Вы тут

Трымалі цяжкі ліхтар і ратавалі мужчыну на пажары


Служба міліцыянера бывае настолькі непрадказальнай, што даволі часта людзям у пагонах даводзіцца выконваць няпрофільныя задачы. У мінулым выпуску «Фарпоста» мы расказвалі пра супрацоўніка Дэпартамента аховы Уладзіслава Базоўскага, які на пэўны час ператварыўся ў сапраўднага ратавальніка і кінуўся з вады выцягваць жанчыну. Мы вырашылі працягнуць тэму смеласці на нашых старонках, і ў гэтым нумары друкуем яшчэ некалькі гісторый пра людзей, якіх варта называць сапраўднымі міліцыянерамі.


Фестываль нацыянальных культур, які штогод праходзіць у Гродне, збірае шмат людзей. Адным ёсць што паказаць, другім — на што паглядзець. Гэтым разам у старажытным горадзе зноў было шматлюдна, цікава, разнастайна. На шчасце, адбылося ўсё без эксцэсаў. Але быў адзін момант, які мог сапсаваць літаральна ўсё свята.

Як перадае ўпраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, маёр міліцыі Сяргей Мулярчык і малодшы лейтэнант Марк Юхневіч (на фота) падчас фестывалю неслі службу на вуліцы Савецкай. У той дзень у масавых мерапрыемствах прынялі ўдзел 120 тысяч чалавек! І вельмі шмат з іх адпачывалі менавіта на Савецкай. Усё было добра, як раптам да мужчын у форме нечакана падбегла жанчына і паведаміла, што насупраць універмага на людзей падае... ліхтарны слуп. Праваахоўнікі пайшлі на месца магчымага здарэння і неўзабаве канстатавалі, што ў слупа зламалася аснова. Міліцыянеры папрасілі людзей адысці падалей, дапамаглі гандлярам перанесці сталы з таварам і вырашылі ўтрымліваць канструкцыю, якая пры гэтым яшчэ і гайдалася. Праваахоўнікі звязаліся з начальствам. Да ўнівермага падышоў Вячаслаў Баклага, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Гродзенскага аблвыканкама. Ён і паведаміў аб тым, што здарылася, камунальнікам. Да праблемнага слупа прыбылі яшчэ два міліцыянеры — Віталь Зязюлевіч і Павел Хамылёў. З-за вялікай колькасці людзей тэхніка аператыўна прыехаць не змагла. І ўвесь гэты час, паўтары гадзіны, міліцыянерам прыйшлося трымаць слуп. Часам і такое здараецца. Галоўнае, што ніхто не пацярпеў.

***

А вось удзельнікам наступнай гісторыі магло пашанцаваць менш. Інцыдэнт, як адзначылі ў УУС Мінаблвыканкама, мог каштаваць жыцця маленькаму дзіцяці.

Ігар Пазнякоў, старшы оперупаўнаважаны па асаблівых справах аддзела па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Барысаўскага РУУС, па службовых абавязках знаходзіўся на вуліцы Чапаева. На даху крамы, якая прымыкала да жылога дома, ён заўважыў... малога. Дзіця нічога не баялася, поўзала па краі даху. Міліцыянер палічыў, што малы мог трапіць на дах праз адкрытае акно і кінуўся ў пад'езд. Дзверы адной з кватэр на другім паверсе адчыніла жанчына і, калі пачула пра дзіця, абамлела. Пазнякоў пабег да акна, пералез на дах крамы і ўжо неўзабаве трымаў на сваіх руках малога. Як аказалася пазней, хлопчык самастойна ўскараскаўся на падаконнік, а пасля апынуўся на незнаёмай тэрыторыі. Пры гэтым, па словах маці, яна ніколі не пакідала сына без нагляду, а тут здарылася такое...

***

Чарговы выпадак, што ўвайшоў у наш дайджэст, таксама здарыўся ў Барысаве. У выхадны дзень чацвёра ваеннаслужачых 3-га асобнага стралковага батальёна вайсковай часці 3310, што ў Навасадах, вырашылі правесці вольны час у райцэнтры, схадзіць у кіно. Але ўсе планы Рамана Козарава, Яўгена Ходара, Ігара Корхава, Артура Дзямідава перакрэсліла здарэнне, на якое нельга было не адгукнуцца. Хлопцы ўбачылі дым, які валіў з акна на пятым паверсе хрушчоўкі. Яны доўга не разважалі, адразу кінуліся ў пад'езд. Дзямідаў з лесвічнай клеткі пералез у адчыненае акно кватэры, а пасля адамкнуў знутры дзверы таварышам. У кватэры хлопцы ўбачылі мужчыну, які спаў, а навокал ужо загаралася мэбля. На шчасце, жыльца атрымалася вывесці з дома, а полымя — лакалізаваць. Хлопцы, праўда, не лічаць сябе героямі, але паглядзім праўдзе ў вочы; паступілі яны сапраўды па-геройску, адважна.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.