Вы тут

Грошы. Новыя. І без варыянтаў


Сапраўды, да грандыёзнай фінансавай нацыянальнай падзеі засталіся лічаныя дні. Ужо ў гэтую пятніцу (1 ліпеня) краіна пяройдзе на новыя грошы. Так, будзе праведзена дэнамінацыя і замест старых прывычных банкнотаў узору 2000 года мы пачнём атрымліваць новыя папяровыя грошы і манеты ўзору 2009 года.

Страшнавата? Згадзіцеся, што ёсць трошкі. Напрыклад, адна мая знаёмая нават перанесла свой адпачынак са жніўня на апошнюю дэкаду чэрвеня — першую палову ліпеня, каб сустрэць дэнамінацыю на фазэндзе, а разбірацца з нюансамі новых грошай вырашыла пазней. Пазіцыю маладой жанчыны часткова зразумець магчыма, але гэта не выйсце — хавацца ад такіх знакавых зменаў. Тым больш, што адпаведныя службы, ведамствы і, галоўнае, банкі абяцаюць нам пераход на новы маштаб грошай без праблем. Дакладней, з мінімальнымі нязручнасцямі ў першыя гадзіны (дні) ліпеня. Каб гэтыя самыя нязручнасці не сапсавалі нам жыццё, да іх трэба падрыхтавацца.

Больш за тое, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў, што Нацбанк і ўрад правялі грунтоўную работу, каб перайсці на новую валюту.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што дэнамінацыя, якая, магчыма, у нейкай ступені з'яўляецца непапулярным мерапрыемствам, праводзіцца напярэдадні палітычнай кампаніі — парламенцкіх выбараў. «Гэта сведчыць аб тым, што мы нікога не баімся, мы — дзяржаўныя людзі, а не толькі нейкія там палітыкі. А дзяржаўныя людзі заўсёды думаюць аб перспектывах, развіцці дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Новыя грошы — у пятніцу пасля 8 раніцы

Ужо на працягу некалькіх дзён банкі пачалі публікаваць адрасы банкаматаў, у якіх 1 ліпеня можна будзе зняць новыя грошы. Нагадаем, у першыя дні пасля дэнамінацыі банкноты без нулёў плануюць загрузіць у кожны трэці банкамат. Акрамя гэтага, Нацбанк запэўніў, што да 1 кастрычніка на новыя грошы пяройдуць усе без выключэння банкаматы.

Спісы банкаматаў, у якіх можна зняць грошы ўзору 2009 года (гэта значыць дэнамінаваныя), банкі павінны будуць публікаваць на сваіх сайтах і абнаўляць іх у рэжыме рэальнага часу ўжо з першых гадзін сваёй работы.

З новымі грашыма больш за ўсіх пашанцуе кліентам Беларусбанка (і банкаў-партнёраў). Банкаматы гэтага банка не будуць працаваць толькі з 23.30 апошняга дня чэрвеня і да 8.00 першага ліпеня. Плануецца, што гэтыя прылады будуць выдаваць грашовую наяўнасць толькі ўзору 2009 года. Плануецца, што загрузка ўсіх банкаматаў банкнотамі ўзору 2009 года з абавязковай загрузкай банкнотамі наміналам 5 рублёў будзе забяспечана да канца дня 1 ліпеня. Але ў першую чаргу загрузяць тыя прылады, якія карыстаюцца павышаным попытам у кліентаў — каля 120 банкаматаў у Мінску і вобласці.

Асобна трэба адзначыць, што банкаматы не могуць адначасова выдаваць новыя і старыя грошы. А манеты банкаматы не будуць выдаваць ніколі. Самымі папулярнымі купюрамі, якія будуць выдаваць банкаматы, стануць 5 і 10 рублёў (эквівалент цяперашніх 50 і 100 тысяч). А вось самыя буйныя новыя купюры — 200 і 500 рублёў у банкаматы запраўляць не будуць, бо іх увогуле можна будзе атрымаць у банку толькі пасля папярэдняга заказу.

