Вы тут

Выбіраем эталон сучаснай беларускі


Днямі ў беларускай сталіцы сустрэліся ўдзельніцы конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь 2016». Для іх пачалася гарачая пара — падрыхтоўка да фінальнага шоу, якое адбудзецца 6 мая ў Мінску. Менавіта тады мы даведаемся, каму сёлета дастанецца тытул самай прыгожай дзяўчыны Беларусі і хто будзе змагацца за перамогу ў шасці іншых намінацыях: «Першая віцэ-Міс», «Другая віцэ-Міс», «Міс топ-мадэль», «Міс дружба», «Міс Арыфлэйм» і «Міс фота».


Брас­таў­чан­ка Воль­га Гры­боў­ская  зноў бу­дзе ад­стой­ваць го­нар кра­і­ны ся­род са­мых пры­го­жых.

Паказваць сваю прыгажосць і багаты ўнутраны свет (розум, веданне беларускай мовы, гісторыі і многае іншае) у гэты раз будуць 24 канкурсанткі. Ім ад 18 да 24 гадоў, яны вучацца ў розных універсітэтах, маюць розныя мары і мэты ў жыцці, але цяпер будуць весці барацьбу за званне «Міс Беларусь 2016». Абралі прэтэндэнтак пасля двухдзённага кастынгу, які прайшоў у Нацыянальнай школе прыгажосці яшчэ ў лютым. Як адзначаюць арганізатары, трапіць у лік канкурсантак спрабавалі больш за тысячу дзяўчат, але было адабрана 50 — іх ухваліла журы, а ў выніку менш за палову з іх вытрымалі гутарку і прайшлі ў фінальны этап конкурсу.

Сярод канкурсантак, якія з'ехаліся з розных абласцей Беларусі, у гэты раз толькі адна дзяўчына з Брэстчыны. Вольга Грыбоўская прызнаецца, што яе мэта не толькі ў тым, каб стаць «Міс Беларусь 2016». Яна хоча і падзяліцца сваімі поглядамі на жыццё, паглядзець, як ацэняць яе ў краіне. «Вельмі здзіўлена, што сёлета я адна з Брэсцкага рэгіёна, бо раней прадстаўніц з Брэстчыны было больш. Гэта не першы мой конкурс, летась я прадстаўляла нашу краіну на спаборніцтве такога кшталту ў Малайзіі і ўвайшла ў топ-10 сусветных прыгажунь. (Вольга стала фіналісткай «Mіss Tourіsm Queen of the Year Іnternatіonal 2015». — Аўт.) Спадзяюся, што і на радзіме ацэняць мой розум, прыгажосць і багаты ўнутраны свет», — зазначае прыгажуня з Брэста.

Ве­ра­ні­ка Ка­раб­ко — за рэ­аль­ныя ідэа­лы жа­ноц­кас­ці.

Наперадзе ў дзяўчат тры тыдні падрыхтоўкі да фіналу, дзе будуць рэпетыцыі, паказы, фотасесіі і розныя іншыя мерапрыемствы, і так штодня з васьмі раніцы і да позняй ночы. Вытрымаць такі графік — адна справа, а вось сумясціць яго з вучобай ва ўніверсітэце (бо большасць канкурсантак яшчэ вучацца)  — момант не менш важны. Аднак самі фіналісткі адзначаюць, што калі ўжо адважыліся на такі крок, то справяцца з усімі цяжкасцямі. Відаць па ўсім, дзяўчаты настроены рашуча, бо ў адказ на пытанне, ці здольны яны адступіцца ад канкурэнцыі, калі знойдуць тут сабе сябровак, у большасці сваёй... прамаўчалі. Таму толькі час пакажа, наколькі будзе напружанай канкурэнцыя і для каго яна абернецца перамогай. Пра жанчын, якіх лічаць эталонам для сябе, дзяўчаты гаварылі больш ахвотна. Так, Святлана Гарбачова з Віцебска назвала эталонам сучаснай жанчыны пераможцу гэтага конкурсу ў 2008 годзе Вольгу Хіжанкову. «Яна — менавіта тая жанчына, на якую можна і варта раўняцца».

А вось Вераніка Карабко з Нясвіжа выказала іншы погляд:

— Для мяне эталонам прыгажосці і жаноцкасці з'яўляецца мая мама. Менавіта на яе мне заўсёды хацелася быць падобнай...

Разам з тым варта адзначыць, што і самі дзяўчаты павінны быць з «добрай біяграфіяй», бо інакш пра статус самай прыгожай беларускі можна не марыць.

— Што тычыцца рэпутацыі дзяўчат, якія прымаюць удзел у конкурсе, то асаблівую ўвагу з 2008 года мы надаём статусу і іміджу. Усе канкурсанткі праходзяць спецыяльнае анкетаванне, гутарку, правяраем іх старонкі ў сацыяльных сетках, бо гэта не проста конкурс прыгажосці — а выбар эталона беларускай жанчыны, — адзначыла дарэктар Дырэкцыі спецыяльных праектаў тэлеканала АНТ Анжаліна Мікульская.

Конкурс будзе адпавядаць традыцыям мінулых гадоў, аднак тэлеканал АНТ плануе ўнесці і некаторыя карэктывы ў стылістыку, падачу і змест. Так, у фінальным шоу галоўная стаўка зроблена на беларускасць, што будзе падкрэслівацца ў кожным выхадзе фіналістак на сцэну. Арганізатары плануюць, напрыклад, паказаць гісторыю беларускага нацыянальнага касцюма, пачынаючы з Х стагоддзя, прагучыць шмат беларускай музыкі...

Пакуль жа не менш важны этап — падрыхтоўка да таго самага адказнага вечара ў жыцці прэтэндэнтак на карону «Міс Беларусь 2016». Назіраць за развіццём падзей тэлегледачы змогуць з дапамогай «Дзённікаў конкурсу», якія з'явяцца ў эфіры тэлеканала АНТ з 25 красавіка. У гэты ж дзень на сайце канала стартуе галасаванне гледачоў за канкурсантак. Кожны можа аддаць свой голас за кандыдатуру адной з 25 дзяўчат. А па выніках галасавання будзе вызначана «Міс глядацкіх сімпатый». Усе астатнія намінацыі будуць аб'яўлены 6 мая.

drapko@zviazda.by

Фота прадастаўлена прэс-службай АНТ

Загаловак у газеце: Самая прыгожая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.