Вы тут

Жыхары другіх паверхаў не будуць плаціць за ліфт


Наша чарговая заяўніца, што звярнулася з пытаннем на «гарачую лінію» газеты, пражывае ў Жодзіне ў дзевяціпавярховым доме, у якім ёсць ліфт. Але, паколькі кватэра чытачкі знаходзіцца на другім паверсе, патрэбы ў ім сям'я не мае.


Больш за тое, усе насельнікі паверха колькі часу таму напісалі на імя старшыні кааператыва заявы наконт адключэння ліфта. Кнопку выкліку ў выніку заблакіравалі, так што карыстацца ім жыхары не могуць апрыёры, нават калі б і хацелі — ліфт не спыняецца на паверсе. У рэдакцыю жанчына звярнулася з просьбай удакладніць такі момант. «Пасля адключэння ліфта грошы за спажыванне электрычнасці ім з нас перасталі браць. А вось за тэхнічнае абслугоўванне працягваюць налічваць. Маўляў, гэта агульная маёмасць. Ці правільна гэта?»

Па каментарыі мы звярнуліся да старшыні жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва №32 «Лясны» г. Жодзіна Віктара Глазко. Суразмоўца патлумачыў, што нядаўна, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31.12.2015 года №535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг», у падобных сітуацыях, сапраўды, за электразабеспячэнне ліфта грошы не бралі, але за яго тэхнічнае абслугоўванне плацілі ўсе.

— Згодна з пастановай Савета Міністраў №233 ад 23.03.2016 года, цяпер тыя, хто пражывае ў кватэрах, размешчаных на другіх паверхах шматкватэрных жылых дамоў, не будуць плаціць ні за электраэнергію для ліфта, ні за яго тэхнічнае абслугоўванне, — распавёў Віктар Адамавіч. — Будзе зроблены пераразлік, і раней унесеныя грошы вернуць жыльцам. Яны змогуць адсачыць гэта па «жыроўках», якія атрымаюць у красавіку.

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: За тэхнічнае абслугоўванне ліфта зробяць пераразлік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.