Вы тут

Ці перасядуць беларусы на аўтамабіль «Geely»?


Сумесны беларуска-кітайскі праект «Белджы», што ажыццяўляецца ў Мінскай вобласці, па сутнасці, паклаў пачатак айчыннаму легкавому машынабудаванню. Спецыялісты не сумняваюцца, што «Geely» стане сапраўдным «народным» аўтамабілем. А як ставяцца да беларускага «кітайца» спажыўцы, аўтааматары?

Адзін мой знаёмы за апошнія дваццаць гадоў змяніў тры патрыманыя замежныя аўто. Пакуль нарэшце не набыў новы легкавік — «Geely», як кажуць, толькі што з канвеера. Аб'язджалі жалезнага «каня» ўсёй сям'ёй. У выніку такую ж машыну вырашыла купіць і старэйшая дачка.


Но­вая пра­дук­цыя СЗАТ «Бел­джы».

Мінчанін Анатоль Маркевіч за рулём амаль што сорак гадоў. За сваё жыццё давялося паездзіць і на «Жыгулях», і на «Волзе». Нядаўна перасеў на «Geely». «Не мог нават уявіць, што стану ўладальнікам такой камфортнай і зручнай машыны, выпушчанай у Беларусі», — прызнаўся ён.

Сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства «Белджы» было створана ў канцы 2011 года. Найбуйнейшымі заснавальнікамі яго сталі Беларускі аўтамабільны завод і карпарацыя «Geely», у якіх адпаведна па 54,8% і 35,6% акцый.

Першы этап зборкі быў арганізаваны на базе Барысаўскага завода «Аўтагідраўзмацняльнік». Гадавая вытворчая магутнасць прадпрыемства больш за 10 тысяч аўтамабіляў. Тут ажыццяўляецца буйна-вузлавая зборка трох мадэляў маркі Geely: седана SC7 у дзвюх камплектацыях (Comfort і Prestіge), хэтчбэка LG-Cross (Comfort і Prestіge), гарадскога красовера Emgrand X7.

— Першы год мы прадалі каля 500 аўтамабіляў, а ўжо ў 2014-м больш як 2 тысячы. Летась справы ішлі не так, як хацелася б — рэалізавалі менш за тысячу аўто, — адзначыў дырэктар СЗАТ «Белджы» Дзмітрый Батракоў. — На 2016 год запланаваны аб'ём вытворчасці на ўзроўні 4 тысяч легкавікоў. Аўтамабілі пастаўляюцца не толькі ў Беларусь, але і ў Расію, Казахстан. Рынак Расійскай Федэрацыі з'яўляецца асноўным і разглядаецца як найбольш перспектыўны. Прапрацоўваюцца таксама і новыя напрамкі.

На адным з участкаў зборкі аўтамабіляў.

Па словах Дзмітрыя Батракова, на сённяшні дзень рынак, што называецца, «прасеў». На што паўплывала ў тым ліку і дэвальвацыя рубля. І да гэтага часу ён не адноўлены на ранейшым узроўні. «Сваю прысутнасць будзем падтрымліваць на рынку Мытнага саюза, — запэўніў кіраўнік. — А па дарогах Беларусі ўжо бегаюць больш як тры тысячы аўтамабіляў. Машына пазнавальная, стала брэндам. Але трэба яшчэ шмат працаваць над паляпшэннем асартыментнай лінейкі, прыцягваць спажыўцоў. Мы гэтым і займаемся».

Паміж двума буйнымі прамысловымі гарадамі — Барысавам і Жодзіна ўдарнымі тэмпамі ўзводзіцца новы суперсучасны завод па выпуску «народнага» аўтамабіля.

На гэтым прадпрыемстве поўнага цыкла будзе наладжана дробна-вузлавая зборка, зварка, афарбоўка машын. Кожная трэцяя дэталь тут будзе беларускай вытворчасці. А да 2018 года ўзровень лакалізацыі плануецца давесці да 50%. Фары, прыборныя панэлі, генератары, акумулятары, шыны, іншыя камплектуючыя — усё гэта могуць выпускаць для «Geely» прадпрыемствы айчыннай аўтапрамысловасці. Такім чынам можа знізіцца канчатковы кошт аўто і спрасціцца экспарт унутры Еўразійскага эканамічнага саюза.

Новае прадпрыемства размесціцца на плошчы ў 118 гектараў. Узводзіцца яно будзе ў два этапы. Заканчэнне першай чаргі плануецца 1 студзеня 2017 года, што дазволіць выпускаць 60 тысяч аўтамабіляў у год, пасля ўводу ў дзеянне другой — 120 тысяч. Акрамя таго, гэта дасць магчымасць стварыць каля дзвюх тысяч новых працоўных месцаў.

— Пасля запуску завода з канвеера будзе сыходзіць удасканаленая лінейка аўтамабіляў, значна пашырыцца мадэльны рад, — запэўніў Дзмітрый Батракоў. — Гэта ўжо будуць машыны новага пакалення.

Карпарацыя «Geely» была створана 30 гадоў таму. Цяпер канцэрн уваходзіць у 500 мацнейшых кампаній свету, яго гадавы абарот 24,5 млрд долараў. Холдынг вядзе паспяховы бізнес з дзясяткамі краін, набыў шведскую кампанію «Volvo».

lazovskaya@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Народны, ён самы родны

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.