Вы тут

Удзел кожнага будзе ўлічаны пры распрацоўцы праграмы развіцця краіны


Пра гэта паведаміў Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па распрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.


— Дзейнасць групы будзе насіць адкрыты характар, — падкрэсліў спікер верхняй палаты беларускага парламента. Мы ўжо пачалі адпаведную работу: у сакратарыяце Савета Рэспублікі адкрылі прамую лінію сувязі, на якую могуць звярнуцца ўсе ахвотныя.

Міжведамасная рабочая група па распрацоўцы праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады была створана па даручэнні Прэзідэнта і мусіць да 15 красавіка падрыхтаваць праект асноўных палажэнняў праграмы. Для таго, каб праца была больш эфектыўнай, у групе арганізавана чатыры секцыі: макраэканоміка, фінансы і грашова-крэдытная палітыка; інавацыйнае развіццё; матэрыяльная вытворчасць; сацыяльная палітыка.

«Трэба прымаць рашэнні зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў. У першую чаргу ў сферы матэрыяльнай вытворчасці», — лічыць парламентарый. А калі будзе эфектыўна працаваць рэальны сектар эканомікі, тады будзе і годны ўзровень заробкаў і пенсій, сродкі на ахову здароўя і сацыяльныя праграмы ў цэлым. Але зараз, на думку сенатара, у праграме шмат агульных слоў і мала канкрэтных лічбаў, няма рэгіянальнага зрэзу па паказчыках:

— Краіна павінна бачыць рубяжы 2020 года ў канкрэтных лічбах, а не толькі ў прыгожых тэзісах. Трэба разлічыць тэндэнцыі развіцця, якая будзе структура эканомікі, а менавіта арыенціры для апрацоўчай прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, будаўнічай галіны, якая іх удзельная вага ў валавым унутраным прадукце, якім чакаецца жыццёвы і пенсійны ўзровень грамадзян на канец пяцігодкі, як будзе забяспечвацца занятасць працаздольнага насельніцтва.

Па словах намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя КРУТОГА, у бліжэйшую пяцігодку эканоміка нашай краіны «захавае сваю сацыяльную арыентацыю». «Рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва будзе прадвызначацца дынамікай ВУП, прадукцыйнасцю працы і складзе не менш як 110% за пяцігоддзе», — заявіў ён. Дапрацаваным праектам праграмы прадугледжваецца рост ВУП на 0,3% і рост эканомікі Беларусі на 10,1%, што ў 1,7 раза вышэй, чым у мінулыя пяць гадоў.

Прапановы па праекце праграмы прымаюцца па тэлефоне 8-017-327-25-68. Па ім паведамленні можна рабіць у працоўныя дні з 10.00 да 20.00, па суботах — з 10.00 да 15.00. Таксама на сайце Савета Рэспублікі будзе пазначаны адрас электроннай пошты, на які можна будзе накіраваць ліст з ідэямі па развіцці краіны.

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.