовы для вылучэння ў кандыдаты ў дэпутаты для мужчын і жанчын. «Калі б у краіне была сістэма вылучэння па партыйных спісах, то можна было б абавязаць партыі выстаўляць пэўны працэнт мужчын і жанчын. Але мы ж не можам прымусіць выбаршчыка галасаваць за жанчыну, калі ён аддае перавагу прадстаўніку дужага полу», — дадала кіраўнік ЦВК.

Што тычыцца вынікаў першага этапу выбарчай кампаніі, то падчас яго грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі таксама вылучалі членаў у склад тэрытарыяльных і акруговых камісій. Па словах Лідзіі Ярмошынай, не ўсе дакументы былі пададзены партыямі правільна і своечасова, але гэта адбылося не па віне ЦВК, таму абвінавачванні ў бок камісіі з гэтай нагоды будуць лічыцца неабгрунтаванымі. Усяго ў Цэнтральную камісію з моманту абвяшчэння выбараў (з 6 па 28 чэрвеня) паступіла 16 зваротаў, з іх 11 «не маюць ніякага дачынення да выбараў». Толькі 5 зваротаў тычыліся выбарчай кампаніі, тры — тлумачэння заканадаўства, два — дзейнасці і ўтварэння выбаркамаў. Было і 4 вусныя звароты — кансультацыі з нагоды вылучэння кандыдатаў у дэпутаты.

Так, доля прадстаўнікоў у акруговых і абласных выбаркамах ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў склала больш за 50%, у тым ліку ад партый — 17,5%. Найбольш актыўнымі — па 7 прэтэндэнтаў ад кожнай — былі Камуністычная партыя Беларусі (якая праявіла найбольшую актыўнасць у вылучэнні членаў у акруговыя камісіі), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і Ліберальна-дэмакратычная партыя. Усяго сярод 1430 членаў акруговых выбаркамаў 17% — дзяржслужачыя, каля 5% — грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў. Ад партый і грамадскіх аб'яднанняў вылучаны 970 чалавек, з якіх прадстаўнікоў партый — 195 (з іх 77 ад КПБ, 42 — ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, ад ЛДП і Беларускага народнага фронту — 5 прадстаўнікоў).

Падчас сёлетняй парламенцкай кампаніі ўпершыню ствараюцца тэрытарыяльныя выбаркамы на ўзроўні кожнай вобласці і Мінска, якія будуць вырашаць тыя спрэчкі, якія раней разглядаў ЦВК. У іх на 91 месца былі вылучаны 144 чалавекі. Найбольшы конкурс адбыўся ў Магілёўскай вобласці — 26 прэтэндэнтаў, менш за ўсё вылучана ў Гродзенскай вобласці — 16 чалавек.

Што тычыцца акруговых камісій, то максімальная колькасць членаў для ўсіх 110 — 1430 чалавек. У кожнай камісіі павінна быць па 13 чалавек. «Усяго было прадстаўлены 2194 камплекты дакументаў. Самы высокі конкурс быў у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. У Гродзенскай вобласці на 13 камісій 356 прэтэндэнтаў, у Брэсцкай — 325 кандыдатаў на 16 акруговых выбаркамаў. У Мінску на 20 камісій былі вылучаны 342 чалавекі», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.