Вы тут

У Віцебску адкрылася фотавыстава «Мой хатні гадаванец»


У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылося незвычайнае мерапрыемства. У яе сценах адкрылася фотавыстава «Мой хатні гадаванец», адначасова адбылася сустрэча з супрацоўнікамі пакуль адзінага ў краіне дзяржаўнага прытулку для бяздомных жывёл. Наведвальнікі бібліятэкі і мінакі ў дзень адкрыцця выставы таксама маглі ахвяраваць сродкі на дзейнасць прытулку і знайсці сабе хвастатага сябра непасрэдна каля сцен храма кнігі.


Усе маг­лі да­па­маг­чы пры­тул­ку  для жы­вёл або зай­мець хвас­та­та­га сяб­ра.

— Любоў да жывёл выхоўвае людзей. Пра гэта пісалі і класікі літаратуры, — патлумачыла «Звяздзе» ідэю акцыі кіраўнік установы культуры Таццяна Адамян.

На вернісажы прадстаўлены фотаздымкі, зробленыя бібліятэкарамі і чытачамі. На адкрыцці экспазіцыі цытаваліся выказванні знакамітых пісьменнікаў, філосафаў, палітыкаў пра любоў да братоў нашых меншых. Усё гэта было зроблена невыпадкова, бо віцебскі прытулак для безнаглядных жывёл мае вострую патрэбу ў дапамозе.

— Бюджэтнае фінансаванне цяпер скарочана на 70%. Пры тым, што і раней не хапала сродкаў для нашай нармальнай дзейнасці, — канстатавала Наталля Зубава, начальнік унікальнага прытулку.

У жніўні віцебскаму казённаму дому для жывёл споўніцца пяць гадоў. За гэты час там пралячылі, зрабілі прышчэпкі ад шаленства і стэрылізавалі каля шасці тысяч безнаглядных сабак і катоў. Гэта значна палепшыла санітарна-эпідэміялагічную сітуацыю ў абласным цэнтры. Зараз у прыстанішчы знаходзяцца больш за дзве сотні сабак і катоў. Прытулак дзейнічае на ўскраіне Віцебска на тэрыторыі былых цяпліц пад юрысдыкцыяй арганізацыі, якая займаецца адловам вулічных жывёл — «Спецаўтабазы горада Віцебска».

Наталля Зубава падкрэслівае, што ўсе гады прытулку дапамагаюць нераўнадушныя гараджане. Прыносяць цёплыя рэчы на падсцілкі, макароны, мясныя вырабы, кансервы, крупы, а таксама павадкі і ашыйнікі. Школьнікі на ўроках працы робяць будкі для шчанюкоў.

— Я ўдзячна ўсім за дапамогу. Прадпрыемствам і фірмам таксама... Пішу лісты ў органы ўлады, каб нармалізавалася фінансаванне. Але перапіска падаецца бессэнсоўнай: мае звароты накіроўваюць тым, на каго скарджуся... — эмацыянальна дадае кіраўнік прытулку.

Падрабязную інфармацыю пра тое, чым можна дапамагчы безнаглядным жывёлам, можна прачытаць на афіцыйнай старонцы прытулку ў сацыяльных сетках Вконтакте і Фэйсбук. Гэта не толькі грошы, рэчы і ежа, але і выгул сабак, клопат пра чацвераногіх, распаўсюджванне інфармацыі і проста маральная падтрымка.

У дзень адкрыцця фотавыставы «Мой хатні гадаванец» каля сцен Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна было шматлюдна. Людзі пакідалі грошы ў скрынцы для ахвяраванняў, прыносілі пакеты з ежай для жывёл. Сабакі і кошкі чакалі тых, хто іх забярэ... Бібліятэкары ўсталявалі побач перасоўны стэнд з літаратурай пра жывёл. Такім чынам, у гэты дзень мелася магчымасць са сховішча кніг сысці не толькі з кніжкай, але і з новым сябрам. Для гэтага было дастаткова выканаць тры ўмовы: мець пашпарт, павадок і ашыйнік.

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У бібліятэку з... ашыйнікам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.