Вы тут

Падрыхтоўка працягваецца


У верасні Мінск прыме фінал алімпійскай кваліфікацыі сярод хакейных зборных.


У сталіцы згуляюць каманды групы D — гэта зборныя Беларусі, Славеніі, Даніі і Польшчы. Пераможца квартэта атрымае права ўдзельнічаць у зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане.

Адборачны турнір пройдзе з 1 па 4 верасня, але арганізатары ўжо пачалі актыўную падрыхтоўку. Пакуль адны распрацоўвалі білетную праграму, іншыя вялі перамовы з кіраўніцтвам Кантынентальнай хакейнай лігі, бо ў верасні, калі стартуе рэгулярны чэмпіянат КХЛ, галоўнаму трэнеру зборнай Беларусі Дэйву Льюісу, ды і ўсім нам, хацелася б убачыць у складзе нацыянальнай каманды і гульцоў мінскага «Дынама». У сувязі з гэтым «зубры» могуць пачаць сваё выступленне ў наступным чэмпіянаце КХЛ не 22 жніўня, на якое запланаваны старт турніру, а 6 верасня. Федэрацыі хакея Беларусі, Латвіі і Казахстана папрасілі лігу адкласці старт клубаў з гэтых краін з-за выступлення зборных у алімпійскай кваліфікацыі.

Усе матчы групы D пройдуць на «Мінск-Арэне», квіткі на кваліфікацыйныя гульні паступілі ў продаж 31 сакавіка, сёння раскуплена ўжо больш за тысячу білетаў. Адзначым, што спецыяльна для турніру была распрацавана гнуткая білетная праграма, створаны білетныя пакеты, якія, як чакаюць арганізатары, прыцягнуць асаблівую ўвагу заўзятараў. Напрыклад, калі аматары спорту плануюць наведаць усе гульні турніру з удзелам зборнай Беларусі, то, набыўшы адпаведны пакет, на трэці матч яны пойдуць бясплатна. Яшчэ большую выгаду можна атрымаць, купіўшы квіткі на ўсе паядынкі турніру. Тады агульная зніжка будзе раўняцца 50%.

Арганізатары адзначаюць, чакаецца, што на матчы кваліфікацыі прыедуць прыхільнікі хакея з Даніі і Польшчы, яны ўжо выказалі жаданне атрымаць квіткі.

Нагадаем, 9 хакейных зборных ужо атрымалі права выступлення на Алімпіядзе наўпрост, без адбору: 8 лепшых дружын рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея (Канада, Расія, Швецыя, Фінляндыя, ЗША, Чэхія, Швейцарыя, Славакія), а таксама гаспадары турніру — зборная Паўднёвай Карэі.

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.