Вы тут

У Мінску выбралі Каралеву Вясна


Штогод студэнткі з усіх абласцей краіны з’язджаюцца ў сталіцу, каб пазмагацца за тытул "Каралева Вясна Беларусі". Перамога ў ім адкрывае шлях да ўдзелу ў міжнародным фінале, падчас якога выбіраюць самую прыгожую і разумную сярод прадстаўніц краін былога СССР. Удзел у сёлетнім спаборніцтве, арганізаваным Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, Міністэрствам адукацыі і Нацыянальнай школай прыгажосці, узялі 13 дзяўчат. Пра тое, як з іх выбіралі найлепшую, — наш рэпартаж.


Па задумцы арганізатараў, мерапрыемства праходзіла ў форме ўступнай кампаніі ў Каралеўскую Акадэмію грацыі і артыстычнага майстэрства. Удзельніцы конкурсу часова пераўтварыліся ў абітурыентак, а журы — у прыёмную, а затым і экзаменацыйную камісію. Першым этапам для ўсіх стала традыцыйнае дэфіле.

Магчымасць праявіць артыстычны талент для кандыдатак у студэнткі Акадэміі даў творчы конкурс. Пераважная большасць удзельніц аддала перавагу музыцы — дзяўчаты шмат спявалі і танцавалі. Чаго тут толькі не было: і энергічны іспанскі танец, і класічны эстрадны, і спакойны ўсходні, і нават спартыўны чэрлідзінг! Сярод песень асабліва вылучалася "Заспявай, салоўка!", якую выканала Марыя Сідарэнка з Магілёўскага філіяла Беларускага інстытута правазнаўства. Былі і незвычайныя нумары: Алена Юргель з Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта не толькі станцавала, але і сыграла на ўдарных, а Анастасія Стэфаньян з той жа ВНУ прачытала ўрывак з п’есы Аляксандра Астроўскага "Свае людзі — разлічымся".

Інтэлектуальны конкурс быў прысвечаны Году культуры ў Беларусі — удзельніцы абаранялі курсавыя праекты на тэму "Культура у…" Размаўлялі і пра культуру маўлення, і пра фізічную культуру, і пра нацыянальную спадчыну. Напрыклад, Марына Кужалькова з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта распавяла пра кулінарныя традыцыі Беларусі. Дзяўчына вылучыла тры галоўныя нацыянальныя стравы, якімі, па яе версіі, сталі верашчака, суп з буракоў і дранікі. А апошнія дзяўчына прыгатавала прама на сцэне!

Заключны выхад — у нацыянальных строях (дарэчы, літаральна за некалькі дзён да фіналу дзяўчаты прэзентавалі новыя "вышыванкі" БРСМ — з арнаментам у выглядзе яблыкаў). Усё адбывалася пад сучасную апрацоўку "Белавежскай пушчы" ў выкананні "Песняроў". Але і на гэтым конкурс не скончыўся. Аказалася, што яшчэ перад фіналам дзяўчатам прапанавалі заняцца дабрачыннасцю, і ўсе яны сустракаліся з самымі рознымі людзьмі, якім патрэбна дапамога. Адны ездзілі ў інтэрнаты для дзетак з парушэннямі слыху, іншыя наведвалі ветэранаў, трэція дапамагалі невідушчым. Не забыліся і пра нашых малых братоў — адна з удзельніц пабывала ў сталічным прытулку для бяздомных жывёл.

Кульмінацыяй конкурсу стала аб’яўленне пераможцаў. Без прызоў не застаўся ніхто — кожная з удзельніц адзначылася хаця б у адной са шматлікіх намінацый. Напярэдадні і падчас фіналу на сайце і ў суполках БРСМ у сацыяльных сетках праходзіла галасаванне на прыз глядацкіх сімпатый, перамогу ў ім атрымала Юлія Дзезідзенка з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. На выніковым трэцім месцы са званнем "Другая Віцэ-Каралева Вясна" аказалася Марыя Сланчэўская з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. "Першай Віцэ-Каралевай Вясна" стала Галіна Касьянава з Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. А перамогу ў конкурсе атрымала згаданая вышэй Марыя Сідарэнка. Сваімі першымі эмоцыямі яна падзялілася з нашым карэспандэнтам:

— Вядома, я адчуваю сябе неверагодна шчаслівай, гэта неперадавальныя эмоцыі. Для мяне конкурс стаў цікавым выпрабаваннем і даў велізарны досвед, бо падчас падрыхтоўкі я многаму навучылася. Шчыра кажучы, ехала сюды з упэўненасцю ў сваіх сілах, ведала, што магу паказаць сябе з найлепшага боку. Выдатна, што ўсё так атрымалася. Чаму для творчага конкурсу выбрала песню на роднай мове? Я вельмі ганаруся, што нарадзілася і жыву ў Беларусі, і лічу сябе патрыётам сваёй краіны. Менавіта праз такую песню я магла найбольш яскрава перадаць публіцы свае эмоцыі і пачуцці. Пра будучы фінал конкурсу ў Расіі я пакуль не думаю, але, верагодна, мы здолеем зрабіць нумар яшчэ больш дасканалым і цікавым.

Заключны міжнародны этап конкурсу "Каралева Вясна" пройдзе 27 чэрвеня ў расійскай Уфе. Беларусь у ім прадставяць Марыя Сідарэнка і Першая Віцэ-Каралева Вясна Галіна Касьянава.

lyskavets@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.