Вы тут

Віктар Гумінскі: «Мы за дзень пасадзім 12 тысяч дрэў!»


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел у добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу — 2016», якая праводзіцца з 2 па 9 красавіка пад патранажам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства праходзіла ў Задор'еўскім лясніцтве Лагойскага лясгаса. Тут любы ахвочы можа пасадзіць дрэва, закласці дэндрапарк, уласнаручна стварыць алею або проста дапамагчы навесці парадак у лесе.


«Каля 40 працэнтаў тэрыторыі нашай краіны займаюць лясы. Беларусы павінны клапаціцца пра гэтае багацце і не толькі яго берагчы, але і памнажаць. Менавіта ў гэтым і заключаецца галоўная мэта такой акцыі, — адзначыў Віктар ГУМІНСКІ, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. — Дэпутаты парламента заўсёды адгукаюцца на заклікі Міністэрства лясной гаспадаркі, і вось ужо восьмы год запар мы прымаем удзел у гэтым мерапрыемстве. Вельмі прыемна бачыць плён сваёй працы: дрэвы, якія дэпутаты пасадзілі тут у 2009 годзе, ужо вышэйшыя за нас. Кажуць, што за жыццё чалавек павінен пасадзіць хаця б адно дрэва — мы ж за дзень пасадзім каля 12 тысяч!»

Сёлета акцыя прысвечана 30-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Добраахвотнікі высаджваюць дрэвы ў гонар удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы. Плануецца правесці памятныя пасадкі сквераў і алей, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторый мемарыяльных комплексаў.

«Акцыя «Тыдзень лесу» была ўпершыню праведзена ў 1924 годзе — гэтую інфармацыю мы знайшлі ў архівах Міністэрства лясной гаспадаркі, — паведаміў Аляксандр КУЛІК, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. — Некалькі гадоў яна паспяхова ажыццяўлялася, аднак пасля гэтага праводзіцца перастала. У 2007 годзе мы адрадзілі мерапрыемства, якое стала цяпер ужо традыцыйным. Сімвалічна, што сёння дрэвы саджаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, бо менавіта сёлета стаў паўнавартасна працаваць Лясны кодэкс — дакумент, у якім улічаны ўсе пытанні жыццядзейнасці лесу».

У гэтым годзе ў акцыі «Тыдзень лесу — 2016» возьмуць удзел каля 80 тысяч чалавек. Штогод дзякуючы гэтаму мерапрыемству ствараецца 24 тысячы гектараў лясных культур — па 5 тысяч дрэў на адзін гектар. «Гэта сведчыць пра тое, што лес у нас не толькі высякаецца, але і стабільна аднаўляецца», — дадаў першы намеснік міністра.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.