Вы тут

Засцерагчыся ад фальшывак


Дэнамінацыя прынясе нам не толькі новыя грошы. На думку экспертаў, у першыя часы пасля ўводу ў абарачэнне новых банкнот могуць узнікнуць некаторыя нязручнасці, чым лёгка скарыстацца махлярам і ашуканцам. Але што рабіць, каб гэтага не здарылася? Якіх банкнот трэба засцерагацца пры грашовых аперацыях? На гэтыя і другія пытанні ў размове з карэспандэнтам «Звязды» адказала Вольга Загароўская, старшая оперупаўнаважаная па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў.


— Як часта падрабляюць беларускія грошы?

— У адрозненне ад нашых суседзяў, дзе пераважаюць падробкі нацыянальнай валюты, беларускія рублі падрабляюць не так часта. Мы найчасцей выяўляем фальшывыя амерыканскія долары, расійскія рублі і еўра. Фальшыўкі ў Беларусі амаль не вырабляюць. Іх пераважна прывозяць з-за мяжы. Нашы «ўмельцы» вырабляюць псеўдагрошы простым чынам — з дапамогай прынтара і камп'ютара. Могуць, напрыклад, да купюры прыляпіць яшчэ адзін нуль і павялічыць намінал банкноты. Часцяком гэтым займаецца моладзь, людзі, схільныя да ўжывання спіртнога і наркотыкаў. Фальшывыя беларускія рублі выглядаюць дрэнна, не маюць знакаў абароны. Пры добрым аглядзе вы зразумееце, што трымаеце ў руках падробку. Калі ў вас узнікаюць сумненні, вы можаце параўнаць банкноту з іншай. Але ні ў якім разе не абменьвайце фальшыўкі і не разлічвайцеся імі. Вашы дзеянні будуць расцэньваць як збыт падробных банкнот. Пакаранне строгае — да 15 гадоў пазбаўлення волі. Летась за падобнае злачынства асуджана 11 чалавек.

— А ці былі сярод іх тыя, хто не ведаў, што мае справу з фальшыўкамі?

— Не. У кожнага з іх быў намер. І кожны ведаў, што робіць забароненае. Аднак калі чалавек сумняваецца, лепш грошы прынесці адразу ў міліцыю і паведаміць, дзе іх атрымаў. Такім чынам праваахоўнікі здолеюць хутчэй знайсці крыніцу. У нас быў выпадак, калі мужчына за рускія рублі прадаваў аўтамабіль. Пасля вырашыў пакласці грошы на дэпазіт у банк, але яму паведамілі, што ўсе 385 тысяч расійскіх рублёў фальшывыя...

— Ці чакаеце, што пасля дэнамінацыі будзе ўсплёск грашовых падробак?

— Мы чакаем не ўсплёску, а невялічкага пагаршэння сітуацыі. Мяркую, беларускія падробкі таксама з'явяцца. Праўда, да гэтага мы гатовыя. Пасля мінулай дэнамінацыі, якая адбылася ў 2000 годзе, адчуваўся рост падобных злачынстваў. Працэнт фальшывых беларускіх рублёў быў вялікім. Зламыснікі звычайна старыя грошы выдавалі за новыя, а нехта збываў прыдуманыя купюры наміналам 500 рублёў, разлічваўся імі ў прыдарожных кавярнях, крамах. Што цікава, касіры верылі, прымалі іх за сапраўдныя. Новыя беларускія грошы дастаткова абароненыя. Падрабіць іх складана. Але я дапускаю, што за шэсць месяцаў, пакуль у абарачэнні адначасова будуць і старыя, і новыя грошы, злачынцы змогуць надрукаваць падробкі старых. І тая блытаніна, якая, магчыма, будзе першыя часы, можа ім пасадзейнічаць.

— Чаму ў крамах можа ўзнікнуць неразбярыха?

— Таму што прадаўцам прасцей працаваць з грашыма аднаго ўзору, пластыкавымі карткамі. Пакуль яны будуць пералічваць грошы, можа, забудуцца праверыць іх на сапраўднасць. Пры гэтым мы актыўна супрацоўнічаем з работнікамі гандлю, праводзім з імі растлумачальныя размовы наконт дэнамінацыі. А ў інструкцыях Нацбанка нават запісана, што прадаўцы купюры павінны правяраць. Калі яны гэтага не робяць, прапускаюць фальшыўкі, за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

— Ці згодныя з тым, што першыя беларускія падробкі будуць дрэннай якасці?

— А яны, паўтаруся, усе дрэннай якасці. Надрукаваны кропельна-струйным прынтарам на звычайнай паперы. Фарба пад уздзеяннем вады размываецца, пры пераломе купюры абсыпаецца, вадзяных знакаў няма. Тым не менш такія купюры прапускаюць у крамах. Пасля дэнамінацыі людзям трэба будзе быць вельмі пільнымі. Галоўнае — ведаць новыя грошы, з якімі можна пазнаёміцца на спецыяльных плакатах, а таксама не пускаць да сябе ашуканцаў, якія могуць прапанаваць іх абмяняць. Так здарылася ў Лунінцы, дзе дзяўчына вымантачыла ў пенсіянера 16 мільёнаў рублёў. Раскажыце пра гэта і сваім старым. Мяняць грошы афіцыйна можна будзе толькі з 1 ліпеня.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.