Вы тут

У культурнай сталіцы і эканоміка развіваецца


Сёлета Маладзечна атрымала статус «Культурнай сталіцы Беларусі». І гэта — не аванс, а аб'ектыўнае прызнанне таго, што ўжо зроблена мясцовымі ўладамі для развіцця горада. Сёння Маладзечна — невялікі еўрапейскі горад з развітой інфраструктурай, турыстычнымі славутасцямі, разнапланавымі варыянтамі культурнага адпачынку, вялікай колькасцю паспяховых прадпрыемстваў. Але зроблена яшчэ не ўсё магчымае, упэўнены старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр ЯХНАВЕЦ. У раёна на наступныя пяць гадоў працы ёсць канкрэтныя прапановы па паляпшэнні ўмоў жыцця яго жыхароў.


— Асаблівасцю мінулай пяцігодкі для нас стала тое, што яе пачатак супаў з падрыхтоўкай і правядзеннем у раёне рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011». Той год для кіруючага саставу, спецыялістаў усіх узроўняў улады стаў свайго роду іспытам, які быў паспяхова вытрыманы, — лічыць глава райвыканкама.

Па яго словах, для эканомікі Маладзечанскага раёна, як і краіны ў цэлым, апошнія два гады складваліся вельмі напружана пад уплывам, перш за ўсё, знешніх фактараў. А гэта адмоўна адбілася на выкананні пяцігадовага плана. Але дзякуючы зачынам першых трох гадоў пяцігодкі раёну ўдалося выйсці на канец пяцігодкі на наступныя тэмпы росту: па прадукцыі прамысловасці — на 118,2%, прадукцыі сельскай гаспадаркі — 124,5%, экспарце паслуг — 263,4%. За мінулыя пяць гадоў рэальная заработная плата ў раёне вырасла ў 1,4 раза. А па выніках работы за 2012 год Маладзечанскі раён занесены на Рэспубліканскую дошку
Гонару.

«Цяпер эканоміку раёна фарміруюць 40 асноўных прадпрыемстваў. З іх 14 — узроўню рэспубліканскага падпарадкавання, 10 — камунальныя, у падпарадкаванні мясцовых Саветаў дэпутатаў, і 16 — юрыдычныя асобы без ведамаснай падпарадкаванасці», — расказвае Генадзь АКТАНАРОВІЧ, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама па эканамічных пытаннях. Нягледзячы на негатыўнае ўздзеянне на фінансавае становішча нашай краіны знешніх фактараў, 24 прадпрыемствы ці 60% з вытворчасцяў раёна ў першым квартале спрацавалі вышэй леташняга ўзроўню. Астатнія 16 пакуль не дасягнулі мінулагодніх паказчыкаў, але, мяркуе намеснік старшыні райвыканкама, па выніках за першае паўгоддзе і за год, колькасць такіх зменшыцца.

— Мінулы год для нас быў, на жаль, няўдалым, але ў параўнанні з 2014 годам статыстыка паказвае  рост паказчыкаў, — кажа Генадзь Актанаровіч. — Такія рэспубліканскага ўзроўню падпарадкавання прадпрыемствы, як «Электрамодуль», «Беразінскае», «Белмастацкераміка», «Маладзечанскі хлебазавод», па даных за першы квартал 2016-га, працуюць устойліва і паступова нарошчваюць аб'ёмы вытворчасці. Сярод камунальных хочацца адзначыць «Водаканал», «Дарвектар-Маш», «Маладзечанскі малочны камбінат». Апошні мае страты, але нарошчвае аб'ёмы вытворчасці. А «Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў», які ў мінулым годзе правёў мадэрнізацыю, сёння паспяхова рэалізуе вырабленую прадукцыю. Сярод прадпрыемстваў бязведамаснага падпарадкавання добра спрацавалі «Мінскі мэблевы цэнтр», «ЭНЭФ», «АмазонКаларыт», «Дзіліс Касметык», «Велес-Міт», «Механічны завод» і інш. У апошнія гады развіваецца і прадпрыемства «БелТІЗ» Таварыства інвалідаў па зроку. Традыцыйна прыбыткова працуе «Юлайн», які займаецца мясаперапрацоўкай і вырабам паўфабрыкатаў.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама, у першым квартале быў перавыкананы паказчык па экспарце тавараў (173,1% да ўзроўню мінулага года) і паслуг (116,9%). «Над астатнімі паказчыкамі працуем. Думаю, што па выніках за першае паўгоддзе яны палепшацца, а напрыканцы года ўсе даведзеныя паказчыкі будуць выкананыя: і па колькасці створаных працоўных месцаў, і па вытворчасці валавой прадукцыі для сельскай гаспадаркі, і па рознічным тавараабароце», — лічыць Генадзь Актанаровіч.

Адным з галоўных дасягненняў прадпрыемстваў раёна з'яўляецца і тое, што за апошні год атрымалася нарасціць аб'ём вытворчасцяў. «Сумеснымі намаганнямі з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва і Саветам Міністраў Беларусі атрымалася загрузіць Маладзечанскі завод металаканструкцый, — дзеліцца інфармацыяй намеснік па эканамічных пытаннях. — У прадпрыемства сёння ёсць праблема — закрэдытаванасць. Але галоўнае, што людзі загружаныя, работа ідзе, і тысяча чалавек адшукалі такім чынам работу».

За апошнія пяць гадоў у раёне таксама ўведзеныя ў эксплуатацыю і сацыяльна значныя аб'екты: спартыўна-забаўляльны цэнтр, яслі-сад на 230 месцаў, пляцоўкі для пляжнага валейбола ў гарадскім парку імя Перамогі, Чысцінскі сельскі Дом культуры, завершаны капітальны рамонт і рэканструкцыя дзіцячай бальніцы і бальніцы №2. Цяпер працуе і амфітэатр у Маладзечне на 2600 пасадачных месцаў, паведаміла Алеся ЛУКОЎСКАЯ, загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама.

Па словах главы выканкама Аляксандра Яхнаўца, у планах на бліжэйшы час — пераадоленне тых негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы, якія пакуль не атрымалася пераламіць. «У эканамічнай сферы ў 2016 годзе варта звярнуць увагу на эфектыўную занятасць людзей, зніжэнне выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю тавараў, укараненне інвестыцый і новых праектаў, якасць прадукцыі, развіццё дзяржаўнага сектара і прыватнага бізнесу», — лічыць ён.

— Дынамічнае развіццё аховы здароўя, прыцягненне насельніцтва да здаровага ладу жыцця, якасная адукацыя, развіццё культуры — фактары, якія будуць забяспечваць годны ўзровень жыцця нашага насельніцтва. У бліжэйшыя пяць гадоў мы будзем імкнуцца да рэалізацыі ўсяго назапашанага станоўчага вопыту, максімальнай аддачы, арганізаванасці, дысцыплінаванасці кожнага чалавека на вытворчасці, — упэўнены Аляксандр Яхнавец. — Бо ад гэтага непасрэдна залежыць дабрабыт усяго раёна.

Фота Надзеі БУЖАН і Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.