Вы тут

Дзе Чарнобыль свой «скарб» захаваў?


У першыя дні пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС аб праўдзівых маштабах трагедыі і той небяспецы, якую яна нясе, ведалі нямногія. Таму на навукоўцаў была ўскладзена адказная місія — да тонкасцяў разабрацца ў наступствах гэтай атамнай «атакі».


У 1986 годзе я ўзначальваў лабараторыю Інстытута лесу (тады — БелНДІЛГ). Ужо на трэці дзень пасля аварыі ў інстытуце абмяркоўвалі, хто можа тэрмінова выехаць у экспедыцыю для вывучэння ўплыву радыеактыўнага забруджвання на лес. Пагадзіўся ўзначаліць новую працу І.М. Булавік. Ён сабраў групу памагатых-энтузіястаў, якія на пачатку мая накіраваліся ў лясы, што знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад станцыі.

Даследаванні праводзілі ў Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах. Ад рэактара даляталі і павісалі на дрэвах ніткі недагарэлага графіту. Але працу навукоўцаў гэта не спыняла. Без адмысловых ахоўных рыштункаў яны заклалі серыю выпрабавальных плошчаў, каштоўнасць якіх узрастае з кожным годам.

Неўзабаве ў інстытуце арганізавалі спецыяльную лабараторыю па вывучэнні ўплыву радыяцыі на лес, якую ўзначаліў І.М. Булавік. Лабараторыя атрымала новае абсталяванне, транспарт, і навуковая праца пачала набіраць тэмпы. У хуткім часе пры ўдзеле прадстаўнікоў Дзяржлясгаса СССР і Мінлясгаса Украіны быў складзены першы план даследаванняў па чарнобыльскай праблеме і вызначаны першыя крокі па ліквідацыі яе наступстваў.

У 1989 годзе Інстытут лесу ўзначаліў Віктар Іпацьеў. Навуковец сусветнага ўзроўню, ён павярнуў даследаванні ўсіх лабараторый да чарнобыльскіх праблем, не здымаючы адначасова і бягучых заданняў па лясной гаспадарцы. Пад яго кіраўніцтвам многія навукоўцы абаранілі доктарскія дысертацыі па пытаннях Чарнобыля і сталі кандыдатамі навук.

Інстытут выдаў першую ў свеце манаграфію па праблеме «Лес і Чарнобыль», пасля якой з'явіўся цэлы цыкл такіх прац. Гэта навуковая ўстанова стала прызнаным сусветным лідарам у пытаннях радыяцыйнага лесаводства.

Але прызнанне прыйшло не адразу. У інстытуце і на яго доследных палігонах у чарнобыльскай зоне пабывала шмат спецыялістаў з Расіі, Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, іншых краін. Некаторыя палажэнні, якія разыходзіліся з агульнапрынятым пунктам гледжання, даводзілася адстойваць у вострых дыскусіях. Напрыклад, новая мадэль назапашвання і міграцыі радыенуклідаў у насаджэннях, распрацаваная А.М. Дворнікам, атрымала заслужаную ацэнку толькі пасля таго, як яе аўтар прывёз у прадстаўніцтва МАГАТЭ ў Вене палявыя журналы і даказаў верагоднасць мадэлі. Такіх прыкладаў было нямала.

Віктар Іпацьеў абгрунтаваў тэарэтычную магчымасць паскоранага ачышчэння біяцэнозаў, вывеў і даказаў верагоднасць адпаведнай мадэлі, названай ім біялагічнай перагародкай. Шматлікія ідэі навукоўца нашмат апярэдзілі час. Прызнаннем яго заслуг стала абранне акадэмікам НАН Беларусі і Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, а таксама экспертам ААН па лесе ад краін Усходняй Еўропы і інш.

Якое ж значэнне мае лес пры ацэнцы размеркавання радыенуклідаў па тэрыторыі?

Раней шматлікія навукоўцы лічылі, што распаўсюджанне радыенуклідаў ідзе праз верхнія слаі атмасферы, і лясы на гэты працэс не ўплываюць. Але навукоўцы з Інстытута лесу і Інстытута эксперыментальнай батанікі Б.І. Якушаў, В.С. Марціновіч, Л.І. Рахцеенка, І.Ф. Маісеенка і іншыя даказалі ўнікальнае значэнне лесу як рэгулятара распаўсюджання радыенуклідаў, якое ў значнай колькасці адбываецца ў прыземным пласце. Як велізарны пыласос, лес прымаў на сябе вялікую частку радыенуклідаў, чысцячы суседнія бязлесныя прасторы. У лесе адсутнічае гарызантальная міграцыя часціц, і ён не дае магчымасці распаўсюджвацца радыенуклідам. Таму тут больш «брудна», чым на прылеглых тэрыторыях. Людзі, якія ўвесь час знаходзяцца ў лесе (леснікі, лесарубы і інш.), атрымліваюць большую дозу апрамянення ў параўнанні з іншымі землякамі.

На чарнобыльскую бяду аператыўна адрэагавала Міністэрства лясной гаспадаркі. Была арганізавана служба радыяцыйнага кантролю, якая не прапускае для ўжывання «брудныя» лясныя прадукты.

Уладзімір БАГІНСКІ, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.