Вы тут

У Слаўгарадскім парку ёсць алея вёсак, якія знішчыў Чарнобыль


У Слаўгарадскім парку каля царквы журботная алея. На помніках замест прозвішчаў — назвы вёсак. Кульшачы, Крамянка, Кліны, Дабранка — усяго 17 населеных пунктаў. Гэтых вёсак болей няма. У 1986 годзе іх сцёр з зямлі Чарнобыль.


У чор­ным кра­са­ві­ку 1986 го­да  Аляк­санд­ра Пле­ха­ва пра­ца­ва­ла  сак­ра­та­ром Вась­ка­віц­ка­га сель­са­ве­та.

Аляксандра Плехава — адна з тых, хто прымаў удзел у стварэнні гэтай алеі. Сёння яна ўзначальвае ў Слаўгарадскім раёне Васькавіцкі сельсавет, а 30 гадоў таму зусім яшчэ маладой дзяўчынай выконвала тут абавязкі сакратара. І добра памятае той чорны красавік, калі радыеактыўнае воблака накрыла родныя мясціны.

— Гэта быў страшны год, — узгадвае яна. — Частка тэрыторыі раёна — усе населеныя пункты, што пазначаны на помніках, — падлягала адсяленню. Калі выехалі апошнія жыхары, было прынятае рашэнне ўвекавечыць вёскі. Праводзіліся суботнікі, збіраліся сродкі — так з'явілася гэтае месца смутку.

З 16 населеных пунктаў Васькавіцкага сельсавета, якія існавалі на 1 студзеня 1986 года, былі адселены Людкоў, Барсукоўка, Селішча і часткова Гайшын. Тры сельсаветы — Старынскі, Баханскі і Кульшацкі — спынілі сваё існаванне. Жыхароў Кульшацкага сельсавета высялялі ў першую чаргу. У вёсках Пчэльня і Запалянне радыяцыя зашкальвала. Усё, што засталося ад Кульшацкага сельсавета, далучылі да Васькавіцкага.

— Панікі не было, людзі яшчэ не адчувалі той небяспекі, якая існавала. Першымі з'ехалі тыя, хто меў малых дзяцей і быў родам з іншых раёнаў. Нехта перасяліўся ў Расію, нехта ва Украіну, — сведчыць Плехава.

Гайшын быў цэнтрам калгаса імя Леніна — моцнай па тых часах гаспадаркі. Але хутка ад яе нічога не засталося. Забруджанасць тэрыторыі гэтага населенага пункта дасягала 15 Кюры на квадратны кіламетр, людзей пачалі адсяляць. Сем'і атрымлівалі жыллё ў Бабруйску, Магілёве, нават Мінску. Нечакана адсяленне прыпынілася, Гайшын рэабілітавалі і нават пачалі будаваць новыя дамы. Потым (таксама раптоўна) будаўніцтва спынілі і вёска зноў трапіла ў спіс забароненых для пражывання. Другая па ліку рэабілітацыя адбылася ў 1996 годзе. Але за 20 апошніх гадоў колькасць насельніцтва не дасягнула таго ўзроўню, што было да Чарнобыля — 500 чалавек. Сёння тут усяго 90 жыхароў.

Мі­ка­лай Лу­гаў­цоў бу­да­ваў да­мы,  якія так і не бы­лі за­се­ле­ны.

Метамарфозы з вёскамі, калі яны прызнаваліся непрыдатнымі для пражывання, а потым нечакана станавіліся «чыстымі», адбываліся не толькі з Гайшыном. Слаўгарадчанін Мікалай Лугаўцоў, які працаваў у слаўгарадскай ПМК №274 спачатку прарабам, а потым галоўным інжынерам, узгадвае:

— У хуткім часе пасля таго, як усё здарылася, пачалася рэабілітацыя вёсак. Кульшачы, Кулікоўка і іншыя, якія падвергліся высокаму забруджванню радыенуклідамі, зноў сталі адраджацца. Там разгарнулася вялікае будаўніцтва. У Пчэльні Кульшацкага сельсавета наша ПМК будавала могільнік радыяцыйных адходаў. У вёсках, дзе ўзровень забруджвання тэрыторыі быў высокі, здымалі грунт і звозілі сюды разам са старымі будынкамі. Замест іх будавалі новыя — клубы, школы, жылыя дамы. Нам дапамагалі будаўнікі з Брэста, Гродна. А праз гады 2-3 высветлілася, што жыць там нельга. Зноў пачалі высяляць людзей, а вёскі хаваць.

Мікалай Лугаўцоў з горыччу расказвае пра тое, што будаўнікі працавалі без усякіх перасцярог, ім не казалі пра ўзровень радыяцыі. Цяпер нават страшна ўявіць сабе гэтыя лічбы. Шмат хто з тых, хто працаваў на могільніку ў Пчэльні, ужо пайшоў з жыцця. Хоць на той момант яны былі яшчэ зусім маладымі людзьмі.

Алея смут­ку.

Слаўгарадскі раён паступова адраджаецца, але на месцы пахаваных вёсак па-ранейшаму цішыня. Галасы там раздаюцца толькі адзін раз на год, на Радаўніцу.

— У адселеных вёсках засталіся помнікі і воінскія пахаванні, — кажа Аляксандра Плехава. — Напярэдадні Радаўніцы мы наведваем іх і прыбіраем. Людзей па-ранейшаму цягне ў родныя мясціны. У гэты дзень сюды пускаюць без спецыяльных пропускаў. І яны спяшаюцца да магіл сваіх продкаў.

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ад вёсак засталіся толькі назвы...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.