Ноч з наяўнымі

Практычна ўсе банкі Беларусі гэтымі днямі папярэджваюць сваіх кліентаў аб тым, што з вечара чацвярга і да раніцы пятніцы іх плацежныя карткі працаваць не будуць. У гэты час нашым «пластыкам» нельга будзе разлічыцца ні на тэрыторыі дзяржавы, ні за яе межамі. Напрыклад, карткі Беларусбанка часова перастануць выконваць функцыі плацежнага сродка з 23.30 у чацвер да 8.00 пятніцы. Таму спецыялісты рэкамендуюць загадзя зняць пэўную суму наяўных, якая можа спатрэбіцца на бягучыя выдаткі ў гэты перыяд. Толькі без фанатызму, бо шмат гатоўкі ў кішэнях даволі хутка знікае...

Падобнае тычыцца і магазінаў, аб'ектаў грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, рэжым працы якіх доўжыцца і пасля 24.00. Гэтым пунктам дазволілі самастойна зачыняцца ўначы на пятніцу, або перайсці на абслугоўванне па наяўным разліку.

Аналітыкі амаль упэўнены, што буйныя крамы ў спальных раёнах вялікіх гарадоў краіны ў гэтую ноч у большасці вырашаць зрабіць перапынак і лепш падрыхтавацца да работы ў новых умовах. А вось знакавыя кафэ і рэстараны будуць працаваць па «наяўным»
варыянце ажно да раніцы ці да апошняга кліента.

Тэлефон і інтэрнэт

Аналітыкі паведамляюць, што ў штатным рэжыме без збояў інтэрнэт-банкінг і іншыя сістэмы дыстанцыйнага абслугоўвання будуць працаваць максімум да 16-17 гадзін 30 чэрвеня. А вечарам (з 23.00) банкі дружна пачнуць пераўсталёўваць праграмнае забеспячэнне і «выкрэсліваць» нулі на нашых рахунках. Многія адновяць работу сваіх сістэм толькі раніцай у панядзелак. Таму за тэлефон, інтэрнэт і іншыя паслугі лепш заплаціць у аўторак або сераду, чым цягнуць з аплатай да абеду чацвярга. Да таго ж, трэба ўлічваць, што ў гэтыя дні і банкаўскія аддзяленні таксама будуць працаваць па спецыяльным рэжыме.

Лепш своечасова аплаціць і падаткі — адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама за здачу кватэры. Разлічыцца з бюджэтам патрэбна да 1 ліпеня ўключна. Але падатковая папярэдзіла: з прычыны спецыяльнага рэжыму работы банкаў плацяжы могуць не прайсці, а саступак з-за дэнамінацыі рабіць не будуць — адразу налічаць пеню.

Валюта і аўтааплата

Большасць абменнікаў краіны да 4 ліпеня будзе працаваць у падкарэктаваным рэжыме. Таму калі вам трэба здаць або купіць валюту, зрабіць гэта лепш да 30 чэрвеня. Тым больш што з чацвярга і па 3 ліпеня ўключна таргі на валютнай біржы праводзіцца не будуць, а гэта значыць, што і курс у гэтыя чатыры дні не зменіцца.

Абавязкова неабходна падстрахавацца і тым, у каго дзейнічае сэрвіс «Аўтааплата», калі грошы за пэўныя паслугі спісваюцца з рахунку
аўтаматычна. Такім кліентам лепш загадзя звярнуцца менавіта ў свой банк, каб атрымаць дакладную інструкцыю аб тым, што трэба рабіць, каб і надалей карыстацца такой паслугай. Справа ў тым, што ў некаторых выпадках паслугу прыйдзецца перааформіць, а для гэтага трэба будзе пад'ехаць у банкаўскае аддзяленне. Акрамя таго, калі нейкія плацяжы ў сэрвісе «Аўтааплата» настроены на апошні ці першы дзень месяца, то ёсць верагоднасць, што яны могуць не прайсці.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.